Tribuna/Футбол/Блогі/Марцінес – адзін з герояў Аргенціны і найлепшы галкіпер ЧС. Але ў той жа час галоўны паганец турніру

Марцінес – адзін з герояў Аргенціны і найлепшы галкіпер ЧС. Але ў той жа час галоўны паганец турніру

10 гадоў таму гуляў у Д4 Англіі.

20 снежня 2022, 08:20
1
Марцінес – адзін з герояў Аргенціны і найлепшы галкіпер ЧС. Але ў той жа час галоўны паганец турніру

Зборная Аргенціны ўпершыню за 36 гадоў стала пераможцай чэмпіянату свету па футболе. Цяпер Ліянеля Месі, які аформіў дубль у вырашальным матчы з французамі, справядліва лічаць найлепшым аргенцінскім футбалістам усіх часоў.

Акрамя Леа гэтую перамогу кавалі і іншыя футбалісты, але адзін з герояў усяго турніру для «альбіселестэ» – галкіпер Эміліяна Марцінес.

10 гадоў таму гуляў у Д4 Англіі, пастаянна сноўдаўся па арэндах, дэбютаваў за зборную ў 28 гадоў

Не ведаю, як вы, але я ўсё яшчэ не магу адысці ад сэйва Эміліяна Марцінеса на апошніх секундах кампенсаванага часу да другога авертайму ў фінале. 124-я хвіліна, проста фантастычны шанец для Францыі забіць чацвёрты мяч – і аргенцінскі галкіпер робіць найважнейшы сэйв сваёй кар'еры.

Пасля – серыя пенальці, адбіты 11-метровы Комана і ўзняты над галавой трафей ЧС.

Наўрад ці сам Марцінес змог бы паверыць у такое гадоў 10 таму, калі сышоў з «Арсенала» ў сваю першую арэнду ў «Оксфард Юнайтэд» з чацвёртага англійскага дывізіёна.

У 17 гадоў юны галкіпер пайшоў на смелы крок – пакінуў родны «Індэпэнд'ентэ» і перабраўся ў Вялікабрытанію, дзе ім сур'ёзна зацікавіўся «Арсенал». Але па іроніі лёсу менавіта лонданскі клуб стаў найбуйнейшым буксірам у кар'еры аргенцінца.

За 10 гадоў, на працягу якіх Эміліяна быў на кантракце ў «кананіраў», ён шэсць разоў хадзіў у арэнду – у «Оксфард», «Шэфілд Уэнздэй», «Ротэрхэм», «Вулвз», «Гетафе» (адзіны клуб вышэйшай лігі) і «Рэдзінг» – і ўвогуле так і не змог замацавацца ў аснове «Арсенала». У 2020-м, незадоўга да зыходу з клуба, Марцінес усё ж адчуў смак гульні на «Эмірэйтс» у якасці першага нумара (праўда, без заўзятараў на трыбунах праз ковід). Скарыстаўшыся траўмай Бернда Лена, які тады быў асноўным, Марцінес правёў заключныя дзевяць матчаў у сезоне – і пакінуў вельмі добрае ўражанне.

У суме за 10 гадоў у «Арсенале» ён правёў 38 матчаў – а гэта колькасць паядынкаў у адным сезоне АПЛ.

У верасні таго ж года Эмі перайшоў у «Астан Вілу» за 17,5 млн еўра, і гэта было адно з найлепшых рашэнняў у яго кар“еры. На працягу трох сезонаў ён быў безальтэрнатыўным нумарам 1 у бірмінгемскім клубе і, што самае важнае, нарэшце нагуляў на дэбют за зборную Аргенціны.

Цікава, што ўпершыню Марцінес атрымаў выклік у нацыянальную каманду яшчэ ў 2011-м, але дэбюту давялося чакаць ажно 10 гадоў. Улетку 2021-га ўжо 28-гадовы галкіпер правёў 90 хвілін у матчы з Чылі – і з тых часоў застаецца асноўным брамнікам нацыянальнай каманды.

Акрамя сэйва ў эпізодзе з Кало Муані ў фінале на чэмпіянаце свету ў Катары Эміліяна таксама запомніўся надзвычай важным выратаваннем на апошніх секундах у матчы з Аўстраліяй у 1/8, але ў першую чаргу зрабіў сабе імя дзякуючы серыям пенальці. Ён стаў не толькі героем эндшпіля з французамі, але і чвэрцьфінальнага матча з Нідэрландамі, у якім узяў два 11-метровыя.

Пасля перамогі Марцінеса чакана прызналі найлепшым галкіперам турніру.

«Падчас фіналу чэмпіянату свету-2014 я рыхтаваў барбекю для сваёй сям'і. У 2018-м я быў на трыбунах разам з братам і сказаў яму, што наступным разам ужо буду на полі», – прызнаўся Марцінес напярэдадні матча з Францыяй.

І стрымаў слова.

Марцінес – герой для суайчыннікаў, але паганец для ўсіх астатніх: танчыць пасля адбітых пенальці, правакуе супернікаў, пасля матча папрасіў хвіліну маўчання для Мбапэ

Адна з галоўных тэзаў ЧС-2022 у тым, што зборная Аргенціны – каманда паганцаў. Шмат фанатаў негатыўна ставілася да паводзін паўднёваамерыканцаў у матчы з Нідэрландамі, калі Парэдэс з усёй сілы зарадзіў мячом па лаве запасных суперніка або калі падапечныя Ліянеля Скалоні святкавалі перамогу, насміхаючыся з нідэрландцаў.

Ды і ўвогуле за турнір аргенцінцы зарабілі сабе не найлепшую рэпутацыю. Эміліяна Марцінес – адзін з галоўных правакатараў у гэтай камандзе.

Ва ўсё тым жа матчы з Нідэрландамі Эмі правакатыўна станцаваў пасля адбітага пенальці Бергхейса, а пасля матча працягнуў дэманстраваць эмоцыі. Спачатку гучна крыкнуў прадстаўніку трэнерскага штаба супернікаў «Заткні свой рот, ##### (доўбаны) мудак. Я #### (заеду) табе двойчы», а пасля славесна пераехаў Луі ван Гала «за непавагу перад матчам».

Але яго зорны час – серыя пенальці з французамі.

Спачатку Марцінес зрабіў усё, каб Арэльен Тчуамені не рэалізаваў свой пенальці. Падышоў да француза, каб даць яму мяч, а потым адкінуў яго ў бок. У выніку яго mind games 8-ы нумар зборнай Францыі прабіў міма варот.

Адразу пасля гэтага Эмі паўтарыў свой ужо вядомы танец:

Пасля Марцінес намагаўся збіць псіхалагічную наладу Рандаля Кало Муані – на гэты раз арбітр заўважыў і «ўзнагародзіў» галкіпера жоўтай карткай.

Ужо на святкаванні, калі 30-гадовы брамнік атрымаў «Залатую пальчатку», ён прыклаў сваю індывідуальную ўзнагароду да пахвіны і патрос ёю. «Я зрабіў гэта, таму што французы мяне асвіствалі. Такая фанабэрыстасць са мной не пройдзе», – растлумачыў пасля Эміліяна.

А квінтэсенцыя ўсяго – яго перформанс у раздзявальні. Падчас святкаванняў галкіпер папрасіў у партнёраў «хвіліну маўчання для… Мбапэ».

Падабаецца ён вам ці не, але Эміліяна Марцінес надзвычай яскравы персанаж, без якога гэтай перамогі на ЧС не было б.

Фота: REUTERS, Youssef Loulidi/Global Look Press

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты