Tribuna/Футбол/Блогі/Калі чэмпіянат Беларусі будуць паважаць, а зборная стане моцнай? «Энергетык» адказвае на гэтае пытанне

Калі чэмпіянат Беларусі будуць паважаць, а зборная стане моцнай? «Энергетык» адказвае на гэтае пытанне

Футбольны агент Ісаеў робіць высновы з сенсацыі.

9 лістапада 2022, 14:46
Калі чэмпіянат Беларусі будуць паважаць, а зборная стане моцнай? «Энергетык» адказвае на гэтае пытанне

Футбольны агент Валеры Ісаеў у сваім тэлеграм-канале (рэкамендуем падпісацца!) разважае пра тое, што поспех «Энергетыка» ў сезоне-2022 можа даць беларускаму футболу.

***

«Энергетык»-БДУ ў сезоне-2023/24 упершыню ў гісторыі згуляе ў еўракубках»

Калі б пабачыў такі загаловак у пачатку года, вядома, засмяяўся б. Па-добраму. Але калі прачытаў гэты загаловак ў нядзелю, занепакоіўся - і таксама па-добраму.

З улікам рэальнай ацэнкі таго, што адбываецца, сёння абсалютна незразумелыя крыніцы фінансавання будучай еўракубкавай эпапеі "Энергетыка". Перад гульнёй з «Гомелем» хлопцы самі прапанавалі скінуцца на начлег, але [Анатолій] Іванавіч [Юрэвіч] быў няўмольны: выезд - у дзень матчу. Гульня - у 14.00, і калі прыехаць гадзіны за тры да стартавага свістка, гэта ж калі трэба было выехаць з Мінска? Каманднай вячэры перад выездам і сняданку перад гульнёй таксама, натуральна, не было.

Навошта я пастаянна пішу пра побытавы і фінансавы цяжар гэтай каманды? Для параўнання і разуменні. Памятаеце пра «пакуты» зборнай і клубаў у еўракубках? Пра пераносы матчаў, пра скуголенне пры гульнях на трэці ці чацвёрты дзень? Гэтыя факты не назавеш пазітыўнымі, але яны сапраўды не прычына паражэнняў і безаблічных матчаў.

Тое, што ў трэнажорцы вільготна і асвятленне кульгае, што спяць на падлозе паміж заняткамі, што трэніруюцца толькі на адным штучным полі, а гуляюць на натуральным, што ўсе выязныя матчы без начлегаў і паўнавартаснага харчавання, што ніякіх кансіліумаў над траўмамі і працяглых аднаўленняў, што трэнеры чысцяць снег і выдаляюць ваду з газона - усё апісанае тут толькі частка побыту «Энергетыка». Гэта экзатычна, па мерках 21 стагоддзя ооооочень дрэнна, але таксама не трагічна. Так не павінна быць у прафесійным клубе, і сваёй працай трэнеры і гульцы даказалі, што заслугоўваюць большай падтрымкі і ўвагі. Падтрымкі і ўвагі ў краіне.

Не было ў Юрэвіча і блізка мэты патрапіць у еўракубкі. Упэўнены ў тым, што не будзе і ніякай спакусы запрашаць вопытных і больш майстравітых на сёння футбалістаў. Хаця ў мяне ёсць прыклады, калі сістэма падрыхтоўкі Юрэвіча давала такі ж плён і з вопытнымі гульцамі. Чаму ён абраў менавіта моладзь для працы? Тыя, каго ён пакідае, - галодныя, параненыя, матываваныя, кіраваныя. Лепшыя (на сёння), якія з дастаткам, не ідуць на такія выпрабаванні, і гэта нармальна, але гледзячы да якой мэты рухаешся.

Часта пішуць, што шматлікіх футбалістаў, якія праходзілі падрыхтоўку ў Юрэвіча, пасля мучылі сур'ёзныя траўмы, з-за чаго яны скончылі са спортам. Трэніравацца ў Юрэвіча - гэта выбар кожнага (і мэта кожнага з тых, хто ў выніку застаецца ў трэнера). Другое: павывучайце склад "Энергетыка" за апошнія тры гады і прааналізуйце, якой колькасцю выканаўцаў каманда абыходзілася і ці былі працяглыя паўзы ў гульцоў. У параўнанні з іншымі камандамі розніца вялікая. Добра падрыхтаваны і трэніраваны гулец менш схільны да траўмаў.

Для прыкладу ўспомніце траўму Лаўрыка, атрыманую туры тры таму. Яго павялі з поля, і каментатар зазначыў, што, здаецца, гэта да канца сезона. На другой трэніроўцы ў распранальні ў хлопца нага не залязала ў буцу. Трэнер сказаў нешта ў такім духу: «Не люблю, калі вы мяне злуеце, не раз'юшвай мяне. Апранай буцы!». Лаўрык выйшаў у аснове ў наступным туры. Вядома, гэта не бязлітасная бравада трэнера - ён сапраўды ведаў, што ў гульца са здароўем. Юрэвіч лічыць, што такія траўмы загойваюцца толькі праз працу і характар. У іншых клубах такое пашкоджанне - месяц як мінімум.

Які склад пакінуць на наступны сезон, ведае толькі Юрэвіч. Хто ўжо на мяжы, хто ўжо не матываваны, хто яшчэ здольны дапамагчы - ведае толькі ён. Трэнерскі штаб перад пачаткам кожнага чэмпіянату ламае галаву над адным і тым жа пытаннем: кім мы будзем гуляць? Я не ведаю, як можа выступіць гэтая каманда ў еўракубках, як і не верыў тураў сем таму, што яна будзе хаця б у пяцёрцы. Але для мяне медалі «Энергетыка» важнейшыя за Лігу чэмпіёнаў. Калі ўсе футбалісты ў краіне будуць так ставіцца да сябе, да каманды, да трэнера, да чэмпіянату Беларусі, як ставяцца хлопцы з «Энергетыка», тады і чэмпіянат будзе дастойны, а Зборная - моцная.

Не трэба сёння цягнуць Юрэвіча і яго трэнераў у іншыя клубы - не спрацуе гэта, ды і не пойдзе ён. Для мастака важная Свабода. Акажыце, паводле выніку, годную падтрымку і вазьміце лепшае для развіцця футбола ў краіне (гэта задача зацікаўленых адмыслоўцаў федэрацыі). Ёсць прыклады па краінах. Ісландыя пасля даследавання правяла рэалістычныя рэформы ў зусім маленькай і нефутбольнай краіне.

Ліга Еўропы яшчэ няхутка, а гульня "Энергетыка" з мінскім "Дынама" ў суботу ў 14.00 на Соку.

Усё на футбол, не сумняваюся, «Энергетык» будзе матываваны!

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты