Дзмітрый Лісаковіч: «Асабістых мэтаў у «Мінску» ў мяне няма, ёсць толькі камандныя»
Паўабаронца «Мінска» Дзмітрый Лісаковіч выказаўся пра свае задачы ў бягучым сезоне.
– Вы вярнуліся ў Вышэйшую лігу пасля этапу кар'еры ў Казахстане. Якія ўражанні пасля вяртання дадому?
– Заўсёды прыемна вяртацца на радзіму. Зараз я выступаю за «Мінск», усімі сіламі імкнуся дапамагчы камандзе. Таксама гэты клуб дапамагае і мне, за што я вельмі ўдзячны. Разам ідзем да агульнай мэты!
– Што дала вам у футбольным плане адлучка ў карагандзінскі «Шахцёр»?
– Шмат чаму навучыла, але ўсё гэта ўжо гісторыя. Не азіраюся назад, рухаюся толькі наперад. Цяпер у прыярытэце тое, што мне дасць «Мінск», і чым я змагу дапамагчы гэтаму клубу.
– Якія мэты ставіце перад сабой на сезон?
– Асабістых мэтаў у мяне няма, ёсць толькі камандныя. Хачу, каб «Мінск» перамагаў у кожным паядынку і станавіўся толькі мацнейшым. У нас усё добра, штодня працуем і выконваем тое, што кажа трэнерскі штаб. Планамерна рыхтуемся да кожнага матчу і выходзім на поле з упэўненасцю ў сваіх сілах! - сказаў Лісаковіч.