Беларускі брамнік сістэмы «Генка» Мацюкоў: «Нядаўна трэніраваўся з другой камандай, канкурэнцыя шалёная, але спадзяюся застацца»
Беларускі брамнік Платон Мацюкоў распавёў пра тое, як патрапіў у сістэму «Генка».
«З'явіўся варыянт прыехаць у Генк проста на вучобу. Агент сказаў, што гэта адзіны спосаб патрапіць у клуб. «Калі цябе не заўважаюць, як мінімум трэба быць у горадзе, каб ім было лягчэй цябе запрасіць». І я з кастрычніка пачаў там вучыцца, пасяліўся ў інтэрнаце. Неўзабаве мяне запрасілі на трэніроўкі ў «Ёнг Генк», камандзе U-23, якая выступае ў другім дывізіёне. Папрацаваў на трох занятках, сказалі, што ўсё добра, але вакансіяў няма. Пры гэтым паабяцалі: калі будуць траўмы ці хваробы варатароў, то мяне выклічуць, бо жыву ў гэтым горадзе і экстрана запрасіць мяне нескладана. Да лютага проста вучыўся і трэніраваўся самастойна. І ў адзін цудоўны вечар раздаўся званок. Агент сказаў, што «Генк» запрашае мяне ў каманду да 18 гадоў да канца сезона – з-за траўмаў у страі застаўся толькі адзін брамнік, і ў яго не было нават дублёра. І ўсё: я пачаў кожны дзень трэніравацца, потым згуляў у таварыскім матчы з камандай з Даніі. У пачатку сакавіка была і першая афіцыйная гульня ў лізе U-18. Першы брамнік захварэў, і мне даверылі месца ў аснове ў матчы з «Шарлеруа». Атрымалася даволі паспяхова – 3:0.
Нядаўна трэніраваўся з другой камандай, з першай жа яшчэ няма. Пакуль гэта далёка для мяне. У «Генце» шалёная канкурэнцыя сярод брамнікаў. Перада мной, калі палічыць, шасцёра. Першая каманда ў Бельгіі – «Фран Бора» – дала мне вельмі шмат у плане дарослага футбола, але ў частцы самой структуры гульні, напэўна, я толькі пачынаю сваё развіццё. Паглядзім, як будзе далей. Я знаёмы з трэнерам другой каманды і ведаю, што гэтым летам яе пакідаюць два варатары, якім 21 год, ім ужо час пераходзіць на дарослы ўзровень. Таксама галкіпер галоўнай каманды Майк Пэндэрс пераязджае ў лонданскі «Чэлсі». Напэўна ў асноўны склад запросяць кагосьці з гульцоў малодшых узростаў, утвараюцца вакансіі ў другім складзе. І я спадзяюся, што ўлетку ў мяне з'явіцца шанц застацца», – сказаў Мацюкоў.