Усе навіны

«Энергетык-БДУ» павiнен атрымаць мінімум 269 тысяч еўра за трансфер Хусанава ў «Манчэстэр Сіці» з «Ланса»

20 студзеня, 21:41

Экс-гулец беларускага «Энергетыка-БДУ» Абдукадыр Хусанаў перайшоў у «Манчэстэр Сіці» з «Ланса».

Падрабязная статыстыка Хусанава, як і сотняў іншых гульцоў топ-ліг, даступная ў яго тэгу на Tribuna.com па спасылцы.

Кошт трансферу афіцыйна не паведамляецца, аднак італьянскі інсайдэр Фабрыцыа Рамана заяўляў, што фіксаваная сума – 40 мільёнаў еўра.

Такім чынам, «Энергетык-БДУ» павінен атрымаць 269 тысяч еўра па механізме выплат салідарнасці ФІФА.

На такія выплаты накіроўваецца сума, роўная 5% ад цаны трансферу. Розныя долі ад гэтай сумы накіроўваюцца клубам, дзе гулец значыўся ў каляндарныя гады, у якія яму спаўнялася ад 12 да 23 гадоў. Пры знаходжанні ў клубе менш за поўны год доля разлічваецца прапарцыйна.

Хусанаў быў зарэгістраваны ў «Энергетыку-БДУ» з 17 сакавіка 2022-га па 20 ліпеня 2023-га – у гады, калі яму спаўнялася 18 і 19 гадоў. За гэтыя гады клубу належыць па 10% ад 5% кошту сумы. Падлік з улікам таго, якія часткі 2022 і 2023 гадоў Хусанаў правёў у «студэнтаў», дае суму ў 269 тысяч еўра.

Пры гэтым французскі інсайдэр Фабрыс Хокінс сцвярджаў, што з бонусамі кошт трансферу Хусанава можа скласці 50 мільёнаў еўра. У такіх умовах належная «Энергетыку-БДУ» сума можа вырасці да 336,3 тысячы еўра.