Усе навіны

Трэнер зборнай Беларусі U-21 Алейнікаў: «Пасля заканчэння кар'еры ў многіх футбалістаў паўстае пытанне – а кім працаваць далей?»

19 сакавіка, 10:10

Асістэнт Віталя Паўлава ў штабе зборнай Беларусі U-21 Анатоль Алейнікаў успомніў аб сваёй кар'еры.

– Менавіта ў часы сваёй гульнявой кар'еры вы пазнаёміліся з Віталём Паўлавым. Калі гэта адбылося?

– Атрымалася так, што Анатоль Усенка прапанаваў нам варыянт паспрабаваць свае сілы ў Балгарыі. Тады мы яшчэ не былі знаёмы. Мы разам гулялі за клуб «Арда». Калі не памыляюся, гэты клуб зараз гуляе ў вышэйшым дывізіёне, а тады выступаў у трэцяй лізе, хоць і планы ва ўладальнікаў былі амбіцыйныя. Пазнаёміліся мы ўжо непасрэдна ў Балгарыі, нейкі час былі аднаклубнікамі, і з тых часоў, на працягу больш за 30 гадоў і працягваецца наша сяброўства. Працавалі да зборных разам і на трэнерскай ніве – у тандэме трэніравалі дублёраў МТЗ-РІПА.

– Вы скончылі кар'еру ў 29 гадоў, а трэнерскую пачалі толькі ў 37. З чым быў звязаны такі перапынак?

– З тым, што я не мог вызначыцца, чым хачу займацца. Пасля заканчэння кар'еры ў многіх футбалістаў паўстае пытанне – а кім працаваць далей? Вось і я шукаў сябе, перакаштаваў некалькі варыянтаў, нейкі час працаваў у БФСТ «Дынама». А затым адзін з маіх былых сяброў прапанаваў пайсці ў СДЮШАР-5 – там як раз працаваў Анатоль Бага, бацька тых самых вядомых братоў, Аляксея і Дзмітрыя. Я прыйшоў у гэтую школу, мне далі магчымасць трэніраваць дзяцей, і з гэтага пачалася мая трэнерская кар'ера. За гэты час, можна сказаць, я, як трэнер, мінуў усе прыступкі ад дзіцячага футбола да дарослага.

– У чым розніца паміж Алейнікавым-трэнерам і Алейнікавым-футбалістам?

– Як трэнер я патрабую ад футбалістаў таго, чаго, магчыма, у свой час не хапіла мне. Прафесіянал павінен выходзіць на поле з максімальнай самааддачай, жаданнем гуляць у футбол. Што тычыцца юнацкага футбола, то мае патрабаванні простыя – можа нешта не атрымлівацца ў тэхнічным плане, ніхто не застрахаваны ад памылак. Але калі гулец з разу ў раз не спрабуе выправіць гэтую памылку – нажаль, ён ці наўрад зможа дамагчыся шматлікага. І я заўсёды акцэнтую на гэтым увагу – сапраўдны прафесіянал вучыцца нечаму новаму на працягу ўсёй сваёй кар'еры, – адзначыў Алейнікаў.