Tribuna/Футбол/Блогі/7 самых цікавых тактычных крокаў на ЧС-2022

7 самых цікавых тактычных крокаў на ЧС-2022

Распавядаем і паказваем

9 снежня 2022, 08:40
1
7 самых цікавых тактычных крокаў на ЧС-2022

Казаць пра вялікія тактычныя напрацоўкі на чэмпіянатах свету ці Еўропы досыць складана. У трэнераў зборных не так шмат часу, каб адтачыць тыя ці іншыя тактычныя мадэлі, таму ў матчах на мундыялі часцей за ўсё на першы план выходзяць іншыя рэчы – матывацыя, сітуацыйныя рашэнні трэнераў пад суперніка, клас і форма гульцоў. А тым больш на чэмпіянаце свету ў Катары, дзе падрыхтоўка большасці каманд заняла крытычна мала часу – усяго адзін тыдзень.

«На жаль, многія забываюць, што мы не клуб, у якога поўна часу на трэніроўкі. Людзі думаюць, што зборныя могуць гуляць, як «Рэал», «Барселона» або «ПСЖ». Але ў нас проста няма часу, каб дасягнуць іх узроўню. Вырашальнай з'яўляецца абсалютна кожная гульня. У клубе можна прайграць у якім-небудзь матчы, а праз тыдзень выправіць памылкі. У зборнай такой раскошы няма», – казаў перад пачаткам турніру трэнер Сенегала Аліу Сісе.

Аднак футбол без тактыкі немагчымы. Некаторыя напрацоўкі і тактычныя прыёмы мы на гэтым мундыялі ўсё ж бачым. Ніжэй - самыя цікавыя тактычныя хады, якія падарылі каманды за гэты час.

Смелы стыль гульні Саудаўскай Аравіі, высокая лінія абароны ад Эрвэ Рэнара

Напэўна, Саудаўская Аравія – галоўнае адкрыццё групавога этапу з пункту гледжання гульні. Эрвэ Рэнар не паддаўся агульнаму трэнду гэтага мундыялю і не пачаў закрывацца. Ён паказаў, што з'яўляецца сапраўдным рамантыкам, адкрываў гульню ў кожным з матчаў групавога этапу. Нават з Аргенцінай. Вядома, якасцяў саудзітам відавочна не хапала, каб рэалізаваць усе задумы свайго трэнера, але сёе-тое атрымлівалася вельмі нядрэнна.

У матчы з аргентынцамі Саудаўская Аравія нечакана здзівіла вельмі авантурнай мадэллю гульні, асабліва ў першым тайме. Лінія абароны азіятаў размяшчалася настолькі высока, што Месі і кампанія маглі яшчэ да перапынку здымаць усе пытанні пра пераможца, але раз за разам траплялі ў афсайд. У першым тайме арбітры фіксавалі 7 афсайдаў, усяго за матч – 10.

Можна доўга спрачацца пра эфектыўнасць такой стаўкі Рэнара. Сапраўды, вельмі часта саудзіты пакідалі ззаду сябе прастору 40-45 метраў на адкрытым мячы – калі супернік пачынае атакі без ціску. Але пры гэтым ім удавалася ствараць сітуацыйны прэсінг у моманты, калі аргентынцы ўгразалі ў цэнтры поля.

Напрыклад, першы гол саўдзіты забілі менавіта так – арганізавалі ціск на Месі, адабралі мяч і правялі дзейсную атаку.

Дзякуючы ўраганнаму прэсінгу Канада замкнула бельгійцаў на іх палове поля

Яшчэ адзін смелы перформанс у выкананні Канады. У матчы з Бельгіяй каманда прадэманстравала фенаменальны прэсінг і перасягнула суперніка па ўсіх паказчыках праз высокі прэсінг.

Канадцы перайшлі на схему 3-4-3. Тым самым Джон Хэрдман паспрабаваў люстэркава выставіць схему Бельгіі і згуляць персанальна ў прэсінгу. На ўсіх участках поля канадцы ціснулі на суперніка і прымушалі памыляцца. Гэты падыход канадцы міксавалі з зрушэннямі да зон і выдатна накрывалі бельгійцаў, калі ўдавалася ствараць на полі суперніка колькасную перавагу.

Як вынік – 41% часу матч праходзіў на палове поля Бельгіі. Пры гэтым бельгійцы валодалі мячом даўжэй – 54%. Дзякуючы ўраганнаму прэсінгу Канада нанесла ўдвая больш удараў па браме (21 супраць 9) і вельмі годна прайграла.

У прэсінгу Канада была добрай толькі ў матчы з Бельгіяй. І хоць у двух іншых гульнях таксама намагалася гуляць смела, плёну ёй гэта не прынесла.

Абарона Бразіліі – блізкая да ідэалу. Яны не дапусцілі ўдараў у створ у двух першых матчах і асцярожна выкарыстоўваюць фулбэкаў

«Вы нам заб'яце, колькі зможаце, а мы – колькі захочам», – гэтая знакамітая цытата Пеле заўсёды найлепш характарызавала зборную Бразіліі. Але Бразілія Цітэ зусім іншая. Гэта толькі на першы погляд здаецца, што Нэймар і кампанія ствараюць феерыю ў атацы і з такім патэнцыялам могуць не думаць пра абарону. На самой справе Цітэ вельмі шмат увагі надае абароне сваіх варот. У першых дзвюх матчах супраць Сербіі і Швейцарыі зборная Бразіліі наогул не дапусціла ніводнага ўдару па варотах ад супернікаў! Гэта не ўдавалася нікому з часоў Францыі на ЧС-1998.

З кім у вас асацыюецца словазлучэнне бразільскі фулбэк? Напэўна, гэта Кафу, Марсэла або Раберта Карлас – усе яны перш за ўсё запомніліся гульнёй на атаку. Цітэ ж патрабуе ад крайкоў зусім іншага: ён хоча надзейнасці ў сваёй брамы і добрай падрыхтаванасці да страты мяча.

Пры выхадзе з абароны апошнія абаронцы бразільцаў не імкнуцца гуляць высока. Яны дапамагаюць паступова прасоўваць мяч, удзельнічаюць у кантролі, а за шырыню адказваюць вінгеры. У валоданні каманда перабудоўваецца на 4-2-4 і калі не ўдаецца прасоўвацца наперад, то апорнік падключаецца ў атаку, а фулбэкі гуляюць на адной лініі з Каземіра – атрымліваецца нешта падобнае на 2-3-5.

У матчы з Карэяй важную ролю ў валоданні адгуляў Даніла. Ён выконваў функцыі фальшывага фулбэка і дапамагаў Бразіліі супрацьстаяць 4-4-2 карэйцаў. Мілітаа ссоўваўся ў тройку да Маркіньяса і Тыяга Сілвы, а Даніла размяшчаўся ў апорнай зоне з Каземіра.

Пасля страты мяча Бразілія перабудоўваецца на 4-4-2 і імкнецца максімальна перакрыць цэнтральную зону. Каманда размяшчаецца кампактна і досыць вузка, а апошнія абаронцы заўсёды паспяваюць заняць свае пазіцыі, што вельмі важна для Цітэ. Уласна, таму мы не бачым іх высока ў валоданні.

Варта адзначыць, што пасля страты мяча Бразілія спрабуе хутка яго вярнуць сабе – у «пентакампеонаў» адзін з самых высокіх паказнікаў індэкса PPDA (9,46). Але адсутнасць балансу паміж лініямі выліваецца ў праблему, якой могуць скарыстацца больш моцныя супернікі. У Бразіліі занадта часта ўтвараюцца прасторы паміж лініямі ў пераходнай фазе, што той жа Модрыч можа канвертаваць у хуткія атакі.

Гібрыдная схема ЗША і яе прэсінг

Калі казаць пра каманды за межамі топ-8 на мундыялі, то зборная ЗША адна з самых цікавых. Не толькі дзякуючы арыгінальным лукам іх трэнера Грэга Берхолтэра, але і яго цікавым ідэям. Перш за ўсё, гэта гібрыдная схема і прэсінг.

Для тых, хто крыху сочыць за зборнай ЗША, не з'яўляецца навіной, што амерыканцы робяць стаўку на валоданне мячом. У гульнях з Уэльсам і Іранам яны пераўзышлі супернікаў па гэтым паказчыку – 59% і 51% адпаведна. У гульнях, дзе супернікі больш-менш роўныя ім, амерыканцы не саромеюцца гуляць у свой футбол. Дапамагае гібрыдная схема. Спачатку футбалісты размяшчаюцца ў схеме 4-3-3, але на полі правы абаронца Дэст далучаецца да пары ЦЗ, а левы Робінсан рушыць вышэй (часам іх ролі мяняюцца). Пулішыч ссоўваецца ў сярэдзіну да форварда Сарджента, а за правую броўку адказвае Цімаці Веа.

Тройка атакуючых гульцоў пры адборы мяча размяшчаецца вузка і імкнецца правільна размеркаваць ролі: Сарджэнт апускаецца ніжэй і кантралюе перадачу на апорніка, а Веа і Пулішыч ствараюць ціск на левага і правага цэнтрбэкаў.

Супраць Уэльса ўсё атрымлівалася ідэальна, пакуль валійцы не задзейнічалі Кіфера Мура – пачалі грузіць мячы на яго. У матчы з Іранам усё было яшчэ прасцей – там амерыканцам супрацьстаяла чацвёрка абаронцаў. Але ідэі Берхольтэра перакрэслілі Нідэрланды і Луі ван Гал.

Ван Гал – галоўны тактык гэтага мундыялю. Ён знайшоў аптымальныя ролі для сваіх футбалістаў, пісьменна нейтралізаваў моцныя бакі апанентаў

Луі вырашыў праблему прэсінгу ЗША досыць лёгка – дэ Ёнг прыходзіў у тройку абаронцаў для розыгрышу, што ставіла амерыканцаў перад выбарам: працягваць смела ціснуць на апанентаў, пры гэтым выдзіраючы яшчэ аднаго гульца з сярэдняй лініі, або захаваць кампактнасць у цэнтры поля і не дазволіць нідэрландцам выкарыстоўваць гэтую прастору. Берхольтэр палічыў лепшым другі варыянт, але гол амерыканцы прапусцілі як раз пасля няўдалага ціску на суперніка.

Аранье пісьменна выбаўлялі суперніка, карыстаючыся тым, што ў іх заўсёды быў свабодны гулец. Затым пераводзілі мяч, пакуль не здабывалі прастору і не развівалі атаку. Да гола Дэпая ў матчы з ЗША футбалісты Нідэрландаў зрабілі 20 перадач – рэкорд зборнай на ЧС.

Тут важна адзначыць некалькі момантаў: па-першае, выдатную гульню дэ Ёнга і разумныя дзеянні на класе. Фрэнкі праводзіць выдатны турнір і зусім не падобны на сябе ў клубе. Яго дзеянні ў моманце з першым мячом гэта выдатна пацвярджаюць. Спачатку ён апусціўся пад розыгрыш, каб нейтралізаваць прэсінг ЗША. Дапамог Цімберу выйсці з-пад ціску.

А далей уключыўся Класэн. Ён спачатку стаў важнай часткай вертыкалізацыі атакі, калі адкрыўся пад перадачу і скінуў мяч на Дэпая, пасля чаго мяч перавялі на фланг – Думфрысу.

На завяршальнай стадыі менавіта Класэн адцягнуў абаронцаў, вызваліўшы прастору для Дэпая, якому трэба было толькі трапіць у браму.

Сапраўды высакакласны матч Аранье. Але ў кожным паядынку Луі ван Гал рыхтаваў для сваіх апанентаў сюрпрызы. Змог нейтралізаваць прэсінг ЗША і Эквадора, скарыстаўся слабасцямі амерыканцаў у прасоўванні мяча, стварыўшы для іх нязручныя ўмовы, максімальна эфектыўна выкарыстаў сваіх футбалістаў у нязвыклай для Нідэрландаў схеме 3-4-1-2 (перш за ўсё, гаворка пра Гакпо, якога трэнер перавёў у цэнтр). Ці зможа Луі нейтралізаваць Месі?

Грызман – цень Мбапэ. Ён неверагодна карысны на гэтым мундыялі, Дэшам максімальна эфектыўна яго выкарыстоўвае

Безумоўна, Кіліян Мбапэ – звер на гэтым чэмпіянаце свету, і ён з'яўляецца безумоўным лідарам зборнай Францыі. Але за яго галамі стаіць тытанічная праца Антуана Грызмана, які па абʼёме карысных дзеянняў як з мячом, так і без неверагодна здзівіў.

Грызман стаў у гэтай структуры Дэшама тым балансуючым звяном, якое дазваляе трэнеру развязаць рукі Мбапэ і падкрэсліць яго моцныя якасці. Фармальна Антуан выконвае ролю «дзясяткі», але шмат працуе без мяча па ўсім перыметры поля, дэманструе дысцыпліну ў абарончых дзеяннях і дапамагае камандзе адбіраць мячы.

Грызман выдатны ў тым, што заўсёды ўмеў – адкрывацца паміж лініямі, сцягваць на сябе супернікаў і тым самым дапамагаць Мбапэ. А яшчэ ён вельмі эфектыўны ў дыспетчарскіх функцыях. За чатыры няпоўныя матчы Антуан аддаў 15 перадач пад удар, хай і палова з іх – са стандартаў.

Інтэлект гэтага футбаліста - на самым высокім узроўні, але яшчэ больш здзіўляе яго рашэнні без мяча. Грызман вельмі тонка адчувае прастору, умее выцягваць абаронцаў, куды адразу ўрываецца Мбапэ.

Яшчэ больш здзіўляе тое, як Грызман не цураецца чарнавой працы. Пры абароне ён падае ў сярэднюю лінію і закрывае варыянты перадач у цэнтры, працуе на падстрахоўцы. У матчы з Даніяй ён гуляў па Эрыксану і ўскладняў выхад датчанаў у атаку. Антуан умее ціснуць на апанентаў і нядрэнна гэта робіць. Да таго ж, яго дысцыплінаваная гульня ў абароне дазваляе Мбапэ атрымліваць больш часу на адпачынак – Кіліян не бярэ ўдзелу ў абароне і эканоміць сілы на рыўкі ў апошняй трэці матчу (што ў яго выдатна атрымліваецца).

На фоне Мбапэ і Жыру Грызман не выніковы (усяго 1 асіст), але пры гэтым вельмі карысны Дэшаму ва ўсіх фазах гульні.

Сем каманд на групавым этапе тройчы мянялі схему, у плэй-оф прайшоў Сенегал – Аліу Сісе паказаў гнуткасць і знайшоў важную ролю для Ідрыса Гуе

Бельгія, Уругвай, Мексіка, Іран, Эквадор, Данія і Сенегал – усе гэтыя каманды аб'ядноўвае як мінімум адзін факт: у кожным з трох матчаў групавога турніру ЧС-2022 яны выкарыстоўвалі тры розныя схемы. Але толькі афрыканская каманда змагла выйсці з групы.

Поспех Сенегала – трэнерскае дасягненне. На Радзіме Аліу Сісе называюць Эль Тактыка за яго разумныя трэнерскія рашэнні, якія дазваляюць дасягаць выніку. Так было і ў Катары.

Глабальна Сенегал – сярэдняя каманда, асабліва без траўмаванага Манэ. Афрыканцы не паказалі сябе ў пазіцыйнай гульні, не прадэманстравалі эфектыўнага прэсінгу, нават без мяча згулялі класна толькі ў матчы з Нідэрландамі, дзе цалкам нейтралізавалі дэ Ёнга. Усе вырашалі дэталі, якімі ўмела кіраваў Сісе.

Са стратай Манэ галоўнай зоркай Сенегала стаў Ідрыса Гуе. У 80-х яго б называлі персанальнікам, ён выконваў важную функцыю нейтралізацыі галоўных зорак апанентаў і часта аказваўся ў Сісе на розных пазіцыях – у залежнасці ад кантэксту матчу і той функцыі, якую трэба было выконваць.

У матчы з Нідэрландамі Гуе гуляў «дзясятку» – нечакана, але толькі на першы погляд. Сісе вырашыў падбудавацца пад Аранье і выпусціў на поле адразу трох цэнтрхаваў абарончай накіраванасці. Роля Гуе заключалася ў тым, што ён павінен быў закрываць дэ Ёнга і перашкаджаць яму будаваць атакі. З улікам таго, што Фрэнкі часта ішоў да абаронцаў, Ідрыса ішоў за ім.

Аналагічную ролю, толькі на пазіцыі «васьмёркі» у схеме 4-1-4-1, Ідрыса Гуе выконваў у матчы з Эквадорам. Там ён выключаў з гульні Мойзэса Кайсэда.

Больш за тое, гэтая роля Ідрыса не з'яўляецца эксклюзівам для ЧС-2022. Раней Сісе ўжо прыляпляў яго да лідараў каманд у іншых матчах. Напрыклад, адпаведна хаўбек дзейнічаў на пазіцыі левага хаўбека ў фінале Кубка Афрыкі супраць Егіпта, каб закрыць Мо Салаха.

Гуе дзякуючы сваёй цягавітасці можа выконваць вялікі аб'ём працы. І трэнер проста падладжвае яго функцыянал пад тыя задачы, якія трэба выканаць. А ў абарончай працы Ідрыса на высокім узроўні. Важнасць хаўбека для Сенегала паказаў матч з Англіяй у плэй-оф – Ідрыса яго прапускаў праз дыскваліфікацыю, а афрыканцы вылецелі з турніру без шанцаў.

Фота: Marcio Machado/Global Look Press

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты