Усе навіны

Менеджар АБФФ Мішаеў: «За парушэнні па ліцэнзаванні ў Д2 вырашана здымаць балы, а не штрафаваць – з фінансамі ў лізе складана»

21 сакавіка, 10:25

Начальнік дэпартамента ліцэнзавання АБФФ Андрэй Мішаеў распавёў пра асаблівасці правядзення першай лігі.

– «Лакаматыў» па-ранейшаму не з'яўляецца чальцом АБФФ. Гэта дадатковая праблема для вашага дэпартамента?

– «Лакаматыў» – гэта не футбольны клуб. Ёсць культурна-спартыўны комплекс Гомельскага аддзялення Беларускай чыгункі, у які ўваходзяць футбольная і міні-футбольная каманды. У іх па штатным раскладзе можа быць пэўная колькасць футбалістаў і трэнераў. Але па патрабаванні Федэрацыі ў клубе неабходныя і спецыяліст па пытаннях бяспекі, і ўрач, і масажыст. У «Лакаматыве» ў гэтых адносінах існуюць абмежаванні. Таму падрыхтоўка дакументаў і працэс ліцэнзавання яму даецца цяжка. У выніку «Лакаматыву», як і іншым клубам, устаноўлены тэрміны, за якія неабходна ліквідаваць недахопы.

– Якія яны па працягласці?

– Некаторыя пытанні трэба закрыць да пачатку чэмпіянату, некаторыя – да канца сезона. Напрыклад, калі ў памочніка галоўнага трэнера няма патрабаванай трэнерскай ліцэнзіі, значыць, у бліжэйшы час яго павінны накіраваць на курсы для яе атрымання. Калі тэрміны будуць парушацца, то камітэт будзе караць здыманнем ачкоў. Гэта значыць вырашана не штрафаваць, таму што ў першай лізе з фінансамі складана, а менавіта здымаць турнірныя балы, – сказаў Мішаеў.