Усе навіны

Трэнер «Віцебска» Слесарчук: «Матч з «Гомелем» каманда правяла на старым багажы»

Галоўны трэнер «Віцебска» Ігар Слесарчук пракаментаваў перамогу над «Гомелем» (2:0).

– Цяжкая перамога, і для «Гомель» такі вынік дзесьці крыўдны. Ну, такі футбол. Так бывае. Розныя стылі гульні, розны погляд на тое, як будаваць гульню. Сёння поспех прынёс наш футбол. Хоць трэба паляпшацца, дадаваць.

Самі вы бачылі, у нас схема 4-4-2, але не ромб. Маленькі нюанс. Будзем спрабаваць упрыгожваць, паляпшаць – дадаваць у агрэсіі, у прэсінгу, у запале.

– У пачатку першага тайма, здалося, «Віцебск» асеў. І ў пачатку другога зачыніўся, стаў гуляць па ліку…

– Напэўна, пагаджуся. Я сказаў, што «Гомелю» будзе крыўдна прайграць такі матч. Яны быццам бы на мячы былі. Зноў жа – гэта наша стратэгія. Так, заўзятар хоча больш яркай і эмацыйнай гульні. Мне таксама падабаецца такі футбол. Але пакуль так.

Ну і ўмовы надвор'я наклалі адбітак. Мы хацелі гуляць крыху па-іншаму. Але я, на жаль, не здолеў перад гульнёй ацаніць гэтае пакрыццё. Потым капітан каманды разабраўся, і мы крыху памянялі наш футбол. «Гомель», выходзіць, хутчэй прыстасаваўся.

«Гомель» любіць перагружаць 1-2 зоны, кантраляваць мяч, але ў трэцюю зону каманда ўваходзіць праз доўгі пас – падачы, дыяганалі. Наш футбол будуецца крыху па-іншаму. 

У цэлым гэтыя чатыры дні, калі я ўжо галоўны трэнер «Віцебска», былі прысвечаныя больш размовам і некаторым такім тактычным аспектам – законам футбола. Па вялікім рахунку, матч з «Гомелем» каманда правяла на старым багажы. Бачу, што мне трэба крыху падкарэктаваць каманду. А ў цэлым яна прыкладна адлюстроўвае тое, што я хачу бачыць, – сказаў Слесарчук.