Tribuna/Футбол/Блогі/БАТЭ ўзгадаў пра плот Драгуна – быў сімвалам вернасці «Дынама», у Барысаве фарбаваў наноў на камеру, а потым заявіў, што гэта фантазія прапагандыста

БАТЭ ўзгадаў пра плот Драгуна – быў сімвалам вернасці «Дынама», у Барысаве фарбаваў наноў на камеру, а потым заявіў, што гэта фантазія прапагандыста

Эстафету перафарбоўкі прынялі маладыя навічкі.

Аўтар — bytribuna com
6 снежня 2022, 09:38
4
БАТЭ ўзгадаў пра плот Драгуна – быў сімвалам вернасці «Дынама», у Барысаве фарбаваў наноў на камеру, а потым заявіў, што гэта фантазія прапагандыста

5 снежня БАТЭ афіцыйна прадставіў навічкоў Дзяніса Грачыху і Арцёма Канцавога. Падпісанні БАТЭ не былі сакрэтам – інсайдэры анансавалі іх за некалькі дзён, а «Трыбуна» паспела даведацца, што грашовай выгадзе гульцы аддалі перавагу працы са знаёмым Кірылам Альшэўскім, «Дынама» ж не стала «ваяваць» за гульцоў праз іх праблемы з дысцыплінай.

Як бы там ні было, «Дынама» з гульцамі развіталася спакойна і пажадала удачы. Яны ж адказалі клубу шпількай – у БАТЭ вырашылі ўзгадаць гісторыю, звязаную з іншым прыходам у Барысаў пасля Мінска. Мабыць, у траваедным белфутболе выпад «жоўта-сініх» – самы востры з пачатку 2020-га, калі «Дынама» падпісала з БАТЭ Аляксея Рыяса.

У роліку-прэзентацыі Канцавы і Грачыха ў масках і з ліхтарыкамі прабіраюцца ў распранальню БАТЭ, каб наляпіць свае прозвішчы на шафкі – але з'яўляецца ахоўнік і патрабуе адказу, што ў падтрыбунцы робяць староннія. Канцавы кажа: «Мы прыйшлі запісацца на курсы па афарбоўцы». «Плота», – давяршае Грачыха. Тут жа камера буйным планам «наязджае» на трэцюю шафку – і аказваецца, што навічкі занялі месца побач са Станіславам Драгуном. Калі вы не ў курсе, як усё гэта звязана, зараз распавядзем – і нагадаем тым, хто ведае гісторыю ўзаемаадносін гульца з агароджай.

Драгун кар'еру пачаў у мінскім «Лакаматыве» – «моладзевым» праекце Анатоля Юрэвіча да «Энергетыка-БДУ». 2007-ы Драгун правёў (і ўзяў срэбра ЧБ) у Гомелі, а ўлетку 2008-га перайшоў у мінскае «Дынама». Там Станіслаў затрымаўся на 4,5 гады – і стаў не толькі капітанам, але і ўлюбёнцам заўзятараў. Для гэтага ў яго было ўсё: і гісторыя - як аказалася, у юным узросце Драгун ганяў на фан-сектар мінчан і нават прабіваў выезды, – і трапяткое стаўленне да клубнай эмблемы – Станіслаў нават нанёс яе на свае буцы, – і асабістыя добрыя ўзаемаадносіны з фанатамі (тым больш сярод іх засталіся людзі з бараўлянскага дзяцінства гульца). Але асабліва ўражвала гісторыя, перададзеная ў дзяржСМІ ў красавіку 2012-га – такая дакладна ёсць не ў кожнага гульца: маўляў, пабачыў у сваёй бабулі ў вёсцы спалучэнне з сінімі варотамі жоўтага плота – і перафарбаваў яго за «несаліднасць».

Прычына такой рэакцыі трактавалася адназначна: яшчэ раз упадабаў «Дынама» замест БАТЭ, бо жоўта-сінія – барысаўскія колеры. Тым больш у пачатку 2012-га Драгун пакінуў красамоўнае паведамленне пра былога аднаклубніка Андрэя Гарбунова, які пасля года ў «Нёмане» з'ехаў у Барысаў.

У пачатку 2013-га Драгун з'ехаў гуляць у Расію, але на «Дынама» не забываўся – і нават зноў пабываў на фан-сектары клуба падчас матчу. І калі да лета 2017-га ў Станіслава зусім разладзілася ў Расіі, у Беларусі ім, вядома, зацікавілася і мінскае «Дынама» – нараўне з брэсцкім, а таксама «Шахцёрам» і БАТЭ. Аднак у выніку гулец, бацькі якога з Барысава, абраў тамтэйшы варыянт – адразу пасля агент Валерый Ісаеў сцвярджаў, што прапанову з Мінска Драгуну рабілі, як кажуць, без павагі, а сам Станіслаў заявіў: «Калі б Юрый Саныч Чыж захацеў майго вяртання, менавіта так і адбылося б. А разглядаў я дзве прапановы адначасова».

Трансфер якогась іншага гульца, нягледзячы на гэта, мог бы прайсці спакойна, але супраць Драгуна гуляў увесь набор фактараў, за якія яго любілі ў «Дынама» – таму футбалісту было наканавана пачуць прэтэнзіі заўзятараў клуба. У каментарах хутка ўкаранілася (падагрэтае Мікалаем Хадасевічам) меркаванне, што гулец проста прадаў вернасць за больш грашовы кантракт.

Драгун жа ніяк не стаў тлумачыцца перад фанатамі, хаця прыгожы зварот мог зняць напружанне – а дапамагчы здольныя былі словы з 2012-га, што ад трансферу ў БАТЭ гулец «не будзе заракацца». Але Станіслаў толькі заявіў, што «некаторыя вельмі хутка забылі ўсё добрае, што я для іх зрабіў», а ў пераходзе адшукаў спосаб «дадаць эмоцый» ЧБ. Канешне, гэта толькі павялічыла градус хейту. Прычым не толькі з боку дынамаўскіх заўзятараў – на першым жа матчы Драгуна за БАТЭ на фан-сектары барысаўцаў з'явіўся банер, у якім успаміналі даўнюю гісторыю і заклікалі да перафарбоўкі таго самага плота.

Жарты пра плот хутка сталі стабільнай часткай каментароў пра Драгуна, а ўжо праз паўтара месяца пасля трансферу перафарбоўку знялі на камеру. Пастаралася АБФФ – Драгун упадабаў правакацыйнасць ідэі і ўзяў у рукі валік з жоўтай і сіняй фарбамі. Атрымаўся, праўда, толькі сцяг Швецыі – ролік быў прома да матчу з ёй зборнай Беларусі.

А ў пачатку 2018-га Драгун у інтэрв'ю «Трыбуне» нечакана заявіў, што першапачатковая гісторыя была проста прыдуманая праз настойлівасць суразмоўцы – цяпер прапагандыста Сяргея Канашыца. «Мне вельмі падабаецца, што гісторыя сышла ў народ, але ніякага плота не было наогул. Даваў інтэрв'ю. «Раскажы гісторыю». – «Ды няма ў мяне ніякай гісторыі». – «Тады давай прыдумаем». Ну і прыдумалі пра гэты плот. Можам і з табой што-небудзь прыдумаць», - распавёў футбаліст.

Але, выдумка ці не, гісторыя не перастала быць падставай для жартаў. Смяяліся ад варыяцый нават футбалісты – вось прыклад ад Аляксандра Скшынецкага, якому дасталася перакладанне ў выкананні экс-калегі па «Крумкачах» Міхаіла Гарнака (адзнака 3:30).

У выніку жартаваць на тэму стаў сам Драгун. У пачатку 2020-га на адкрыцці свайго паба ў Мінску, калі футбаліст сам стаяў за стойкай, падавалі кактэйль з назвай «Пафарбуй плот». А ў 2021-м Станіслаў узгадаў гісторыю, калі каментаваў навіну пра свой 150-м матч у складзе БАТЭ.

Таксама жартам, па ўласных словах, адразу пасля прыходу ў Барысаў гулец гаварыў з Анатолем Капскім пра тое, што завершыць кар'еру ў БАТЭ – а зараз на поўным сур'ёзе не можа ўявіць іншага варыянту падзей. Тым больш капітан БАТЭ летам не з'ехаў на «вельмі добрую прапанову» ў казахстанскі «Табол», каб не кідаць барысаўскі клуб проста перад супрацьстаяннем з «Каньяспорам», а цяпер крыніцы «Трыбуны» сцвярджаюць, што Драгун як мінімум яшчэ на сезон затрымаецца ў БАТЭ.

Паралельна футбаліст вучыцца ў Маскве на спартовага дырэктара - даўным-даўно ён думаў стаць проста дырэктарам у «Дынама» і нават лічыў такое развіццё падзей «ідэальным варыянтам», і калі такое калі-небудзь адбудзецца, нас сапраўды чакае яшчэ адзін выкід заўзятарскіх эмоцый.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты