Форвард «МЛ Віцебск» Казлоўскі пра разгром брэсцкага «Дынама»: «Гульня была цяжкая і энергазатратная»
Нападнік «МЛ Віцебск» Дзяніс Казлоўскі, які адзначыўся покерам у сённяшнім спарынгу супраць брэсцкага «Дынама» (6:0), пракаментаваў вынік сустрэчы.
– Які з тваіх чатырох сённяшніх галоў быў самым складаным?
– Простых галоў – дакладна не было. Сёння гульня была цяжкая, энергазатратная. Усе галы былі няпростыя і камандныя, не вылучу нейкі адзін.
– Ты мог забіць яшчэ адзін гол, але на шляху ўстаў Руслан Лісаковіч. Засмучаны?
– Яму таксама трэба было забіць. Ён мне добрую перадачу даў. Таму добра, што так атрымалася. Рады, што ён таксама змог вызначыцца сёння.
– Ужо праз тыдзень – кубкавы матч з «Белшынай». Вашы чаканні?
– Мы хочам выйграць, прайсці далей. Думаю, будзе вясновы футбол і цяжкае поле. Супернік таксама будзе біцца да апошняга, чакаю, што ў бабруйчан будзе добрая каманда. Будзе няпроста.
Сённяшнюю гульню трэба забываць. Самае галоўнае – у кубкавых паядынках здабыць перамогу. Хто будзе забіваць галы – усё роўна. Галоўнае прайсці далей.
Мы ўсе засумавалі па хатніх гульнях, таму чакаем заўзятараў з нецярпеннем. Спадзяюся, яны таксама чакаюць нас у Віцебску. Магчыма, хтосьці і ў Бабруйск зможа прыехаць, усім будзем рады, – сказаў Казлоўскі.