БТРК патлумачыла непаказ 1-га тура ЧБ «непрыдатнымі» стадыёнамі і тым, што АБФФ не паставіла матчы на 17:00 у чацвер і пятніцу
На тэлеканале «Беларусь 5» растлумачылі, чаму не трансліравалі паядынкі стартавага тура футбольнага чэмпіянату.
«Да 1 траўня камандам вышэйшай лігі дазволена праводзіць матчы на палях са штучным пакрыццём. Для тэлебачання гэты пункт рэгламенту трактуецца так: да 1 траўня многія каманды гуляюць на непрыдатных для ТБ-паказу стадыёнах. За прыкладам далёка не ходзім – і разглядаем стартавы тур чэмпіянату.
«Гомель» прымае «Тарпеда-БелАЗ» на арэне першалігавага «Лакаматыва» – ТБ-паказ тэхнічна немагчымы. «Нёман» гуляе з «Маладзечна» на запасной арэне мясцовага ЦСК – гэты стадыён не прыстасаваны для якасных тэлетрансляцый. «Арсенал» запланаваў мерацца амбіцыямі з брэсцкім «Дынама» на «Сямашка-Арэне» [на стадыёне РЦАР-БДУ]. Адтуль БТРК ні разу не праводзіла трансляцыі – самі можаце меркаваць, чаму. Чэмпіён краіны «Дынама» перабірацца ў цэнтр сталіцы пакуль не плануе і туліцца на ўскраіне Мінска – на арэне «Дынама-Юні»: ТБ-паказ немагчымы – і, як паказала дэталёвае абследаванне арэны, небяспечны для здароўя аператараў і тэхнічнага персаналу. Менавіта сюды ў стартавым туры завітала «Смаргонь». «Слуцк» пайшоў яшчэ далей і гуляў з дэбютантам «вышкі» віцебскім «МЛ» на легендарнай арэне мясцовага дзяржкаледжа. Хто быў там – усё зразумее.
У выніку больш-менш прыдатнымі для паказу ў першым туры засталіся тры паядынкі: [чацвярговы] «Мінск» – «Нафтан» і [пятнічны] «Іслач» – «Славія» з Маякоўкі, а таксама [суботні] «Віцебск» – БАТЭ з ужо «прыстралянага» тэлевізіёншчыкамі штучнага поля мясцовага ЦСК. Менавіта сталічныя гульні і былі прапанаваныя тэлеканалам «Беларусь 5» Дому футбола для паказу ў прамым эфіры. Час для трансляцый [у чацвер і пятніцу] быў абраны [БТРК] 17:00. Цалкам вытлумачальна: паралельным курсам 13 сакавіка ў 19:00 у Чарапаўцы білася за месцы пад сонцам у плэй-оф КХЛ мінскае «Дынама». А 14 сакавіка ў 19:30 мог здарыцца вырашальны паядынак плэй-оф роднага хакейнага чэмпіянату паміж «Гомелем» і «Металургам». Аналагічная сітуацыя і ў суботу, дзе ў 17:00 планаваўся вырашальны паядынак плэй-оф Экстралігі паміж «Нёманам» і «Дынама-Маладзечна». Выбар на карысць хакея відавочны яшчэ і таму, што ў міжнародных турнірах БТРК бярэ на сябе пэўныя кантрактныя абавязацельствы па паказе.
Аднак БФФ прыняла рашэнне пакінуць расклад стартавага тура без змен – і прызначыла вышэйзгаданыя матчы на 19:00 [у чацвер і пятніцу] і 17:00 [у суботу] адпаведна, – заявілі ў праграме «На грани фола».