Усе навіны

Эрлінг Холанд: «Калі вы выйгралі 4 чэмпіёнскія тытулы запар, а потым не выйгралі ў пяты раз – сезон нельга лічыць паспяховым»

Форвард «Манчэстэр Сіці» Эрлінг Холанд перад фіналам Кубка Англіі з «Крыстал Пэлас» падзяліўся думкамі пра сезон каманды.

«Гэты сезон быў цяжкі. Непрыемна прайграваць так шмат гульняў. Гэта сумна і не прыносіць задавальнення. Вось чаму нам трэба добра завяршыць сезон і здабыць трафей.

Пападаць на «Уэмблі» – гэта добрая звычка, і заўсёды важна выйграваць трафеі. У нас ёсць фінал Кубка Англіі, і ў жудасным сезоне нам усё ж удалося гэта зрабіць.

Калі вы выйгралі чатыры чэмпіёнскія тытулы запар, а потым вы не выйгралі ў пяты раз – сезон нельга лічыць паспяховым. Гэта тыя стандарты, якія мы ўстанавілі. Мы недастаткова добра выступілі ў чэмпіянаце, але ўсё яшчэ спадзяемся на кваліфікацыю ў Лігу чэмпіёнаў.

«Крыстал Пэлас» – сапраўды складаны супернік, з якім цяжка гуляць. На выездзе ў гэтым сезоне мы згулялі ўнічыю (2:2), а на «Этыхадзе» яны вельмі добра пачалі матч («Манчэстэр Сіці» абыграў «Пэлас» з лікам 5:2 – заўв. Tribuna.com). Яны выдатная каманда з якаснымі гульцамі.

У гэтым сезоне мы былі недастаткова стабільнымі і выйгралі недастаткова матчаў, усё проста. Мы павінны выступаць лепш у вялікіх матчах. Мы не выйгралі дастаткова гульняў запар.

Канешне, у нас былі траўмы на працягу ўсяго сезона. Але мы не павінны шукаць сабе апраўданняў. Кожны з нас быў нядосыць добры, мы не былі на вышыні. Калі ты не паказваеш сваю найлепшую гульню – ты не зможаш выйграваць матчы ў гэтай краіне, таму што гэта вельмі складана», – сказаў Холанд.

Фінал Кубка Англіі паміж «Крыстал Пэлас» і «Манчэстэр Сіці» будзе згуляны ў суботу, 17 траўня. Пачатак – у 18.30.

За 2 туры да заканчэння чэмпіянату Англіі «гараджане» ідуць на 4-й пазіцыі ў турнірнай табліцы АПЛ.