Усе навіны

«Мінспорта» прызначыла Качура сачыць за падрыхтоўкай мінскага «Дынама» да матча з БАТЭ

13 красавіка «Дынама» буйна саступіла ў гасцях «Славіі» (0:3). У выніку мазырчукі захавалі лідарства, а мінчукі адкаціліся з шостага месца на 12-е.

Паводле звестак «Трыбуны», ў сераду 16 красавіка разнос і камандзе, і кіраўніцтву клуба зладзіў так званы міністр спорту Сяргей Кавальчук. Ён абражаў гульцоў і трэнераў, выкарыстоўваў прыніжальныя абароты, папракаў заробкамі.

Акрамя таго, Кавальчук прыставіў да каманды наглядчыка – экс-форварда зборнай Беларусі Пятра Качура, які ў свой час сам пару месяцаў не вельмі ўдала трэнаваў мінчукоў.

Ён будзе сачыць за тым, як вядзецца праца на базе, наколькі рупліва працуюць футбалісты, які наогул настрой ў калектыве. Вынікі «назіранняў» будуць перадавацца ў так званае міністэрства.

Таксама да сустрэчы з БАТЭ гульцам і трэнерам каманды забаронена пакідаць Стайкі. Больш за тое, псеўдаміністр загадаў трэнавацца з падвышанымі нагрузкамі ў штодзённым двухразовым рэжыме.

Ці будзе Качура ўвесь час знаходзіцца ў Стайках, невядома.