19-гадовы Белінгем – адзін з найлепшых цэнтрхаваў свету. Сталы не па гадах, ужо каштуе 90 мільёнаў і асноўны у зборнай Англіі

Адзiн з герояў «Трох ільвоў».

5 снежня, 18:59
1
19-гадовы Белінгем – адзін з найлепшых цэнтрхаваў свету. Сталы не па гадах, ужо каштуе 90 мільёнаў і асноўны у зборнай Англіі

Джуд Белінгем у свае 19 уваходзiць у шэраг найлепшых цэнтральных паўабаронцаў свету. Хаўбек дортмундскай «Барусіі» стаў трэцім капітанам каманды пасля дасведчаных Марка Ройса і Матса Хумельса, забяспечыў сабе месца ў стартавым складзе зборнай Англіі і відовішчным, а галоўнае, упэўненым футболам падняў свой цэннік да 90 млн еўра па дадзеных Transfermarkt.

Дык што ж у ім такога асаблівага?

У 16 Белінгем ужо адгуляў поўны сезон за «Бірмінгем». Клуб назаўжды замацаваў за ім 22-і нумар – каб натхняць падрастаючыя пакаленні

Калі ў 2020-м «Дортмунд» набыў мала каму вядомага футбаліста, якому толькі што споўнілася 17, ды яшчэ і за 25 млн еўра, узніклі пытанні. На той час у Джуда за спінаю быў адзiн поўны сезон за аснову «Бірмінгема» ў Чэмпіёншыпе. Як толькі Белінгему споўнілася 16, ён дэбютаваў у матчы Кубка лігі, а пасля стаў неад'емнай часткай не толькі заяўкі на матч, але і стартавага складу. У сваім першым сезоне на прафесійным узроўні ў 44 матчах (35 – у аснове) малады англічанін забіў 4 мячы і аддаў 2 асісты, але перш за ўсё зарэкамендаваў сябе як надзвычай сталы, упэўнены і разумны футбаліст.

Калі пераезд у Дортмунд здаваўся непазбежным, у барацьбу за футбаліста ўключыўся «Манчэстэр Юнайтэд». Белінгема з сям'ёй запрасілі на экскурсію па клубнай базе, распавялі пра яго далейшыя перспектывы ў камандзе i асабiста пазнаёмiлi з легендарным сэрам Алексам Фергюсанам, які пераконваў Джуда і яго бацькоў пераехаць у Манчэстэр. Прэса пісала, што «МЮ» прапаноўвае больш, чым «Дортмунд», гаварылі пра варыянт з арэндай у яго родны клуб яшчэ на сезон, але ў рэшце рэшт англічанін абраў «Барусію».

Белінгем пачаў абараняць колеры «Бірмінгема», калі яму было 7 гадоў. У сезоне 2019/20 ён стаў самым маладым футбалістам, які калі-небудзь гуляў за бірмінгемскі клуб (16 гадоў і 38 дзён), а потым стаў самым маладым аўтарам забітага мяча (16 гадоў і 63 дні). Бірмінгемцы прадалі Джуда ў Германію за рэкордную суму ў гісторыі клуба, а пазней, хаця звычайна так робяць з тымi, хто шмат гадоў адгуляў за аснову, назаўжды замацавалі за Белiнгемам яго клубны нумар 22 – для таго, каб натхніць маладое пакаленне браць прыклад з Джуда як у футбольным плане, так і ў паводзiнах.

Разам з «Барусіяй» «Бірмінгем Сіці» зняў дакументальны фільм пра імклівае развіццё англічаніна.

У мінулым сезоне, дарэчы, за аснову бірмінгемцаў дэбютаваў родны брат Джуда – на той момант таксама 16-гадовы Джоўб. Пачынаючы з кампаніі 2022/23, ён стаў паўнавартасным членам першай каманды і ўжо адгуляў 9 матчаў з пачатку сезона (у верасні яму споўнілася 17).

У 17 Белінгем стаў асноўным у «Дортмундзе», цяпер – безальтэрнатыўны лідар

«Барусія» яскрава прадставіла футбаліста са слоганам Hey Jude! (адсылка да легендарнага сінгла The Beatles, які гурт выпусціў у жніўні 1968 года), а Белінгем адразу ж стаў гульцом асноўнага складу. Англiчанiн забіў свой першы мяч за чорна-жоўтых у першым жа афіцыйным матчы, а ў першым матчы ў Бундэслізе аддаў галявую перадачу. Усяго ў сезоне Джуд правёў 46 матчаў, у якіх вызначыўся чатырма галамі і чатырма асістамі, а ў канцы сезона ўзяў першы ў кар'еры трафей – Кубак Германіі.

Наступны год стаў асабістым прарывам для Белінгема, які за ўсю кампанію прапусціў усяго два матчы: адзін – з-за невялікага пашкоджання, другі – з-за перабору жоўтых картак. Увогуле англічанін згуляў 44 паядынкі мінулага сезона (усе паядынкі пачынаў са старту) i зрабiў 6 галоў і 14 асістаў ва ўсіх турнірах.

Калі ж не абмяжоўвацца толькі статыстычнымі фактамі, то варта адзначыць, што многія галявыя атакі «Дортмунда» у мінулым сезоне пачалася менавіта так (скрыншот – з матча пазамінулага сезона).

У пачатку кастрычніка 2022-га 19-гадовы англічанін выводзіў «чмялёў» на поле з капітанскай павязкай на матчы з «Кёльнам» у Бундэслізе і «Севільяй» у Лізе чэмпіёнаў.

У цяперашнім сезоне ў Джуда 9+3 у 22 матчах за клуб. Цяпер ён лічыцца галоўнай надзеяй і безальтэрнатыўным лідэрам «Дортмунда». У свае 19 юнак ужо згуляў больш за 100 афіцыйных матчаў за дортмундскі клуб.

Мае вельмі крутыя скілы для сваёй пазіцыі, зараджае фанатаў, можа вымаўляць старэйшым

Белінгем – стандартная 8-ка. Звычайна ў камандзе, якая не гуляе першым нумарам (а менавіта ў такую каманду ператварыўся «Дортмунд» сёлета), цэнтральныя паўабаронцы адыгрываюць альбо найважнейшую ролю, альбо застаюцца незаўважнымі. Джуд – адзін з тых, хто ззяе, але не толькі з-за тактыкі або схем трэнера. Белінгем робіць уражанне гульца з каласальным досведам, які дакладна ведае, што ён робіць.

Паказальны момант – у выязным матчы з «Севільяй», у якім «Барусія» перамагла 4:1. У той час, як адразу два партнёры паказвалі зрабiць перадачу назад, Белінгем (непрацоўнай) левай нагой выканаў фантастычны перавод мяча на левы фланг.

Там быў Рафаэл Герэйра, які прыняў мяч і шыкоўным ударам адкрыў лік у паядынку.

У англічаніна вельмі добрая тэхніка і дрыблінг для футбаліста цэнтра поля (часам здаецца, што ён быў бы добрым вінгерам, калi б дадаў крыху хуткасцi), доўгія ногі дапамагаюць падчышчаць у абароне. З iм таксама бачанне поля, хуткае прыняцце рашэнняў, пастаяннае жаданне быць на мячы і весці гульню.

Лідарскія якасцi – магчыма, самы галоўны плюс Джуда. Давер у «Бірмінгеме», своечасовы (хто б мог падумаць, што так можна сказаць пра 17-гадовага юнака) трансфер у «Барусію» і сталы гульнявы час ментальна зрабілі з Белінгема топа, а калі ў футбаліста поўны парадак у галаве, ды яшчэ ёсць надзвычайныя футбольныя якасці, то ад яго можна чакаць максімум.

У мінулым сезоне, калі «Дортмунд» ганебна вылецеў з Лігі Еўропы, прайграўшы «Рэйнджэрс» па суме двух матчаў (пасля 2:4 дома немцы згулялі ўнічыю 2:2 на выездзе, Белінгем прыняў удзел ва ўсіх чатырох галах), раздражнёны англічанін, які быў лепшым на полі, проста пераехаў аднаклубніка Ніка Шульца. «Ты не можаш аддаць ніводнага дакладнага пасу, доўбанае ты лайно! Кожны сраны матч», – крычаў Джуд, а гэты момант зафіксавалі камеры.

І ў гэтым увесь Белінгем – зараджае фанатаў па некалькі разоў на матч (нягледзячы на вынік), можа напхаць партнёрам па камандзе, пастаянна хоча выйграваць і быць лепшым. Сукупнасць футбольных і індывідуальных якасцяў робяць Джуда адным з найлепшых цяпер цэнтральных паўабаронцаў свету.

Ужо хапае чутак пра трансфер у топ-клуб

Калі ў «Дортмундзе» расквітае новы талент, адразу ж з'яўляюцца чуткі пра яго сыход у топ-клуб. Улічваючы, што Белінгем – англічанін, больш за ўсё інфармацыі пра цікавасць да яго з боку клубаў АПЛ. Пагаворваюць, што Эрлінг Холанд можа дапамагчы яго пераходу ў «Манчэстэр Сіці», «МЮ» гатовы раскашэліцца і зноў уключыцца ў барацьбу за яго падпісанне, а ў «Ліверпуле» Джуд зможа стаць новым Джэрардам, шматгадовым лідарам і будучым капітанам.

Акрамя клубаў АПЛ была таксама інфармацыя наконт сур'ёзнай зацікаўленасці «Рэала». Толькі ўявіце – Тчуамені, Камавінга і Белінгем у цэнтры поля.

Але пакуль сітуацыя спакойная. Калі ў мінулым сезоне пра трансферы Холанда казалі ледзь не кожны тыдзень, то Белінг усё яшчэ можа застацца ў «Барусіі» хаця б на яшчэ адзін сезон. Вядома, шмат будзе залежаць ад развіцця падзей у бягучай кампаніі, але клуб мае намер пакінуць гульца, і сам Джуд пакуль нічога не казаў аб жаданні сысці.

Фота: скрыншоты з матчаў, Bernd Thissen/Global Look Images, The Telegraph, Sebastian Frej/Global Look Press, «Барусія» Дортмунд, LUKASZ SKWIOT/Global Look Press

⚽️ Чэмпіянат свету-2022 па-беларуску і без VPN! Пампуй дадатак Tribuna.com

Забулдыга
Чытаю,як навины с патустароннява мира.А у нас бахар и савицкий да сих пор перспекциуныя
Адказаць
...
2
...

Іншыя пасты карыстальніка