Агент Новікаў: «Не трэба скарачаць ЧБ – трэба мяняць сістэму фінансавання»
Футбольны агент Сяргей Новікаў пракаментаваў магчымае скарачэнне каманд у чэмпіянаце Беларусі.
– Я разумею міністра спорту. Яго прымушае казаць гэта цяперашняя сітуацыя. Усе каманды фінансуюцца з бюджэту, і каб было нейкае развіццё, патрэбныя сур'ёзныя ўліванні. Футбол, вядома, з тымі вынікамі, якія паказваюць нацыянальная зборная і клубы, – не спорт нумар адзін у краіне. Але мне здаецца, не трэба скарачаць лігу, трэба мяняць сістэму фінансавання, каб усе былі ў роўных умовах, атрымлівалі аднолькавы бюджэт. Ён не павінен быць больш у мінскага «Дынама», «Шахцёра», БАТЭ ці яшчэ кагосьці ў дзесяць разоў.
А далей хай каманды самі развіваюцца за кошт прыцягнення спонсараў, дзякуючы вынікам, акадэміі, селекцыі і гэтак далей. Але для гэтага клубы павінны працаваць, а не проста асвойваць бюджэтныя грошы і думаць, як пражыць на выдзеленую суму. Скарачэнне ж да добрага не прывядзе. Побач ёсць Літва, Латвія, Эстонія – што добрага ў іх у чэмпіянатах? Ну, будзе дзесяць каманд, а не 16. І што? Не трэба браць прыклад з «карлікаў», Беларусь заўсёды славілася добрым чэмпіянатам, – сказаў Новікаў.