Анчалоці адмовіўся ўзначаліць зборную Бразіліі (Marca)
Галоўны трэнер «Рэала» Карла Анчалоці адмовіўся ўзначаліць зборную Бразіліі, паведамляе Marca.
Агенты, якія займаліся перамовамі, чакалі, што ўчора, 29 красавіка, у Мадрыдзе адбудзецца падпісанне кантракту. Аднак 65-гадовы італьянскі трэнер паведаміў, што не прыме прапанову ўзначаліць зборную Бразіліі.
Перамовы паміж бакамі ўскладніліся, калі Анчалоці паведаміў, што не зможа ўзначаліць каманду ў чэрвені, а зможа зрабіць гэта толькі ў жніўні.
У Бразіліі лічылі, што Анчалоці ўжо атрымаў ухвалу ад «Рэала», каб пакінуць клуб у чэрвені.
Цяпер не выключаецца, што Анчалоці будзе трэніраваць «Рэал» падчас клубнага чэмпіянату свету, які пройдзе з 15 чэрвеня па 13 ліпеня 2025 года ў ЗША.
Адзначаецца, што Карла Анчалоці таксама разглядае прапанову з Саудаўскай Аравіі. Гаворка ідзе пра пагадненне, паводле якога спецыяліст будзе атрымліваць каля 50 мільёнаў еўра за сезон.
Нагадаем, што раней інсайдэр Фабрыцыа Рамана паведамляў, што Анчалоці дамовіўся пра працу са зборнай Бразіліі на ЧС-2026.