Tribuna/Футбол/Блогі/Матэматык прагназуе перамогу Аргенціны на ЧС-2022. Раней ён прадказаў чэмпіёнства Германіі і Францыі

Матэматык прагназуе перамогу Аргенціны на ЧС-2022. Раней ён прадказаў чэмпіёнства Германіі і Францыі

Ёахім Клемент стварыў свой алгарытм.

22 лістапада 2022, 20:28
Матэматык прагназуе перамогу Аргенціны на ЧС-2022. Раней ён прадказаў чэмпіёнства Германіі і Францыі

Зборная Аргенціны стане пераможцам чэмпіянату свету ў Катары. Такі прагноз даў Ёахім Клемент –  матэматык і фізік, які стаў інвестыцыйным аналітыкам. Зараз ён кіруе аддзелам стратэгіі кампаніі Liberum Capital's у Лондане.

А раз у чатыры гады забаўляецца тым, што прадказвае чэмпіёнаў свету. Двойчы яго прагнозы спрацавалі правільна – Германія і Францыя ўзялі тытулы на двух апошніх турнірах.

Ніякай магіі – у Клемента ёсць свой алгарытм.

«Мой досвед дакладны на 100%. Што можа пайсці не так з трэцім прагнозам?»

Аналітык запосціў свой прагноз на чэмпіянат свету ў Катары яшчэ 20 верасня. З поўным тэкстам можна пазнаёміцца ​​па спасылцы, якую ён пакінуў у сваім твітэры.

«Кожныя чатыры гады я пішу тэкст, які збірае значна больш чытачоў, чым што заўгодна з таго, што я публікую. Гэта прагноз на чэмпіянат свету. Сярод банкаў стала традыцыяй рабіць такія прагнозы, каб паказаць, што эканамісты маюць пачуццё гумару (насамрэч, яны яго не маюць) і могуць прадказваць важныя рэчы (насамрэч, не могуць).

Самая галоўная прычына, чаму я раблю такое практыкаванне, – у такой гумарыстычнай форме хачу паказаць, наколькі цяжка рабіць прагнозы. Мы пастаянна гэтым займаемся ў сферы фінансаў, хаця разумеем, наколькі гэта складана рабіць і якой непрадказальнай можа быць рэчаіснасць.

У 2014 годзе я распрацаваў уласную эканаметрычную мадэль, каб спрагназаваць пераможца двух папярэдніх чэмпіянатаў свету. Зараз мой досвед дакладны на 100%. Што можа пайсці не так з трэцім прагнозам?»

У сваім алгарытме Клемент аналізуе не толькі статыстычныя дадзеныя гульцоў і каманд, але і такія паказчыкі, як валавы ўнутраны прадукт і эканамічнае становішча краіны.

Выбралі найцікавейшае з яго прадказанняў, бо Ёахім не толькі разабраўся з будучым трыумфатарам, але і склаў усю турнірную сетку спаборніцтваў.

Сенегал – адзіная зборная з Афрыкі, якая выйдзе ў плэй-оф

Большасць фаварытаў без праблем пройдуць групавы этап, але некаторым будзе цяжка.

«І заўсёды ёсць вялікая футбольная краіна, якая выбывае на групавым этапе, але ніхто не можа сказаць загадзя, хто гэта будзе. Калі мы ўваходзім у фазу плэй-оф, то фарт адыгрывае ўсё большую ролю, асабліва ў складаных кліматычных умовах у Катары», – лічыць Клемент.

Сцерагчыся варта Францыі – на паперы каманда з'яўляецца відавочным фаварытам у сваёй групе, але не варта забываць пра «праклён чэмпіёна». На чатырох з пяці апошніх чэмпіянатах свету ўладальнік тытула выбываў на групавым этапе (Францыя – 2002, Італія – 2010, Іспанія – 2014, Германія – 2018). Толькі ў 2006 годзе Бразілія выйшла з групавога этапу, але прайграла ў чвэрцьфінале.

А Сенегал стане адзінай афрыканскай камандай, якая выйдзе ў плэй-оф.

У плэй-оф будзе багата роўных матчаў

Калі на стадыі групавога этапу Клемент быў больш капітан відавочнасць, то ягоныя прагнозы ў плэй-оф ўжо цікавейшыя.

«Нідэрланды пазбавяцца ЗША гэтак жа хутка, як Партугалія – Швейцарыі. Абедзве каманды лёгка выйдуць у чвэрцьфінал. Матч Аргенціна – Данія павінен завяршыцца перамогай каманды з Паўднёвай Амерыкі.

Іншыя матчы ў 1/8 фіналу будуць даволі роўнымі. Напрыклад, сустрэча Іспанія – Харватыя. У Лукі Модрыча будзе адзін з найлепшых дзён на полі з часоў мінулага чэмпіянату свету. У выніку іспанцы выйграюць у авертайме дзякуючы голу Дані Ольма.

Чыста паўднёваамерыканскім паядынкам будзе матч паміж Бразіліяй і Уругваем. Бразільцы выйграюць з лікам 1:0 дзякуючы голу абаронцы Маркіньяса. Вядома, я выдумляю, але гэта гучыць прыблізна правільна.

Англія супраць ​​​​Сенегалу будзе сапраўды захапляльным матчам дзякуючы атакавальнай і адкрытай гульні абедзвюх каманд, але каманда Саўтгейта стане заслужаным пераможцам.

Імаверна, матч Францыі супраць Мексікі стане першым сапраўдным пераломам на стадыі плэй-оф. Мексіканскія гульцы, якія больш адпачылі, таксама могуць лепш адаптавацца да спякоты ў Катары і прабіцца ў чвэрцьфінал.

Фінальны матч 1/8 фіналу адбудзецца паміж Бельгіяй і Германіяй. Залатое пакаленне Бельгіі прайграе новай нямецкай камандзе. Кай Хаверц заб’е пераможны мяч.

Так, вы нават не ўяўляеце, якія дэталі можа прадказаць наша мадэль», – жартуе аналітык.

Аргенціна – больш, чым адзін Месі, Гары Кейн выйграе «Залатую буцу»

Прагнозы чвэрцьфіналу чэмпіянату свету ў Клемента не менш упэўненыя.

«Аргенціна адносна лёгка пераможа Нідэрланды з лікам 3:1. Гэты матч дасць зразумець, што гульня аргентынцаў – гэта ўжо не шоў аднаго Ліянеля Месі. Такія гульцы, як Лаўтара Марцінес і Радрыга дэ Пауль, цалкам здольныя супрацьстаяць найлепшым у свеце.

Іспанія пераможа Бразілію ў серыі пенальці. Гэта таксама азначае, што футбольны свет не ўбачыць сустрэчу паміж Аргенцінай і Бразіліяй у паўфінале. Англія пераможа Мексіку дзякуючы двум галам Гары Кейна. У рэшце рэшт, ён выйграе «Залатую буцу» двойчы запар.

Матч Германіі з Партугаліяй скончыцца з лікам 0:0 пасля дадатковага часу і пяройдзе ў серыю пенальці. І тут адбудзецца штосьці, што лічылася немагчымым: немцы прайграюць у серыі 11-метровых, а Партугалія выйдзе ў паўфінал».

У фінале згуляюць Англія і Аргенціна

А цяпер самае цікавае – якімі будуць вырашальныя матчы ў Катары.

«Аргенціна выйграе супраць Іспаніі 3-2 у дадатковы час. Не пытайцеся, чаму – яны проста гэта зробяць. У іншым паўфінале Англія здабудзе нязначную перамогу над Партугаліяй».

У фінале ЧС сыдуцца Англія і Аргенціна.

«Праз 40 гадоў пасля Фалклендскай вайны гэтыя дзве каманды сустрэнуцца на самай вялікай сцэне сусветнага футбола. Месі выйграе тое, што ніколі не ўдавалася Крыштыяну Раналду. І Аргенціна адсвяткуе сваю першую перамогу на чэмпіянаце свету за 36 гадоў», – піша Клемент у сваім прагнозе.

«Футбол замяняе рэлігію мужчынам сярэдняга ўзросту»

Не менш цікавыя, чым прагнозы, у Клемента развагі пра футбол і яго значэнне для свету фінансаў.

«Няма нічога больш важнага ў свеце, чым тое, хто выйграе чэмпіянат свету. Ваша праца, ваш шлюб, нараджэнне дзяцей – усё гэта не мае значэння ў параўнанні з тым, хто з гэтых мільянераў лепш б'е па мячы.

У дадатак да таго, што футбол замяняе рэлігію для мужчын сярэдняга ўзросту, як я, футбол у цэлым і чэмпіянат свету ў прыватнасці таксама могуць быць уплывовай сілай на фондавых рынках.

Даследаванні паказалі, што вынікі зборнай на ЧС сапраўды ўплываюць на прыбытак мясцовага фондавага рынку. І рынкі працуюць лепш пасля перамог і горш пасля паразаў».

А яшчэ Ёахім перасцерагае: «Паколькі я працаваў у сферы фінансавых паслуг, я добра навучыўся, яка знаходзіць апраўданні для няправільных прагнозаў. Калі я маю рацыю, гэта маё майстэрства. Калі я памыляюся, вінаваты хтосьці іншы».

Эх, ці ведаў прагназіст, што Аргенты не дасць рады нават Саудаўскай Аравіі? А можа, гэта толькі частка плана?

Фота: твітэр ЧС-2022, Liberum, фэйсбук зборнай Аргенціны

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты