Мікіта Дземчанка: «У першым тайме прыйшлося цяжкавата, пакуль у «Мінска» былі сілы»
Паўабаронца мінскага «Дынама» Мікіта Дземчанка распавёў пра разгромную перамогу над «Мінскам» (4:1) у 6-м туры ЧБ.
– Мікіта, з перамогай! Што скажаш па гульні?
– Вялікі дзякуй за віншаванні! Рады, што ўдалося дабіцца станоўчага выніку. Нервовы першы тайм, прапусцілі абсалютна непатрэбны гол са стандарта. У перапынку ўсё абгаварылі, папрацавалі над памылкамі. У другім тайме за кошт класа і майстэрства змаглі давесці матч да перамогі. Лічу, што мы сёння поўнасцю заслужылі тры ачкі.
– Нягледзячы на буйны лік, «Мінск» даставіў праблемы?
– У першым тайме прыйшлося цяжкавата, пакуль у «Мінска» былі сілы. У другой палове мы іх перабегалі фізічна, выглядалі больш пераважна ў тэхнічным плане. Другі тайм застаўся поўнасцю за намі, таму сёння радуемся заслужанай перамозе.
– «Мінск» паднёс нешта нечаканае?
– Не сказаў бы. Ад суперніка ўбачылі ўсё тое, да чаго рыхтаваліся. Рады перамозе і пачынаем падрыхтоўку да «Віцебску». Будзем гуляць толькі на перамогу, хочацца працягнуць пачатае, – сказаў Дземчанка.
Пасля шасці тураў мінскае «Дынама» набрала 10 ачкоў і ўзнялося на чацвёртае месца ў турнірнай табліцы вышэйшай лігі, «Мінск» з аналагічнай колькасцю балаў ідзе на шостым радку.