Tribuna/Футбол/Блогі/«Сухая» серыя пенальці Марока з Іспаніяй – другі выпадак у гісторыі ЧС. У першым Мілеўскі выдаў паненку (цяпер яна была ў вырашальным удары!)

«Сухая» серыя пенальці Марока з Іспаніяй – другі выпадак у гісторыі ЧС. У першым Мілеўскі выдаў паненку (цяпер яна была ў вырашальным удары!)

Украiна больш не аднаасобны рэкардсмен.

Аўтар — bytribuna com
7 снежня 2022, 11:29
«Сухая» серыя пенальці Марока з Іспаніяй – другі выпадак у гісторыі ЧС. У першым Мілеўскі выдаў паненку (цяпер яна была ў вырашальным удары!)

Зборная Марока – галоўная сенсацыя чэмпіянату свету ў Катары. Каманда выйшла ў чвэрцьфінал, выбiўшы ў серыі пенальці зборную Іспаніі.

У асноўны час каманды не забілі, а паказчык xG быў адным з самых нізкіх на турніры. Найбольш рэальны момант у канцы дадатковага часу меў Пабла Сарабія, але трапіў у штангу. Хаця Луіс Энрыке выпусціў Пабла на 118-й хвiлiне адмыслова пад пенальці – на рахунку паўабаронцы было 8 удалых рэалiзацый з 8.

Але ж героем серыi стаў мараканец Ясін Буну. Галкіпер «Севільі», які ў гэтым сезоне прапускае за клуб у сярэднім два за матч (31 у 16) нечакана стаў другiм у свеце кiперам, якi не прапусiў у серыi пенальцi на ЧС. Першым яму бiў Сарабія – i зноў заляпiў у штангу, хаця Буну ўгадаў вугал. А ўдары Карласа Салера i Серхiа Бускетса варатар адбiў. У Марока не забiў толькi Бадр Банун (смешна, бо яго таксама выпусцiлi пад серыю). Абдэльхамід Сабіры i Хакім Зіеш стрэлiлi дакладна, а вырашальны ўдар Ашраф Хакімі выканаў паненкай – i серыя скончылася 3:0 на карысць афрыканскай зборнай.

Да гэтага адзіным выпадкам, калі серыя пенальці скончылася «суха» для адной з каманд, быў матч 1/8 фіналу ЧС-2006 Швейцарыя – Украіна. Усё вельмі падобна на цяперашнюю сітуацыю: таксама 0:0 у матчы і 3:0 у серыі, украінец Аляксандр Шаўкоўскі адбіў два ўдары, а яшчэ з адным дапамог каркас, у пераможцаў таксама не ўсе былі дакладныя (Андрэй Шаўчэнка не забіў). Ну і, вядома, таксама была паненка, хоць і не на вырашальным удары, – зорнае імгненне мiнчука Арцёма Мілеўскага (адзнака 0:59).

Шаўкоўскі адрэагаваў на паўтор яго дасягнення. «Віншую зборную Марока з фантастычным выхадам у чвэрцьфінал i галкіпера з цудоўнай гульнёй!» – напісаў Аляксандр.

Для іспанцаў гэта была пятая серыя пенальці на чэмпіянатах свету, яны прайгралі 4 з іх – гэта антырэкорд. Да гэтага былі паразы ад зборнай Расii на ЧС-2018 (3:4), ад Паўднёвай Карэі на ЧС-2002 (3:5) і ад Бельгіі на ЧС-1986 (4:5). Адзіная перамога Іспаніі на чэмпіянаце свету – ў 2002 годзе над Ірландыяй (3:2).

«Мы прайгралі па пенальці, але я ганаруся сваёй камандай. Мне шкада тых, хто не змог гуляць. Уся адказнасць за пенальці ляжыць на мне, таму што я выбіраў трох гульцоў, якія будуць біць першымі. Астатніх гульцы выбіралі самі, але да чацвёртай спробы мы не дайшлі. Буну – выдатны галкіпер на пенальці, і сёння ён гэта даказаў.

Зараз не час гаварыць пра маю будучыню. Я з нецярпеннем чакаю вяртання дадому. Думаю, на наступным тыдні мы пагаворым пра тое, што можа быць важным у будучыні», — сказаў Энрыке пасля матчу.

А Марока – чацвёртая афрыканская зборная, якой удалося выйсці ў чвэрцьфінал чэмпіянату свету (раней гэта зрабілі Камерун на ЧС-1990, Сенегал на ЧС-2002 і Гана на ЧС-2010). Але далей каманду чакае Партугалiя – яна супраць Швейцарыi паказала, што можа вырашаць пытаннi ў асноўны час.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты