Да адкрыцця радовішчаў нафты і газу Катар быў пустыняй – цяпер трацяць на ЧС-2022 220 млрд долараў

Адна з самых багатых краін свету ставiць рэкорд.

25 лістапада, 16:59
0
Да адкрыцця радовішчаў нафты і газу Катар быў пустыняй – цяпер трацяць на ЧС-2022 220 млрд долараў

Чэмпіянат свету ў Катары – самы дарагі ў гісторыі. Краіна-арганізатар выдаткавала на правядзенне турніру 220 млрд долараў. Каб зразумець маштабы – для Бразіліі ЧС-2014 каштаваў 15 млрд.

Адкуль у такой маленькай краіны столькі грошай?

Катар мае трэці сусветны запас прыроднага газу

Яшчэ Герадот пісаў пра плямёны, якія засялялі сучасную тэрыторыю Катара. У розны час ён знаходзіўся пад кантролем Персіі, Амана і Бахрэйна. У гады Першай сусветнай вайны Катар перайшоў пад кантроль Вялікабрытаніі. Каралеўства адказвала за бяспеку свайго пратэктарату і яго знешнія адносіны, а ўзамен атрымлівала прывілеі з адлову жамчужын.

Катар быў вельмі беднай краінай. Гэта можна зразумець нават па фота Дохі за 1904 год. Усё змянілася пасля таго, як у краіне адкрылі буйныя нафтавыя і газавыя радовішчы.

Калі вельмі сцісла, то пасля гэтага па пустыні пачалі цячы нафтадолары. А ў 1971 годзе краіна здабыла незалежнасць ад Вялікабрытаніі – разышліся мірна і нават падпісалі дамову пра сяброўства. Катар пачаў самастойна ісці сваім шляхам.

Зараз краiну, якая займае менш за палову Мінскай вобласці і мае насельніцтва менш за тры мільёны чалавек, называюць самай багатай у свеце. Катар мае каля 12 працэнтаў сусветных запасаў прыроднага газу. Гэта трэці паказчык у свеце. Такія прыродныя багацці вывелі краіну ў статус шостага экспарцёра газу. Таксама Катар – 21-ы ў свеце экспарцёр нафты і нафтапрадуктаў.

Пасля забароны на экспарт расійскай нафты і газу ў ЗША менавіта Катар (разам з Калумбіяй) сталі саюзнікамі амерыканцаў. Краіна таксама дапамагае дзяржавам ЕС перамагчы залежнасць ад расійскіх энерганосьбітаў.

Вось, уласна, адкуль мільярды на чэмпіянат свету па футболе. І менавіта гэта дазволіла ператварыць пустыню ў аазіс будучыні, а яе жыхароў – у заможных шэйхаў. ВУП на душу насельніцтва – больш за 100 тысяч долараў. Гэты паказчык уваходзіць у топ-5 па ўсім свеце.

Але кіруючая дынастыя Катара ўкладваецца таксама ў іншыя сферы, разумеючы, што нафта не вечная. У краіне развіваюцца лагістыка і IT. Парты і аэрапорт Дохі – вялікія транспартныя вузлы. У свой час Qatar Airways пачынаў з чатырох самалётаў – зараз гэта адзін з самых магутных авіяперавозчыкаў у свеце.

У Катары сексуальныя адносіны да шлюбу – злачынства

Асноўная тэма гэтага чэмпіянату свету – парушэнне правоў чалавека, хаця Катар карыстаецца рэпутацыяй адной з самых адкрытых арабскіх краін. Збольшага гэта заслуга папулярнага сусветнага рэсурсу «Аль-Джазіра».

У цэлым, Катар – гэта спалучэнне моцнай эканомікі, сучасных тэхналогій і звычаяў мінулага. Краіна мае 5G і футурыстычныя гарады будучыні, але моцна чапляецца за традыцыяналiзм.

З-за строгіх правілаў iслама катарцам публічна нельга паказваць свае пачуцці і арыентацыю, агаляць часткі цела, гучна слухаць музыку, ўжываць алкаголь. Піць піва на стадыёнах падчас ЧС спачатку быццам бы дазвалялi, а за два дні да турніру забаранiлi. Па некаторых справах за «парушэнне грамадскай маралі» могуць пасадзiць нават без суда.

Асабліва дастаецца жанчынам. Праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch у мінулым годзе апублікавала справаздачу па сітуацыі з правамі. Сцісла гэта можна назваць «глыбокая дыскрымінацыя». Ад мужчын залежыць дазвол на шлюб, паездкі, вышэйшую адукацыю, лёс дзяцей – усё.

Злачынства ў Катары не толькi гомасексуальнасць, але i традыцыйны палавы акт да шлюбу. Пакаранне – пазбаўленне волі на тэрмін да 7 гадоў.

Першы ЧС на Блізкім Усходзе – буйны іміджавы праект Катара, якi не ўдаўся

У цэлым жа першы ЧС на Блізкім Усходзе – буйны іміджавы праект Катара. Пераважная большасць мільярдаў пайшлі на нефутбольную інфраструктуру – метро, ​​міжнародны аэрапорт, дарогі, каля 100 гатэляў і месцы для адпачынку. Катар за 12 гадоў пабудаваў сем стадыёнаў проста з нуля. Вакол арэны, якая прымала матч-адкрыцця, фактычна ўзвялі новы горад – Лусаіл. Замежнiкам павiнна было спадабацца.

Але ж шэйхi наўрад цi марылi пра вынiк, якi атрымалi. Усе прыгожыя вiды аказалiся не так важны для мiжнародных медыя, як прынiжэнне правоў чалавека. А яшчэ шырока было асветлена тое, што за аблiчча турнiру заплацiлi чалавечымi жыццямi. У краіне на будоўлях працавала больш за 2 мільёны рабочых з Непала, Індыі і Бангладэша. Розныя крыніцы паказваюць розныя лічбы загінуўшых на будаўніцтве – ад соцень чалавек да дзясяткаў тысяч.

ФІФА падтрымлiвае Катар (здаецца, проста за грошы) i забараняе зборным праводзіць акцыі наконт правоў чалавека ці ў падтрымку ЛГБТ. Але ж гэта не змяншае абуранасцi ў Еўропе i Амерыцы.

Аднак ёсць i станоўчыя для Катара моманты. Некаторыя эксперты мяркуюць, што сенсацыйная перамога Саудаўскай Аравіі над Аргенцінай, якую эмір Катара святкаваў з аравiйскiм сцягам, пазiтыўна паўплывае на складаныя адносiны суседзяў па Аравiйскiм паўвостраве з-за добрых успамiнаў i рэакцыi краiны-гаспадара.

Але для многiх у гэтага чэмпіянату свету застанецца прысмак вечарынкі для багатых шэйхаў коштам хабараў і крыві працоўных. Дарэчы, самі заможныя катарцы больш любяць сакалінае паляванне, чым футбол.

Фота: AP, imago sportfotodienst / Globallookpress.com

⚽️Чэмпіянат свету-2022 па-беларуску і без VPN! Пампуй дадатак Tribuna.com

Іншыя пасты карыстальніка