Марэска – пра расклад «Чэлсі»: «Нельга дазваляць іншай камандзе мець на 48 гадзін больш для падрыхтоўкі да фіналу еўракубка»
Галоўны трэнер «Чэлсі» Энца Марэска выказаў незадаволенасць раскладам каманды перад фінальным матчам Лігі канферэнцый УЕФА з «Бетысам».
28 траўня лонданцы згуляюць супраць «Бетыса» ў польскім Уроцлаве.
Перад гульнёй з іспанцамі ў «Чэлсі» будзе 3 дні на адпачынак, паколькі ў 38-м туры АПЛ «арыстакраты» згуляюць на выездзе з «Нотынгем Форэст» у нядзелю, 25 траўня.
«Бетыс» свой матч 38-га тура чэмпіянату Іспаніі правядзе на 2 дні раней – у пятніцу, 23 траўня.
«Я на 100% не задаволены. Нельга дазваляць іншай камандзе мець на 48 гадзін больш часу для падрыхтоўкі да фіналу еўракубка.
Ці мы павінны гуляць у пятніцу, ці яны павінны гуляць у нядзелю, як і мы. Я не ведаю, гэта рашэнне Ла Лігі, Прэм'ер-лігі ці УЕФА, але калі спытаць людзей у гэтым пакоі, ці нармальна гуляць фінал, дзе адна каманда мае на 48 гадзін больш для падрыхтоўкі – гэта ненармальна», – сказаў Марэска.
Нагадаем, што «Чэлсі» трэба перамагчы «Нотынгем Форэст», каб гарантаваць сабе ўдзел у Лізе чэмпіёнаў у наступным сезоне. У выпадку нічыёй ці паразы лонданцы могуць страціць месца ў першай пяцёрцы турнірнай табліцы АПЛ.