Сяднёў пра гульню з «Нёманам»: «Калі зыходзіць са спартыўнага прынцыпу, то нічыя стала б заканамерным вынікам»
Галоўны трэнер брэсцкага «Дынама» «Аляксандр Сяднёў пракаментаваў перамогу супраць «Нёмана» (1:0).
– Вядома, мы вельмі рады перамозе ў Гродне. Гэта стала няпростай задачай. Першая прычына – у «Нёмане». Яна заўсёды агрэсіўна гуляе дома. Як я ўжо казаў перад паядынкам, гродзенцы ніколі не здаюцца і могуць забіць у любы момант. Другая – у псіхаэмацыйным плане. Вельмі хацелі парадаваць заўзятараў, якія ўскладаюць на клуб вялікія надзеі. Заўсёды ў такой сітуацыі хочацца ўсё зрабіць хутчэй. Рады, што мае футбалісты па максімуму імкнуцца выконваць патрабаванні. Магчыма, дзесьці каманда эстэтычна выглядае не вельмі якасна, але ў такіх элементах, як адзінаборствы, кантакт, падборы, паволі пачынаем дадаваць. Сёння ў нейкай ступені пашанцавала, удалося рэалізаваць момант. «Нёман» мог забіць сёння. Хай і не столькі момантаў у суперніка. Калі зыходзіць са спартыўнага прынцыпу, то нічыя стала б заканамерным вынікам, але па сукупнасці тых матчаў, у якіх не шанцавала, заслужылі перамогу, – сказаў Сяднёў.