Усе навіны

У Бабруйску з малатка прадаюць арыштаваную нерухомасць «Белшыны»

20 сакавіка, 13:49

У Бабруйску на анлайн-пляцоўцы «БелЮрЗабеспячэнне» з малатка прадаюць арыштаваную нерухомасць «Белшыны», паведамляе «Зеркало».

На аўкцыён выставілі два гандлёвыя памяшканні плошчай 363,2 м² і 488 м². Стартавая цана аднаго 289 тысяч рублёў, а другога – 515 тысяч. У аб'явах клуб паказалі як даўжніка.

Абодва памяшканні зараз арандуюцца, і на іх накладзены арышт.

Футбольны клуб атрымаў гандлёвыя памяшканні па рашэнні выканкама Лукашэнкі па Бабруйску ў 2014 годзе – без права ўласнасці. Такая перадача можа быць платнай ці бязвыплатнай.

Адзначым, што ў кастрычніку 2024 года начальнік дэпартамента ліцэнзавання АБФФ Андрэй Мішаеў заявіў, што ў «Белшыны» «ёсць даўгі перад АБФФ, сума якіх назапашвалася некалькі гадоў». Па дадзеных Tribuna.com, сёння клубу ўдалося паспяхова вырашыць гэтую сітуацыю.

Нагадаем, што ў сакавіку 2025-га стала вядома, што «Белшына» змяніла юрыдычную асобу. З камунальнага унітарнага прадпрыемства яна ператварылася ў дзяржаўную ўстанову.

У мінулым сезоне «Белшына» заняла чацвёртае месца ў турнірнай табліцы Першай лігі, набраўшы 69 ачкоў.