Вячаслаў Глеб: «Кавальчук – мудры чалавек, разбіраецца. Скарачэнне Д1 не знішчыць футбол у рэгіёнах – ёсць Д2, Д3»
Былы нападаючы зборнай Беларусі Вячаслаў Глеб выказаў сваё меркаванне пра прапанову міністра спорту Лукашэнкі Сяргея Кавальчука скараціць колькасць каманд у чэмпіянаце Беларусі.
«[Кавальчук] – мудры чалавек, ён разбіраецца, у тым ліку і ў футболе. Раз прапануе такую ініцыятыву, значыць, ёсць нейкія важкія падставы. Калі я яшчэ гуляў, у чэмпіянаце было 12 каманд. Усе матчы былі цяжкімі, узровень быў прыстойным. Так што ў гэтай прапанове ёсць зерне ісціны.
Скарачэнне знішчыць футбол у рэгіёнах? Не знішчыць. Ёсць першая ліга, другая ліга, там таксама можна стварыць умовы. Не ва ўсіх каманд вышэйшай лігі ёсць фінансы і інфраструктура, каб яны маглі канкураваць з камандамі першай васьмёркі.
Выступаючы ў першай лізе, яны будуць укладвацца ў сваіх выхаванцаў, а не выкідваць грошы на легіянераў, як ва ўмоўным «Нафтане», і ўсё роўна змагацца за выжыванне. Заўзятары любяць хадзіць на матчы і бачыць сваіх выхаванцаў. Гэта датычыцца любых гарадоў», – сказаў Глеб.