Арцём Мілеўскі: «Бацька быў супраць, каб я гуляў за Ўкраіну. У Кіеве ўсе былі ў шоку»
Ураджэнец Мінска, экс-гулец кіеўскага «Дынама» Арцём Мілеўскі ўспомніў пра тое, як атрымаў грамадзянства Украіны.
– Як вы патрапілі ў «Дынама» Кіеў?
– Калі я выступаў за Беларусь на юнацкім турніры, мяне заўважыў [трэнер зборнай Украіны U-21] Павел Якавенка.
Мы тады ў паўфінале прайгралі Украіне з лікам 0:7, але я стаў найлепшым бамбардзірам турніру. Ужо калі мы былі дома, бацьку патэлефанаваў Якавенка і сказаў, што ў маіх паслугах зацікаўленае «Дынама».
У гэты ж час мяне клікаў «Спартак», але я не пагадзіўся, сказаў бацьку: «Дынама» – гэта «Дынама». Я хачу туды».
Праз некалькі дзён я з татам і першым трэнерам прыехаў у Кіеў, дзе нас сустракаў на чыгуначным вакзале Павел Якавенка. Ён павёз нас на базу, і я заўважыў, што ў ягонай машыне ляжыць бургер з McDonald's. А я з дарогі такі галодны быў, гляджу і слінкі цякуць.
– Дык гэта ён вам узяў?
– Не, сам з'еў. Ён на вакзал прыехаў і не паспеў паснедаць проста. Потым мы прыехалі на базу, паразмаўлялі з кіраўніцтвам, і тата з першым трэнерам з'ехалі дадому, а я застаўся тут.
Ратавала тое, што я быў не адзін. Нас было каля 25 хлопцаў з усёй Украіны, нават з Беларусі і Абхазіі былі.
– За вас тады была сапраўдная вайна паміж ФФУ і АБФФ. Як удалося вырашыць пытанне з натуралізацыяй?
– Калі нас толькі прывезлі ў Кіеў, там былі яшчэ хлопцы з Беларусі, мы адразу пагадзіліся атрымаць украінскія пашпарты.
Потым прыязджаю ў водпуск, і бацька мне кажа: «Ні за якую Украіну ты не будзеш гуляць! Будзеш выступаць за Беларусь!» Я вярнуўся ў Кіеў, кажу: «Адбой, бацька забараняе». Усе ў шоку.
Праз сем месяцаў я і Якавенка паляцелі да майго таты на чартары. Мае бацькі накрылі стол і пачалі размаўляць з Якавенкам, а я пайшоў на вуліцу, каб гэтага не чуць. Не ведаю, пра што яны там казалі, але ўрэшце ўсё вырашылі і бацька паставіў подпіс на дакументах.
– З АБФФ на вас ціснулі?
– Мы сустракаліся з прэзідэнтам АБФФ Генадзем Нявыгласам, ён нас запрашаў, але ні да якой згоды мы не прыйшлі. Мы ўжо прынялі рашэнне, што я буду выступаць за Украіну, – сказаў Мілеўскі.