Усе навіны

Паўабаронца «Арсенала» Ішуцін: «З матчу ў матч усё лепшая згулянасць каманды, больш паразумення ў нейкіх эпізодах»

26 лютага, 18:28

Паўабаронца «Арсенала» Андрэй Ішуцін пракаментаваў нічыю ў таварыскім матчы са «Смаргонню» (0:0).

— Пракаментуй матч. Трэнер сказаў, што ён атрымаўся шчыльным і інтэнсіўным па руху.

— Датычна руху ў матчы, то прарабілі добры аб’ём і былі хуткасныя адрэзкі, калі ўключаліся, у гэтым плане так. Матч быў добры, але зноў не ўдалося рэалізаваць моманты ў нападзе, як хацелася б. У гэтым аспекце нам трэба дадаваць: рэалізацыя момантаў, стварэнне іх і стрыманасць на чужой палове поля.

— Як ацэньваеш згулянасць каманды?

— З матчу ў матч усё лепш, больш паразумення, узаемазаменнасці ў нейкіх эпізодах. Яшчэ ёсць куды імкнуцца, і балазе ёсць час да пачатку чэмпіянату, дзе гэта можна падтачыць.

— Каманду «атакуюць» хваробы. Ты адзін з тых, хто трымаецца. Шмат ясі часныку?

— Па неабходнасці, калі адчуваю, што трэба з’есці, то ем. А так не люблю дакранацца гэтых тэм, таму што нейкая забабоннасць ёсць у гэтым плане, баюся сурочыць, таму добра, што пакуль усё так складаецца, што ў мяне не было пропускаў.

— Другі збор фізічна прасцей за першы?

— Трохі іншай скіраванасці. Першы закладваў нам базу фізічнай падрыхтоўкі — шмат было аэробнага бегу. Другі збор больш тактыка-тэхнічны, і ў гэтым плане ён лягчэйшы, — сказаў Ішуцін.