Tribuna/Футбол/Блогі/Заўважылі «трэцi бок» у валоданні мячом на чэмпіянаце свету? Разбiраемся, што гэта

Заўважылі «трэцi бок» у валоданні мячом на чэмпіянаце свету? Разбiраемся, што гэта

Не адзінае новаўвядзенне ЧС-2022, якое паўплывае на футбол.

Аўтар — bytribuna com
3 снежня 2022, 00:22
Заўважылі «трэцi бок» у валоданні мячом на чэмпіянаце свету? Разбiраемся, што гэта

Кожны чэмпiянат свету «падсвечвае» пэўныя новаўвядзенні, якія потым прыжываюцца (ці не вельмі) у сусветным футболе. Успомнiце эксперыменты па фізіцы мяча на ЧС-2010, знікаючы спрэй і тэхналогію аўтаматычнай фіксацыі гола на ЧС-2014, паўнавартаснае ўкараненне ВАР на ЧС-2018.

ЧС-2022 таксама мае па меншай меры два такіх новаўвядзенні - «спрэчнае» валоданне ў статыстыцы валодання мячом і зусім новы падыход да кампенсаванага часу.

«Спрэчнае» валоданне: каму і як менавіта яно прысуджаецца

Заўважыць гэтае новаўвядзенне было няцяжка – ужо ў матчы-адкрыцці паміж Катарам і Эквадорам з'явіўся «трэці бок». Калі вы раптам прапусцілі, выглядае гэта вось так:

Гэта датычыцца выпадкаў, калі ні адна з каманд фактычна не валодае мячом, а менавіта:

• калі два гульцы розных каманд змагаюцца за мяч;

• калі гулец каманды, якая абараняецца, выбівае мяч з варот (мяч нікому не належыць, пакуль гулец адной з каманд яго не падбярэ);

• калі гулец каманды, якая абараняецца, блакуе ўдар або перахапляе пас, але яшчэ цалкам не завалодвае мячом;

• калі варатар адбівае мяч, робячы сэйв (аналагічна з выбіваннем, мяч нічыйны, пакуль хтосьці яго не падбярэ; але тут той, хто падабраў, яшчэ павінен выканаць любое дзеянне – пас або яшчэ адзін дотык, напрыклад, – каб зафіксаваць валоданне);

• іншыя асаблівыя выпадкі, калі ні адна з каманд не валодае мячом ці абедзве змагаюцца за яго.

Гэтае новаўвядзенне ўжо патлумачыў галоўны камунікатар футбольных рэформ, кіраўнік аддзела развіцця ФІФА Арсен Венгер: «Статыстыка кантролю мяча – натуральнае развіццё традыцыйнай статыстыкі валодання мячом. Гэтая статыстыка падкрэслівае, хто валодае мячом на працягу гульні. Акрамя звычайнага, традыцыйнага стану мяча ў гульні, яна таксама ўключае «спрэчны» стан, калі ні адна з каманд фактычна не валодае мячом. Яна прапануе свежы погляд на тое, наколькі спаборніцкі быў матч, а таксама наколькі дамінавала адна каманда над іншай».

Шмат кампенсаваных хвілін – першы крок да чыстага гульнявога часу

За 10 дзён, якія доўжыцца ЧС, усе ўжо звыкліся з 8+ хвілінамi кампенсаванага часу. Гэта таксама «новаўвядзенне» ад ФІФА, дзе ўжо даволi даўно так ці інакш узнікае ідэя «чыстага гульнявога часу». Уласна, гэта ў якасці аргументу выкарыстаў старшыня судзейскага камітэта ФІФА П'ерлуіджы Каліна:

«Мы сказалі ўсім не дзівіцца, калі ўбачаць, як чацвёрты арбітр паднімае табло з вялікай лічбай. Калі мы жадаем бачыць чысцейшы гульнявы час, то павінны быць гатовыя да такой колькасці дадатковага.

У матчы з трыма забітымі мячамі прыкладна пяць ці шэсць хвілін займаюць святкаваннi. Таму мы хочам дакладна разлічваць дададзены час у канцы кожнага з таймаў».

Магчыма, гэта шлях да абсалютнага чыстага гульнявога часу – прыпыненнем таймера ў любой паўзе, як у хакеі.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты