«Аякс» паведаміў пра адстаўку галоўнага трэнера каманды Фарыёлі
Галоўны трэнер «Аякса» Франчэска Фарыёлі вырашыў пакінуць нідэрландскі клуб пасля завяршэння сезона 2024/25.
Пра гэта амстэрдамцы паведамілі на сваім афіцыйным сайце.
36-гадовы італьянскі спецыяліст пасля стараннага абдумвання, паведаміў кіраўніцтва клуба пра рашэнне пакінуць «Аякс».
Франчэска Фарыёлі ўзначаліў нідэрландцаў летам мінулага года, падпісаўшы з клубам кантракт да 2027 года. Да таго ён трэніраваў «Ніцу» ў сезоне 2023/24.
Учора, 18 траўня, адбыўся завяршальны 34-й тур Эрэдывізі. Па выніках сезона ПСВ другі раз запар стаў чэмпіёнам Нідэрландаў.
Нагадаем, што за 5 тураў да завяршэння чэмпіянату «Аякс» апярэджваў ПСВ на 9 ачкоў у турнірнай табліцы. У апошніх 5 матчах сезона каманда Фарыёлі атрымала 1 перамогу, 3 разы згуляла ўнічыю і прайграла 1 матч. Вынікі «Аякса» у гэтых матчах можна знайсці тут.
«Маё падарожжа ў «Аяксе» пачалося амаль год таму, на базе клуба, з мэтай вярнуць клуб туды, дзе ён павіннен быць. І завяршылася на стадыёне Ёхана Кройфа, нарэшце вярнуўшы «Аякс» у Лігу чэмпіёнаў – самую высокую сцэну еўрапейскага футбола. Мы імкнуліся прыўнесці новую энергію ва ўсю супольнасць «Аякса», падзяляючы пазітыўны падыход да працы і мыслення на ўсіх узроўнях клуба.
Быць першым трэнерам «Аякса» не з Нідэрландаў з 1998 года і першым італьянцам у гісторыі клуба – гэта абсалютны гонар. Разам са сваім штабам мы прынялі гэты вялізны выклік з павагай, адказнасцю, запалам і рашучасцю дабіцца поспеху. Заваяваць павагу і падтрымку фанатаў «Аякса», якую мы адчувалі на працягу ўсяго сезона, было вельмі важна для мяне і маёй каманды. Мы перажылі неверагодныя і незабыўныя моманты разам: унікальны, напружаны, эмацыйны сезон, у якім мы падзялялі веру, баявы дух і гонар, нарэшце дасягнуўшы нашай мэты, выканаўшы нашу місію.
Кіраўніцтва клуба і я маем аднолькавыя мэты адносна будучыні «Аякса», але ў нас розныя бачанні і часовыя рамкі адносна таго, як трэба працаваць і дзейнічаць для дасягнення гэтых мэт. Улічваючы гэтыя рознагалоссі ў прынцыпах і асновах праекта, я адчуваю глыбока ў сэрцы, што цяпер найлепшы момант для таго, каб разысціся», – распавёў Фарыёлі пра сваю адстаўку.