Tribuna/Футбол/Блогі/Луі ван Гал – круты дзядзька. Перажыў смерць жонкi са здзекамi фанатаў, кiраваў камандамi з каляскi, перамог рак

Луі ван Гал – круты дзядзька. Перажыў смерць жонкi са здзекамi фанатаў, кiраваў камандамi з каляскi, перамог рак

Найстарэйшы трэнер на ЧС-2022.

30 лістапада 2022, 12:00
Луі ван Гал – круты дзядзька. Перажыў смерць жонкi са здзекамi фанатаў, кiраваў камандамi з каляскi, перамог рак

Для Луі ван Гала чэмпіянат свету ў Катары другі ў кар'еры. На папярэднім трэнер узяў бронзу, што само па сабе ставіць яго ў спіс легенд нідэрландскага футбола. Луі – максімаліст са складаным характарам, які ўжо стаў рэкардсменам зборнай Нідэрландаў па колькасці перамог у зборнай у ролі галоўнага трэнера.

Яго кар'ера – каскад скандалаў і трыўмфаў, гучных падзенняў (часам у прамым сэнсе слова) і вялікіх дасягненняў, смешных гісторый і трагічных старонак. Але, нягледзячы ні на што, Луі заўсёды ішоў да сваёй мэты і пераадольваў тыя выпрабаванні, якія падкідваў лёс.

Яму 71 год, ён самы стары трэнер ЧС-2022, але ўсё такі ж энергічны і сур'ёзна марыць пра перамогу на мундзіялi.

Страціў бацьку ў 11, раўняўся на Міхелса, раздражняў партнёраў сваім максімалізмам

На гэтым чэмпіянаце свету Луі ван Гал – не толькі самы дасведчаны, але і самы тытулаваны трэнер. Ён выйграваў Лігу чэмпіёнаў, Кубак УЕФА, Суперкубак УЕФА, Міжкантынентальны кубак, браў бронзу і срэбра на чэмпіянатах свету. Але як футбаліст Луі быў малавядомым і практычна нічога не дасягнуў.

Луі быў малодшым у сям'і, дзе было дзевяць дзяцей, i страціў бацьку ўжо ў 11-гадовым узросце. Хлопчыку давялося дапамагаць маці ва ўсім. Гэта загартавала яго, навучыла дысцыпліне і адказнасці. У будучыні ўсе гэтыя якасці спатрэбіліся яму ў трэнерскай кар'еры і дапамаглі перабудаваць «Аякс».

Асноўную частку кар'еры футбаліста Луі правёў у «Спарце» з Ратэрдама. Але ўжо тады ён марыў быць трэнерам і гуляў, як трэнер. «Мае сябры захапляліся футбалістамі, а я – Рынусам Міхелсам. Я ўжо тады разумеў, што хачу трэніраваць», – казаў Луі.

Яго партнёры часта ўспаміналі, як Луі, прыйшоўшы ў «Спарту», вельмі раздражняў сваімі пастаяннымі падказкамі. «Мы рыхтавалі перадматчавы план, але потым ён браў ініцыятыву і часта змяняў тактыку. Ён быў трэнерам на полі», – словы Адры Адрыесэна, гульца той каманды.

Для Луі было важна атрымаць адукацыю, і ён заўсёды марыў быць настаўнікам – як Міхелс. Ён лічыў, што праца трэнера і настаўніка вельмі падобная, а футбалістаў часта называў «вялікімі дзецьмі». Толькі ў спорце трэба дасягаць выніку, а ў школе важны працэс. Узначаліўшы «Аякс», Луі ўмела спалучыў – выйграў кучу трафеяў і перабудаваў легендарную сістэму падрыхтоўкі «Аякса», якая пасля падарыла свету шмат зорак.

Першая жонка ван Гала памерла ад раку, заўзятары «Феенорда» здзеквалicя, пасля гэтага Луі перастаў верыць у Бога

Легендарны сезон 1994/95, калі «Аякс» выйграў усё, што толькі можна было, ван Гал праводзіў на фоне жудаснай драмы – пакуль каманда здабывала трафеі, яго жонка пакутліва памірала ад раку.

Луі было ўсяго 18 гадоў, калі ён сустрэў Фернанду. Яны стварылі шчаслівую сям'ю, але ў 1994 годзе ў жанчыны знайшлі рак печані і падстраўнікавай залозы. Трэнер звяртаўся да лепшых хірургаў, але ўсё было дарэмна. Фернанда памерла пасля некалькіх цяжкіх месяцаў хваробы. Муж і жонка пражылі разам амаль дваццаць гадоў і займелi дзвюх дачок.

Фанаты сапернікаў «Аякса» знайшлi ў сiтуацыi толькi нагоду паздзеквацца. А фанаты «Фееноорда» у матчы Кубка Нідэрландаў увогуле скандавалі: «У ван Гала была ракавая сука, цяпер ён жыве адзін». Але ван Гал пераносіў усе стаічна і не паказваў вiду.

Луі выхоўваўся ў строгіх каталіцкіх канонах. Кожную нядзелю ён хадзіў разам з сям'ёй у царкву. Але смерць Фернанды змяніла яго стаўленне да веры.

«Смерць маёй жонкі азначала для мяне значна больш, чым футбол. Калі я ўбачыў пакуты сваёй каханай, я падумаў, што гэтага не можа быць. Бог павінен шанаваць чалавека. Гэтак жа і з войнамі. Калі б Бог існаваў, ён не дазволіў бы такому здарыцца», – казаў Луі.

У Катары Луі на вачах у журналістаў паклікаў сваю другую жонку заняцца сексам у гатэлі

Луі цяжка перажываў страту Фернанды. Нават зараз, амаль праз тры дзесяткі гадоў, у гасцінай ван Гала вісіць яе партрэт. Труус, яго другая жонка, зусім не бачыць у гэтым праблемы і з павагай ставіцца да мінулага Луі.

Ван Гал сышоўся з Труус яшчэ ў 1995 годзе, але ажаніліся яны толькі праз 13 гадоў, калі Луі было 57. Вяселле згулялі ў дзень нараджэння трэнера – 08.08.2008. Пара проста стамілася, што ў друку Труус называюць «сяброўкай» ван Гала.

Як кажа жонка, Луі – вялікі рамантык, памятае ўсе даты і часта радуе падарункамі.

«Ён памятае, што было цёмна, калі мы сустрэліся ўпершыню. Ён умее ствараць атмасферу свята. Мы пачалі жыць разам 22 снежня 1995 года. Я часам забываю пра гэта, а ён – не. Для яго гэта асаблівая дата, як дзень вяселля. Раніцай ён часта кажа мне: «Ты ўжо зазірнула пад падушку? Ці няма там яшчэ аднаго падарунка?». Ён увогуле любіць дарыць падарункі», – кажа Труус.

Ван Галу 71, ён да гэтага часу бадзёры і вясёлы. Падчас нядаўняй трэніроўкі зборнай Нідэрландаў у Катары да яго падышла Труус. Трэнер на вачах журналістаў сказаў ёй: «Ты можаш прыйсці ў гатэль, у мой нумар. Зоймемся сексам». Пасля гэтага зірнуў у камеры і шырока ўсміхнуўся.

Кіраваў дзеяннямі каманды нават на інваліднай калясцы

Ван Гал абяцаў жонцы скончыць трэнерскую кар'еру ў 55 гадоў, ён хацеў праводзіць больш часу з ёй. Але у рэальнасцi летась вярнуўся да зборнай у трэці раз.

У лістападзе 2021 года ван Гал упаў з ровара падчас традыцыйнай велапрагулкі з нацыянальнай зборнай i пашкодзіў сцягно, пасля чаго не мог самастойна перасоўвацца. Прыйшлося праводзіць трэніроўкі, седзячы на ​​гольф-кары, а матч кваліфікацыі ЧС-2022 з Нарвегіяй трэнер глядзеў у інваліднай калясцы.

«Мне вельмі балюча, таму я ў калясцы. Але праца трэнера выконваецца мозгам, а ён у мяне па-ранейшаму працуе», – заявіў настаўнік.

Гэта не першы пералом нагі для Ван Гала. У 2007 годзе на сустрэчы выпускнікоў Акадэміі фізічнай культуры ён зламаў малую галёначную косць, калі спрабаваў паказаць свае ўменні ў скачках з шастом. Па словах трэнера, практыкаванне ён выканаў выдатна, але потым паслізнуўся на гладкай падэшве сваіх туфляў, якія не падыходзілі для такой справы. Прыйшлося рабіць аперацыю і правесці ў калясцы некалькі матчаў АЗ, які ЛВГ тады трэніраваў.

Перамог рак прастаты, трымаўшы дыягназ ў сакрэце

4 красавіка 2022-га на галандскім ТБ Луі прызнаўся, што доўга змагаецца з ракам прастаты. Навіна шакавала не толькi футбалістаў i балельшчыкаў, але i нават некаторых членаў сям'і трэнера. Немагчыма было ўявіць, што ў яго за плячыма 25 працэдур прамянёвай тэрапіі.

«Футбалісты не ведаюць пра гэта. Яны бачаць чырвань на маіх шчоках і думаюць: «Гэта здаравяк». Канешне, гэта не так. Я ведаю, што такое гэта хвароба, перажыўшы смерць жонкі. Але гэта толькі частка жыцця. Дзякуючы гэтаму досведу я, відаць, стаў багацейшым як чалавек», – сказаў Луі.

Урачы паставілі дыягназ Луі ў канцы 2020 года. Каб ніхто не ведаў пра хваробу, медыкі цалкам закрывалі аддзяленне падчас візітаў ван Гала. А праз паўгода яму зноў прапанавалі ўзначаліць зборную Нідэрландаў. Жонка падтрымала свайго мужа, яны вырашылі, што футбол дасць станоўчыя эмоцыі, якія дапамогуць справіцца з хваробай.

Напярэдадні другога міжнароднага матча пад яго кіраўніцтвам у кастрычніку ван Гала ўразіла нырачная інфекцыя з тэмпературай вышэй за 40 градусаў, але яму ўдалося схаваць хваробу ад гульцоў – з катэтэрам на жываце і прымацаваным пакетам для мачы.

Сам ван Гал называе 2021 год адным з самых складаных у яго жыцці. Але зараз медыкі кажуць, што тэрапія падзейнічала.

Хутчэй за ўсё, для Луі гэты мундыяль – апошні ў кар'еры. I яго гісторыя заслугоўвае самага прыгожага канца.

⚽️ Чэмпіянат свету-2022 па-беларуску і без VPN! Пампуй дадатак Tribuna.com

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты