Ісаеў пра узровень ЧБ: «Сёння ў краіне няма кваліфікаваных беларускіх гульцоў на 16 каманд»
Футбольны агент Валерый Ісаеў ацаніў узровень чэмпіянату Беларусі пасля 8-га тура.
«У мяне выснова адна: сёння ў краіне няма кваліфікаваных беларускіх гульцоў на 16 каманд. Няма сэнсу зараз высвятляць чаму гэта адбылося, трэба прызнаць гэты факт і прымаць рашэнні сёння, заўтра.
Узровень майстэрства футбалістаў чатырох каманд не адпавядае ўзроўню прафесійнай элітнай лігі краіны. Паглядзіце як забіваліся мячы ў вароты Маладзечна, Слуцка, Наваполацка ды і БАТЭ. Абарона гэтых, і яшчэ парачкі каманд, нагадвала абарону каманд нашага аматарскага турніру.
Нападаючыя толькі што не жанглявалі перад забітымі мячамі, рабілі па некалькі дотыкаў перад ударамі. У камандах руляць зусім маладыя, недасведчаныя, неадукаваныя менеджары.
Прызначэнне ў Маладзечне нікому невядомага 26-гадовага хлопца зусім прыніжае трэнерскі цэх краіны. Там паходу рэальна прыслухаліся да папулісцкіх парад з-за межаў Беларусі і вырашылі шашлыком і лесам выправіць сітуацыю... Не, хлопцы, толькі веды, вучоба, працавітасць, цярпенне, вопыт, кругагляд, камунікабельнасць і зноў – вучоба, здольныя даць вынік. Няма сэнсу разбіраць кожны матч, лепш гуляюць тыя, дзе ёсць прафесіяналы ў трэнерскім штабе і менеджменце.
Быў нядаўна на фінале кубка Польшчы. Яны сёння на іншай планеце. Але ўвесь час аналізуюць недахопы і спрабуюць палепшыць вынікі. У Польшчы доўга мучыліся з лімітамі на маладых, што толькі не выдумлялі, але няма эфекту ад штучных забарон у прафесійным спорце, толькі канкурэнцыя.
Дык вось, з наступнага года ў Польшчы адмяняюць усе ліміты і абмежаванні па ўзросце і пашпарце. Нам бы ўлічыць негатыўныя вынікі іншых і спрабаваць прымаць рашэнні, якія б давалі патрэбны эфект. Калі ў кожнай каманды будзе такіх матчаў як сёння «Славія» – «МЛ» не менш за 30 у год, а не 20 такіх, як «Маладзечна» – «Гомель» або «Нёман» – «Смаргонь», то ўзровень чэмпіянату будзе расці.
І ўсё роўна колькі каманд у лізе і якая формула розыгрышу. Думаю, праблемы "Нёмана», у тым ліку, сёння ляжаць і ў плоскасці матывацыі гульцоў у матчах са слабымі супернікамі. Яшчэ раз, сёння праблема клубаў унізе табліцы звязана з недастатковай колькасцю беларускіх гульцоў. З наступнага сезона трэба змяншаць колькасць каманд у вышэйшай лізе, на зло тым, каму выгадныя жабракі і бяспраўныя клубы, на зло тым, хто думае не пра узровень вышэйшай лігі, а пра колькасць трэнерскіх месцаў і ставак гульцоў.
Соты раз кажу, перагледзець рэгламент у бок рэальнасці ўмоў ліцэнзавання і жорстка сачыць за яго выкананнем. Сёння не аўтсайдэры паднімаюцца да ўзроўню лідараў, а лідары апускаюцца да іх узроўню і вынікі еўракубкаў мінулага года таму прыклад.
Ну і яшчэ адзін пункт, без якога ўвогуле нічога не атрымаецца. Федэрацыя павінна быць самастойная, незалежная. Чуў, што аўтара рэформаў вярнулі ў АБФФ… Тады і гэты пункт пусты», – сказаў Ісаеў.