Камароўскі пра тэхпаразу «Іслачы»: «Брамніка можна мяняць пры немагчымасці працягу матча – пра траўму і слова няма. Суддзя ўзмацніў нашу ўпэўненасць»
Трэнер «Іслачы» Дзмітрый Камароўскі пракаментаваў замену варатара Аляксандра Свірскага ў чвэрцьфінальным матчы Кубка Беларусі «Іслач» – «Нёман» (0:0, 2:4 пен.).
Нагадаем, Свірскага замянілі пасля гульнявога часу, на што мелі права толькі ў выпадку няздольнасці варатара прадоўжыць матч. «Іслач» спрабавала даказаць, што ў кіпера была траўма, аднак КДК АБФФ вырашыў, што клуб хлусіць, і прысудзіў яму тэхнічную паразу. Таксама былі прызнаныя «няправільныя тлумачэнні з боку рэзервовага суддзі» Кірыла Апановіча, аднак КДК заявіў, што яны «не здымаюць адказнасць з афіцыйных асоб клубаў за выкананне правілаў допуску футбалістаў да матчу і легітымнасці правядзення замен».
– Даведкі [пра здароўе Свірскага] я дакладна не прыносіў і ні на якія пратэсты нікога не агітаваў. Больш за тое, з павагай да гродзенскіх хлопцаў, большасць з якіх – практычна мае равеснікі. Яны ў такім рэжыме адыгралі столькі матчаў, і дастаткова якасна, і на футбольным полі нас абыгралі.
Падаць пратэст – гэта было чыста рашэнне кіраўніцтва. Але я не бачу тут нейкіх супярэчнасцей. Чаму клуб не мае права абараняць свае інтарэсы?
Што тычыцца легітымнасці замены, я і цяпер упэўнены, што наша замена была правільнай. Прынамсі, мы ў гэтым былі ўпэўненыя. Перапыталі ў рэзервовага суддзі, ён сказаў, што мы можам праводзіць замену і па траўме, і без траўмы. Тым самым узмацніўшы нашу ўпэўненасць у тым, што яна легітымная.
Клуб падаў пратэст. Усё ж проста. Там ужо няхай разбіраюцца кампетэнтныя органы. На сённяшні момант, пакуль не прачытаў гэтую апеляцыю, думаў, што замена правільная, брамніка можна мяняць пры немагчымасці працягу матча – і нават пра траўму ніякага слова там няма, – сказаў Камароўскі.