Tribuna/Футбол/Блогі/ЧС-1950 – галоўная трагедыя бразільскага футбола. Пасля паразы на «Маракане» гульцоў масава выгналі са зборнай, фанаты канчалі жыццё самагубствам

ЧС-1950 – галоўная трагедыя бразільскага футбола. Пасля паразы на «Маракане» гульцоў масава выгналі са зборнай, фанаты канчалі жыццё самагубствам

Як адзінота і канцэнтрацыя перамагла калектывізм і самаўпэўненасць.

25 лістапада 2022, 07:07
ЧС-1950 – галоўная трагедыя бразільскага футбола. Пасля паразы на «Маракане» гульцоў масава выгналі са зборнай, фанаты канчалі жыццё самагубствам

Поўная параза 1:7 ад зборнай Германіі ў паўфінале хатняга чэмпіянату свету-2014 прынята лічыць адной з самых вялікіх трагедый у зборнай Бразіліі. Што можа быць горш, калі цябе, твае мары і надзеі літаральна разбураюць на тваёй жа тэрыторыі – на вачах у родных, сяброў, вашай краіны і ўсяго свету?

Але ў гісторыі Бразіліі была падзея куды больш ганебная і зневажальная, якая стала пачатковай кропкай усіх наступных перамог.

Пасля той няўдачы з каманды масава выгналі гульцоў, а фанаты канчалі жыццё самагубствам. Чэмпіянат свету 1950 года, на якім Бразілія засвоіла самы пакутлівы ўрок на ўсю наступную гісторыю.

ЧС-1950 – турнір без фіналу і з пераможцам, якога абвясцілі яшчэ да пачатку спаборніцтваў

Чэмпіянат свету-1950 – першы падобны турнір пасля завяршэння Другой сусветнай вайны. Перапынак у 12 гадоў, вялікая вайна і шэраг іншых абставінаў зрабілі ЧС у Бразіліі ўнікальным – ён праходзіў па асаблівых правілах і нават не меркаваў класічнага фінальнага матчу за залатыя ўзнагароды і кубак чэмпіёна свету.

Праз ўсё тую ж вайну на галоўны футбольны турнір не даехала шмат каманд. Германію не дапусцілі як агрэсара, Чэхаславакія, Венгрыя, СССР і іншыя еўрапейскія краіны пераадольвалі наступствы вайны і проста не маглі паехаць на чэмпіянат свету, вялікая колькасць краін проста адмовілася ўдзельнічаць у турніры, або знялася пасля лёсавання кваліфікацыйнага этапу, або непасрэдна перад пачаткам спаборніцтваў. ФІФА нават запрасіла на турнір Індыю, якая не павінна была гуляць там першапачаткова, але і яна вырашыла не ехаць у Бразілію: афіцыйная прычына – высокія выдаткі, звязаныя з удзелам у турніры, неафіцыйная – забарона гуляць басанож.

У выніку да самога чэмпіянату «дажыло» усяго 13 каманд. Турнір было вырашана разыграць па незвычайнай формуле – пераможцы чатырох груп фармавалі новы квартэт і разыгрывалі чэмпіёнства па кругавой сістэме. У вырашальны этап прабілася каманда-гаспадыня Бразілія, а таксама Іспанія, Швецыя і Уругвай. Апошняму для выхаду з групы хапіла адной (!) перамогі – праз адмову французаў удзельнічаць у турніры група складалася ўсяго з дзвюх каманд – непасрэдна Уругвая і Балівіі. Матч завяршыўся з лікам 8:0 і падарыў уругвайцам праход у «Фінал чатырох» чэмпіянату свету.

Ужо там бразільцы не пакінулі нічога жывога ад шведаў і іспанцаў у першых двух турах – разграмілі іх 7:1 і 6:1 адпаведна. Уругвайцы згулялі ўнічыю з Іспаніяй 2:2 і ледзь адолелі Швецыю – прайгравалі 1:2 і атрымалі перамогу дзякуючы галам на 77-й і 85-й хвілінах. Фінальны матч, які не быў такім дэ-юрэ, але стаў такім дэ-факта, быў запланаваны на 16 ліпеня. Бразіліі для перамогі ў турніры хапала нічыёй, тады як Уругвай задавальняла толькі перамога.

Вырашальная сустрэча праходзіла на легендарным цяпер стадыёне «Маракана», які быў пабудаваны адмыслова пад гэты чэмпіянат свету. Гэты стадыён стаў найбуйнейшым у Рыа, у Бразіліі і ўва ўсім свеце – ён змяшчаў 195 тысяч фанатаў. Афіцыйна на сам матч паміж Уругваем і Бразіліяй было прададзена 173 830 квіткоў, тады як на самай справе гульню наведала 199 854 гледача. Сустрэча нават увайшла ў Кнігу рэкордаў Гінеса як самы наведвальны футбольны матч у гісторыі.

Сказаць, што ў Бразіліі ўсе рыхтаваліся да перамогі мясцовай каманды - не сказаць нічога. Для каманды ўжо вырабілі залатыя медалі, запісалі спецыяльную песню, а прэзідэнт ФІФА Жуль Рымэ вывучыў віншаванні на партугальскай мове.

Капітан зборнай Уругвая Абдуліа Варэла выйшаў на шпацыр па Рыа-дэ-Жанейра напярэдадні матчу і скупляў усе газеты, якія трапляліся на яго шляху. На першых палосах усіх выданняў была надрукаваная красамоўная фраза: «Бразілія – чэмпіён свету». Варэла, калі вярнуўся ў гатэль, выразаў фота гульцоў зборнай Бразіліі і абляпіў імі туалет. А на іншыя газеты, скінуўшы іх ва ўнітаз, проста памачыўся і заклікаў партнёраў па зборнай зрабіць тое ж самае.

Кожны момант напярэдадні вырашальнага матчу турніру ўругвайцы адчувалі ціск, які немагчыма ні з чым параўнаць ці неяк апісаць. Кожны раз, калі гульцы зборнай Уругвая выходзілі на вуліцу, яны чулі насмешкі ад бразільскіх фанатаў, былі вымушаныя чытаць надпісы, плакаты, слухаць песні і воклічы пра тое, што Бразілія чэмпіён, а ім лепш нават не выходзіць на матч і ўжо ехаць дадому. Ды што там, нават La Gazzetta dello Sport усхваляла Бразілію, маўляў і «спалучае ў сабе навуку, мастацтва, балет і нават цырк, і проста не можа прайграць дома». І гэта было проста немагчыма не ператварыць у дадатковую матывацыю.

«Толькі тры чалавекі прымусілі «Маракану» замаўчаць – Папа Рымскі, Фрэнк Сінатра і я»

«Супраць нас 200 тысяч самазадаволеных бразільцаў, але на поле іх будзе ўсяго 11. Не бывае матчаў, прайграных да пачатку. Наперад, Уругвай!» – прамова капітана Абдуліа Варэлы павінна была заматываваць уругвайцаў, але сканцэнтравацца на футболе на той «Маракане» было проста немагчыма. У той час, як бразільцы спакойна прыбылі на стадыён і настройваліся на гульню ў сваёй распранальні, гульцам зборнай Уругвая было праблематычна нават спакойна прайсці ў падтрыбунку – кожны бразілец вакол смяяўся, крычаў і нават жадаў ім смерці. У тунэлі перад выхадам на поле Варэла працягваў падбадзёрваць сваіх гульцоў: «Спакойна выходзьце і не глядзіце ўверх. Ніколі не глядзіце на трыбуны. Матч гуляецца ўнізе». Бразільцы на трыбунах ужо святкавалі перамогу, яны ўжо былі чэмпіёнамі свету – яшчэ да стартавага свістка матчу, які ўсё вырашаў.

Увесь першы тайм Уругвай «паміраў» у абароне – бразільцы нанеслі 17 (!) удараў па варотах гасцей, але так і не змаглі забіць. Хуан Альберта Ск'яфіна, адзін з найважнейшых гульцоў Уругвая, пазней апісаў гэтыя 45 хвілін у сваёй аўтабіяграфіі як «пекла, дзе нас смажаць у вялікай патэльні». Бразільцы забілі адразу пасля перапынку – лік адкрыў Фрыяса. На трыбунах нават перасталі глядзець гульню, перамога бразільцаў дакладна рабіла іх чэмпіёнамі, а яны да гэтага на турніры не проста не прайгравалі, а нават не саступалі нікому ў ліку. Усё той жа капітан Варэла прыдумаў спосаб, як «патушыць» бразільцаў – ён некалькі хвілін спрачаўся з арбітрам па афсайдзе, проста каб пацягнуць час і суняць гульцоў на полі і фанатаў на трыбунах. Геніяльнасць плана заключалася ў тым, што ангельскія арбітры не разумелі іспанскага, а Варэла не гаварыў на англійскай. Пасля матчу капітан уругвайцаў прызнаўся, што яго планам было не адмяніць гол, а вывесці бразільцаў з сябе – у яго гэта атрымалася, некаторыя супернікі ўжо пачалі дазваляць сабе нецэнзурную лаянку ў адрас Абдуліа.

Бразільцы перабудаваліся і дазволілі ўругвайцам больш трымаць мяч – на 66-й хвіліне атака, якую пачаў Варэла, ператварылася ў гол Ск'яфіна. Уся «Маракана», фанаты і футбалісты былі настолькі шакаваныя, што маментальна заціхлі. Уругвай працягваў ціснуць, а бразільцы, успомніўшы пра тое, што іх задавальняе і нічыя, проста спрабавалі ўтрымаць патрэбны рахунак. За што і паплаціліся – на 79-й мяч забіў уругваец Альсідэс Гіджа. Удзельнікі таго матчу ўспаміналі, што на стадыёне пасля гэтага гола запанавала мёртвая цішыня. Уругвай у атаку больш не хадзіў – засеў у абароне і адбіваў ўсе спробы Бразіліі аднавіць лік. І гасцям такі ўдалося ўтрымаць патрэбны лік.

Фінальны свісток зафіксаваў перамогу ўругвайцаў з лікам 2:1 – яны сталі чэмпіёнамі свету-1950, у другі раз у сваёй гісторыі выйграўшы трафей. Бразільцы ўпалі на газон і доўга не падымаліся. Гульцы ўспаміналі, што проста баяліся падымаць галаву. А герой вырашальнай сустрэчы і аўтар чэмпіёнскага гола Альсідэс Гіджа пасля матчу выдаў проста геніяльную фразу: «Толькі тры чалавекі маглі прымусіць «Маракану» замаўчаць – Папа Рымскі, Фрэнк Сінатра і я».

Бразільцы распусцілі каманду і назаўжды адмовіліся ад белай формы. Уругвайцы зрабілі дзень фіналу нацыянальным святам

Двое бразільскіх фанатаў пасля ганебнай хатняй паразы ў галоўным на той момант матчы ўсяго бразільскага футбола проста скокнулі з трыбун «Мараканы» і разбіліся. Больш за 200 чалавек трапілі ў лякарні з парушэннем псіхікі, а па ўсёй краіне каля 300 чалавек здзейснілі самагубства. З той зборнай Бразіліі, якая выносіла ўсіх на шляху, паказвала феерычны футбол і граміла супернікаў адзін за адным, пасля паразы ад Уругвая масава выгналі футбалістаў – чацвёра гульцоў больш ніколі не выклікаліся ў нацыянальную каманду, у тым ліку яе капітан Аўгуста. Наогул толькі двое гульцоў той каманды выклікаліся ў зборную на наступныя чэмпіянаты свету. Некаторыя футбалісты прымалі ўдзел у наступных матчах каманды, але катэгарычна не выклікаліся на буйныя турніры. А галкіпера Барбозу, якога тады звінавацілі ў другім прапушчаным мячы (ён дапусціў памылку і прапусціў у блізкі кут), наогул не падпускалі ні да чаго, што звязана са зборнай. Нават забаранілі яму каментаваць матч зборнай у 1993-м – праз 43 (!) гады пасля таго самага матчу.

Гэты матч увайшоў у гісторыю як «Мараканаса» – у перакладзе з партугальскай мовы – крах на «Маракане» (дарэчы, па аналогіі з гэтым параза 1:7 ад Германіі на ЧС-2014 на стадыёне «Мінейран» атрымала назву «Мінейраса»). Газеты адмаўляліся прызнаць паразу мясцовай каманды, некаторыя журналісты звальняліся з працы і не хацелі працаваць, каб не паведамляць, не асвятляць і ніяк не ўзаемадзейнічаць з чэмпіянатам свету. А сама зборная Бразіліі назаўжды адмовілася ад белай формы, у якой праводзіла той матч, замяніўшы яе на традыцыйныя для сённяшніх дзён сінюю і жоўтую. Ніякай чэмпіёнскай цырымоніі для зборнай Уругвая таксама не было – прэзідэнт ФІФА Рымэ проста паціснуў руку капітану каманды Абдуліа Варэле, сунуў яму кубак і знік сярод людзей. «Я паціснуў яму руку, аддаў трафей і не змог выціснуць з сябе ні слова. Усё было прадугледжана, акрамя перамогі Уругвая», – успамінаў падзеі пасля таго фіналу сам Жуль Рымэ.

«У любы іншы дзень уругвайцы пацярпелі б разгромнае паражэнне, але менавіта дата 16 ліпеня 1950 года стала для бразільцаў фатальнай», – так матч захаваўся ў памяці легенды зборнай Зізіньё. Дзень вырашальнага матчу ЧС-1950, 16 ліпеня, стаў нацыянальным святам ва Уругваі, якое адзначаецца дагэтуль. А за суперніцтвам Бразіліі і Уругвая замацавалася мянушка «прывід 1950-га». Бразільцы дагэтуль баяцца гуляць з гэтай зборнай, асабліва калі гэта даводзіцца рабіць на «Маракане». З тых часоў бразільцы ўжо пяць разоў станавіліся чэмпіёнамі свету – больш, чым любая іншая зборная. Яны ўсталявалі вялікую колькасць рэкордаў і да гэтага часу не прапусцілі ні аднаго турніру. Але перадумовай гэтых перамог стаў не трыўмф, да якога ўсе і ўсё было гатова, а спусташальнае паражэнне, якое прымусіла Бразілію зрабіць высновы і стала кропкай адліку далейшых дасягненняў «селесао».

Фота: Bob Thomas/Popperfoto, Getty Images

⚽️Чэмпіянат свету-2022 па-беларуску і без VPN! Пампуй дадатак Tribuna.com

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты