Усе навіны

Генадзь Туміловіч: «МЛ» на вяршыні заслужана, але я ў такія праекты не веру, асобныя моманты – непрыгожа»

Экс-брамнік зборнай Беларусі па футболе Генадзь Туміловіч падзяліўся ўражаннямі пра дэбютанта ЧБ «МЛ» Віцебск.

– Каманда-дэбютант упэўнена лідуе? У першую чаргу гэта не з найлепшага боку характарызуе ўзровень нашага чэмпіянату. Хаця па гульні да хлопцаў пытанняў няма. Яны на вяршыні заслужана. Але я ў такія праекты не веру, бо шмат чаго пабачыў у футболе. Узяць хаця б клуб «Тосна» з Ленінградскай вобласці, у якім я працаваў. Каманда спыніла існаванне праз два з паловай месяцы пасля таго, як выйграла Кубак Расіі. Усё гэта адбылося ў той год, калі нашы суседзі праводзілі чэмпіянат свету – на піку цікавасці да футбола ў краіне. Некаторыя людзі, звязаныя з кіраўніцтвам клуба, зрабілі нядрэнную палітычную кар’еру, а гульцы засталіся з запазычанасцямі па зарплаце.

Спадзяюся, што ў «МЛ» адкажуць на многія пытанні, што віснуць у паветры. Трэба разумець, што да яркага дэбютанта заўсёды прыкавана ўсеагульная ўвага. Пра каманду шмат гавораць, але асобныя моманты мяне не ўзрадавалі. Непрыгожа, калі футбаліст на ўсю моц лаецца на трэнера суперніка, а маскот паказвае непрыстойныя жэсты заўзятарам. Магчыма, нехта скажа, што менавіта Туміловічу не варта крытыкаваць за эпатаж і скандалы. Так, у маёй кар’еры хапала такіх гісторый. Але пра многія з іх я цяпер шкадую, – сказаў Туміловіч.