Макушынскі пра гол у вароты «Гомеля»: «Рыхтаваў гэты ўдар яшчэ з перадсезонкі»
Абаронца «Віцебску» Яраслаў Макушынскі падзяліўся меркаваннем пра свой гол ў матчы з «Гомелем» (2:0) у 6-м туры ЧБ.
Адзначым, што АБФФ прызнала гэты гол найлепшым у туры.
«Лічу, што мы выканалі ўстаноўку галоўнага трэнера. Тое, што Ігар Анатольевіч спрабаваў данесці да нас, мы выканалі і, я лічу, заслужана перамаглі, паказаўшы добры футбол.
Вельмі рады свайму голу. І праўда, рыхтаваў гэты ўдар яшчэ з перадсезонкі. Ужо было пару такіх момантаў, дзе прабіваў небяспечна. Але ў матчы з «Гомелем» якраз такі выпадак, калі ўсё склалася: атрымалася знайсці момант для ўдару і прабіць. Эмоцыі невымоўныя. Шчыра кажучы, нават не ведаў, як адсвяткаваць гэты гол, бо ў галаве адразу пранеслася столькі думак. Ды і зараз не перадаць словамі, што адчуваю.
– Ці спрачаліся з Жэняй Красновым, чый гол прыгажэй?
– Не, не спрачаліся. Ён таксама забіў выдатны гол, так што тут нават няма чаго спрачацца – два добрыя галы, – сказаў Макушынскі.
26-гадовы гулец правёў за клуб дзевяць сустрэч ва ўсіх турнірах, адзначыўшыся голам і дзейснай перадачай. Статыстыка тут.
Пасля шасці тураў «Віцебск» займае сёмае месца ў турнірнай табліцы вышэйшай лігі, маючы ў актыве 10 балаў.