Трибуна

Эрвэ Рэнар – творца перамогі над Аргенцінай: двойчы выйграў Кубак Афрыкі, заўсёды носіць белую кашулю і не ўжывае алкаголь

Трэнер зборнай Саудаўскай Аравіі – топ.

23 лістапада, 12:00
0
Эрвэ Рэнар – творца перамогі над Аргенцінай: двойчы выйграў Кубак Афрыкі, заўсёды носіць белую кашулю і не ўжывае алкаголь

Французскі трэнер Эрвэ Рэнар – адзін са стваральнікаў першай вялікай сенсацыі на ЧС-2022. Яго зборная Саудаўскай Аравіі перамагла Аргенціну на старце турніру – 2:1.

Гэты харызматычны мужчына ў белай кашулі здзіўляе ўжо не першы раз у кар'еры. Расказваем, што варта ведаць пра трэнера, які знешне нагадвае героя «Гульні тронаў» Джэймі Ланістэра.

Рэнар ажаніўся ў Афрыцы і стаў там сваім

Пра Рэнара сапраўды можна здымаць прыгодніцкі серыял. Ён гуляў на пазіцыі абаронцы ў камандах ніжэйшых ліг Францыі. Працаваў у клінінгавай кампаніі пасля завяршэння кар'еры гульца, а затым пачаў трэніраваць. З клубамі нiчога не выйшла, хаця ў яго ёсць мара згуляць у Лізе чэмпіёнаў з французскай камандай.

Але трэнер здолеў стаць сваім у Афрыцы і дасягнуць са зборнымі розных краін гістарычных вынікаў. Ён тып трэнера, які вывучае не толькі мясцовы футбол, але і культуру, і традыцыі. Жонка Рэнара – Віван Дэе з Сенегала.

«Афрыка дае мне свабоду. Не думаю, што я змог бы жыць на сталай аснове дзе-небудзь яшчэ. Кантынент прынёс мне выключнае прызнанне ва ўсіх сферах», – прызнаваўся трэнер.

Цяпер Рэнару 54 гады, але ён у выдатнай форме. Бегае кожную раніцу і не ўжывае алкаголь – кажа, што п'е толькі ваду і капучына.

Упершыню прывёў Замбію да чэмпіёнства Афрыкі

Рэнар працаваў з Ганай, Анголай, але першы вялікі поспех прыйшоў з камандай Замбіі. На Кубку Афрыканскіх нацый-2010 замбійцы пад яго кіраўніцтвам упершыню з 1996 года выйшлі ў плэй-оф турніру.

Падчас другога заходу ў зборную Замбіі Рэнар прынёс камандзе трафей. Гэты Кубак афрыканскіх нацый – першы ў гісторыі не самай топавай зборнай кантынента. Гэты поспех называюць чыста трэнерскай заслугай. За гэта француз стаў ганаровым грамадзянінам Замбіі.

А заўзятарам ён запомніўся сваім добрым сэрцам – пасля перамогі ў фінале ўзяў на рукі траўміраванага футбаліста Джозэфа Мусанду і аднёс да партнёраў па камандзе. Трэнер хацеў, каб яго гулец мог разам з імі адсвяткаваць поспех.

Выйграў другі Кубак Афіканскіх нацый з Кот-д'Івуарам

Праз тры гады Рэнар зрабіў пераможцам Кубка афрыканскіх нацый зборную Кот-д'Івуара. І зрабіў гэта з першай спробы, але ўжо ў іншым стылі. Замест сціплай Замбіі ён атрымаў каманду з топ-гульцамі.

«У мяне былі фантастычныя гульцы. Я проста ім даверыўся. Гэта была камбінацыя, якая дапамагла нам дабіцца поспеху», – кажа Эрве.

Але не ўсё так проста. Да таго часу ў зборнай ужо завяршылі выступленні такія зоркі, як Дзiдзье Драгба, Эмануэль Эбуэ і Дзiдзье Закара. Затое раскрыліся браты Яя і Кало Турэ. Француз зладзіў святочныя танцы разам з футбалістамі з голым тулавам.

Рэнар стаў першым трэнерам у гісторыі футбола, які ўзяў два тытулы ў Афрыцы з рознымі зборнымі.

Вывеў Марока на чэмпіянат свету ўпершыню за 20 гадоў

Далей Рэнар апынуўся ў Марока. Чэмпіёнам Афрыкі каманда з французам не стала (хоць быў выхад у чвэрцьфінал), але ён змог вывесці Марока на чэмпіянат свету. Для зборнай гэта адбылося ўпершыню за 20 год.

На ЧС-2018 зборная Марока паказвала сімпатычны футбол. Яе нават называлi афрыканскай «Барселонай». Але паказаць добры вынік не ўдалося – паражэнне ад Ірана, нічыя з Іспаніяй і мінімальны пройгрыш Партугаліі далi апошняе месца ў групе.

Абгуляў Аргенціну на ЧС-2022

Два гады таму Рэнар прыняў новы выклік – цяпер у Азіі. У кваліфікацыі ЧС-2022 зборная Саудаўскай Аравіі прайшла групу з Японіяй і Аўстраліяй. Статыстыка перамог зрабіла француза найлепшым замежным трэнерам у гісторыі краіны.

Пасля фестывальных каманд у Афрыцы Рэнар адаптаваўся да новых умоў працы. Дысцплiнаваныя гульцы i дапамога федэрацыi, якая спынiла чэмпiянат краiны, дазволiлi сабраць усю каманду за месяц да ЧС. Доўгiя зборы, на якiх гульцы даводзiлi дзеяннi да аўтаматызму i спрабавалi сябе ў таварыскiх матчах, вiдавочна прынеслi плён.

У Саудаўскай Аравіі Рэнар гуляе з акцэнтам на абарону. Цяпер яго вязкі футбол спыніў Месі і аднаго з галоўных фаварытаў на ЧС.

⚽️Чэмпіянат свету-2022 па-беларуску і без VPN! Пампуй дадатак Tribuna.com

Фота: Globallookpress.com/Cao Can/XinHua; IMAGO/Matthias Koch

Іншыя пасты карыстальніка