Усе навіны

Муж Серэны Уільямс і сузаснавальнік Reddit Алексіс Аганян стаў саўладальнікам жаночай каманды «Чэлсі»

Амерыканскі бізнесмен Алексіс Аганян, сузаснавальнік Reddit і муж былой першай ракеткі свету Серэны Уільямс, пацвердзіў, што набыў долю жаночай каманды «Чэлсі».

Пра гэта ён напісаў на сваёй старонцы ў твітары.

«Я ўжо рабіў вялікія стаўкі на жаночы спорт – я раблю гэта зноў.

Для мяне гонар дапамагаць гэтаму легендарнаму клубу стаць самай любімай камандай ЗША сярод калектываў жаночай Суперлігі і дасягнуць яшчэ большага», – напісаў Аганян у твітары, дадаўшы скрыншот матэрыялу The Times, у якім распавядаецца, што ён набыў 10% акцый клуба.

У той жа час The Athletic паведамляе, што Аганян набыў долю ў 8%.

Па інфармацыі ESPN са спасылкай на The Times, сцвярджаецца, што гэтая здзелка для 42-гадовага бізнесмена каштавала 20 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў.

Алексіс Аганян ужо раней інвеставаў у жаночы футбол. Ён быў найбуйнейшым акцыянерам амерыканскага клуба «Энджэл Сіці».

У чэрвені мінулага года жаночая каманда «Чэлсі» была прададзеная кампаніяй Chelsea FC Holdings Limited у кансорцыум BlueCo, які ўзначальвае Тод Боэлі.

Сёлета ў паўфінале жаночай Лігі чэмпіёнаў «Барселона» двойчы абгуляла «Чэлсі» з лікам 4:1.