Усе навіны

Яўген Абрамовіч: «Футбалісты «МЛ» за кароткі прамежак часу няблага згуляліся адзін з адным»

Галкіпер жодзінскага «Тарпеда» Яўген Абрамовіч падвёў вынікі першага паўфінальнага паядынку Кубка Беларусі з «МЛ».

– Не атрымалася рэалізаваць свае моманты, але і не прапусцілі. Прыгледзеліся адно да аднаго. Чакаем гульні ў адказ.

– У гульні «МЛ Віцебск» вырабіў даволі шмат далёкіх удараў. Ці чакалі гэтага? Раскажыце, як вы гэта бачылі з пазіцыі брамніка.

– Так, чакаў вялікай колькасці ўдараў. Была тэорыя, на якой разбіралі іх гульню. Было бачна, што імкнуцца з розных пазіцый. А пра тое, як я іх бачыў, ня ведаю, што адказаць.

– Нулявая нічыя ў першым матчы – большая заслуга брамнікаў ці асцярожнасць каманд перад сустрэчай у адказ?

– І тое, і другое. У кубкавых гульнях важна любыя памылкі звесці да мінімуму. Таму і асцярожнасць каманд была патрэбна, улічваючы матч у адказ.

– Вадзім Пабудзей пасля матчу казаў, што віцябляне яго здзівілі, і што па экране тэлевізара не зусім быў зразумелы ўзровень суперніка да асабістай сустрэчы. Што скажаце пра гэта, ці здзівіў вас супернік?

– Добрая каманда, з добрым падборам футбалістаў. Можна сказаць, што так, здзівілі. За адносна кароткі прамежак часу яны нядрэнна згуляліся адзін з адным.