Чакаецца, што Анчалоці пакіне «Рэал» пасля фіналу Кубка Іспаніі
Чакаецца, што Карла Анчалоці пакіне пасаду галоўнага трэнера «Рэала» пасля фінальнага матчу Кубка Іспаніі супраць «Барселоны», паведамляе Sky Sports.
Гульня «Барселона» — «Рэал» пройдзе 26 красавіка.
65-гадовы італьянец падвергнуў сумневу сваю будучыню ў клубе пасля вылету ад «Арсенала» (0:3 і 1:2) у чвэрцьфінале Лігі чэмпіёнаў.
Кантракт Анчалоці з «Рэалам» разлічаны да чэрвеня 2026 года. Была інфармацыя, што замяніць яго можа коўч «Байера» Хабі Алонса.
Анчалоці ў другі раз узначаліў «Рэал» летам 2021 года. Ён выйграў з камандай 11 трафеяў, уключаючы два чэмпіёнскія тытулы і дзве Лігі чэмпіёнаў.
За 7 тураў да завяршэння сезона «Рэал» ідзе другім у турнірнай табліцы Ла Лігі, адстаючы ад першай «Барселоны» на 4 ачкі.
У Федэрацыі футбола Бразіліі (CBF) хочуць, каб Анчалоці ўзначаліў іх нацыянальную каманду. Гэта можа адбыцца да завяршэння сезона Ла Лігі. Вядомы бразільскі бізнесмен Дыега Фернандэс спрабуе заключыць пагадненне, ён афіцыйна не звязаны з CBF, але знаходзіцца ў цесным кантакце з коўчем.
Наступныя матчы бразільская зборная правядзе ў чэрвені — супраць Парагвая і Эквадора ў кваліфікацыі ЧС-2026. У сакавіку з пасады галоўнага трэнера каманды быў звольнены Дорывал Жуніёр. У CBF разумеюць, што каманда не можа дазволіць сабе заставацца без галоўнага трэнера да жніўня.