Наско пра адмену збораў «МЛ Віцебск» на Кіпры: «Патлумачылі, маўляў, каб ва ўсіх удзельнікаў вышэйшай лігі былі роўныя ўмовы»
28-гадовы паўабаронца «МЛ Віцебск» Аляксей Наско пракаментаваў адмену перадсезоннага збору каманды на Кіпры.
Нагадаем, што раней «Трыбуна» паведамляла, што міністр спорту Лукашэнкі Сяргей Кавальчук адмяніў свой дазвол «МЛ Віцебску» правесці зборы па-за Беларуссю.
– Чаму сарвалася паездка на Кіпр? Здавалася, на прыватныя праекты гэтая забарона замежных збораў не распаўсюджваецца.
– Патлумачылі, што, маўляў, з-за таго, каб ва ўсіх удзельнікаў вышэйшай лігі былі роўныя ўмовы для падрыхтоўкі да сезону. Але хто нам праўду скажа? А так усе спадзяваліся на гэта. Усё ўжо гатова да гэтага было – візы, іншыя дакументы.
– Моцна знерваваліся?
– Вельмі. У мяне да гэтага тры гады запар - з «Мактааралам», «Бунедкорам» і «Сагдыянай» – падрыхтоўка да сезону была на турэцкіх зборах. А тут такое… Гэта нават параўноўваць нельга: зусім розны ўзровень спарынгаў, – сказаў Наско.