Карлас Алос: «Вельмі паважаю Сантуша – гэта надае дадатковы інтарэс і стымул, каб перамагчы Азербайджан»
Іспанскі галоўны трэнер зборнай Беларусі Карлас Алос перад матчам супраць зборнай Азербайджана падзяліўся меркаваннем аб партугальскім галоўным трэнеры саперніка Фернанду Сантушэ.
Спарынг з Азербайджанам пройдзе 25 сакавіка ў Баку. Гульня пачнецца ў 20.45.
–- Суперніка трэніруе Фернанду Сантуш – знакавая для еўрапейскага футбола фігура. Зразумела, што мы не гаворым пра гульні зборных Партугаліі ці Грэцыі, але ці можам у матчах зборнай Азербайджана вылучыць нейкі яго почырк ад якога нам можна будзе адштурхнуцца?
– У першую чаргу трэба адзначыць, што мы з вялікай павагай ставімся да суперніка, а Фернанду Сантуш – топ-трэнер, які папрацаваў у зборных Партугаліі, Грэцыі, у многіх іншых месцах, але нейкую адну мадэль прасачыць цяжка. У «Бенфіцы», «Порту», зборнай Партугаліі ў яго быў розны падбор гульцоў, таму складана вылучыць нейкі адзін малюнак гульні. Добры спецыяліст, якога я вельмі паважаю і гэты фактар надае дадатковую цікавасць і стымул, каб перамагчы добрую каманду, якую ўзначальвае добры трэнер.
– У зборнай Азербайджана складваецца няпростая сітуацыя, асабліва пасля матчу супраць Гаіці, ціск на каманду ідзе вар'яцкі з улікам вынікаў у мінулай Лізе нацый. Ці можна казаць, што нашая зборная падыходзіць да гульні ў найлепшым псіхалагічным стане?
– У футболе такія моманты вельмі хутка мяняюцца і ціск з'яўляецца вельмі хутка, варта толькі прайграць. Сказаць адназначна, што супернік пад большым ціскам, чым мы не магу. Мы з павагай ставімся да заўтрашняга апанента. Не так даўно Беларусь тут гуляла ў рамках Лігі нацый і ўступіла 0:2. Таму мы разумеем, што матч і супернік будуць няпростыя. Нам, як я казаў раней, трэба паспрабаваць дамагчыся перамогі і паглядзець гульцоў перад стартам афіцыйных матчаў. Мы хочам перамагчы, захаваць гэтую добрую атмасферу ў камандзе, але ў футболе ўсё можа вельмі хутка змяніцца, таму сцвярджаць, што нехта знаходзіцца пад вялікім ціскам, усё ж не варта, – сказаў Алос.