Tribuna/Футбол/Блогі/Глейзеры выставілі «МЮ» на продаж – цяпер па-сапраўднаму. Кошт пытання – 6-7 млрд фунтаў, але ёсць некалькі праблем

Глейзеры выставілі «МЮ» на продаж – цяпер па-сапраўднаму. Кошт пытання – 6-7 млрд фунтаў, але ёсць некалькі праблем

Яшчэ ў жніўні прадаваць не збіраліся. Што ж змянілася?

Аўтар — Бона Сфорца
24 снежня 2022, 17:25
Глейзеры выставілі «МЮ» на продаж – цяпер па-сапраўднаму. Кошт пытання – 6-7 млрд фунтаў, але ёсць некалькі праблем

«Манчэстэр Юнайтэд», адзін з найпаспяховейшых і найлегендарнейшых спартыўных клубаў у свеце, абвясціў, што савет дырэктараў кампаніі пачынае працэс вывучэння стратэгічных альтэрнатыў для клуба.

«Гэты працэс накіраваны на паскарэнне будучага росту клубу з канчатковай мэтай пазіцыянавання клубу, каб атрымаць выгаду ад магчымасцяў як на полі, так і ў камерцыйных мэтах. У рамках гэтага працэсу праўленне будзе разглядаць усе стратэгічныя альтэрнатывы, уключаючы новыя інвестыцыі ў клуб, продаж ці іншыя здзелкі з удзелам кампаніі», – так пачалася заява «МЮ» ад 22 лістапада.

Але ж яшчэ ў жніўні, калі мільярдэр і ўладальнік «Ніцы» Джым Рэткліф беспаспяхова хацеў купіць «МЮ», Глейзеры не пагадзіліся. Мільярдэр прама сказаў у адным з інтэрвʼю: «Яны не хочуць прадаваць клуб».

Што ж змянілася? Хто купіць клуб? Ці адбудзецца продаж? Разбіраемся.

Глейзеры не на адной хвалі: большасць членаў сям'і хацела продажу яшчэ 10 гадоў таму, але Джоэл і Абрам доўга былі супраць

З-за смерці Малкалма Глейзера, атрымання спадчыны ўсімі адразу ды такое кіраванне клубам, якое пацягнула пратэсты сярод фанатаў яшчэ з моманту набыцця, уладальнікі заўсёды ішлі адным канцэптам «Глейзеры». Абсалютна ўсе загалоўкі СМІ кажуць, што менавіта «Глейзеры» прадаюць клуб.

На самай жа справе браты і сястра Глейзеры мелі розныя, як сцвярджае The Athletic, погляды на продаж клуба. Эдвард, Кевін, Браян і Дарсі хацелі прадаць свае долі яшчэ ў 2012-м замест таго, каб выводзіць «МЮ» на фондавы рынак. Але Джоэлу i Абраму тады ўдалося пераканаць іх застацца. Мінулым летам у іх нават былі планы выкупіць долі сваіх братоў і сястры – шукалі пад гэта грошы ў інвестфонда пад маркай рэканструкцыі «Олд Трафард», але банальна не знайшлі.

Абрам ды Джоэл Глэйзеры

У гэтай двойкі была свая мэта – бо менш меркаванняў у савеце дырэктараў, якія былі сканцэнтраваны, у першую чаргу, на атрыманні прыбытку, дазвалялі б лягчэй кіраваць клубам. З іншага боку, улічваючы іх не занадта моцнае імкненне інвеставаць у клуб замест выпампоўвання з яго сродкаў, паходзіць на тое, што яны проста хацелі засяродзіць прыбытак на сабе.

Чаму не выкупілі? Таму што занадта дорага. The Athletic палічыў, што сумарны кошт акцый, якія на момант выхаду інфармацыі пра кансультацыі з інвестбанкам Apollo трымалі Эдвард, Кевін, Браян і Дарсі, складалі амаль 990 млн долараў. Але ўгаварыць ні Apollo, ні іншыя банкі не ўдалося – тыя не хацелі аддаваць грошы без долі клуба ў абмен.

Урэшце, Джоэлу і Абраму давялося прыняць жаданне сваіх братоў і сястры – далей гэтую стратную гісторыю (а пазыкі клуба ўжо складаюць 1 млрд долараў) цягнуць было немагчыма.

Колькі каштуе продаж – і чаму сума будзе больш заяўленых 6-7 млрд фунтаў

«МЮ» афіцыйна абвясціў, што продажам будзе займацца банк Raine – той самы, што ў тэрміновым парадку прадаваў вясной «Чэлсі» Абрамовіча. І пры вельмі сціснутых тэрмінах і кантролю з боку ўрада справіўся на выдатна.

Уласна, швейцарцы ўжо маюць выразны план дзеянняў: спакойна прадаць клуб у першым квартале 2023 года за 6-7 млрд фунтаў. Гэта астранамічная сума – на думку аналiтыкаў, ацэначны кошт «МЮ» складае толькі 2,4 млрд фунтаў.

З іншага боку, ёсць кейс продажу «Чэлсі» Тоду Боўлі агульнай сумай у больш чым 5 млрд еўра з улікам гарантаваных інвестыцый і выплаты даўгоў. Ён адбываўся а) вымушана; б) тэрмінова; в) пад кантролем урада; г) са стадыёнам, які патрабуе рэканструкцыі; г) з абавязкамі. Увесь набор фактараў для зніжэння цаны. У «МЮ» як камерцыйнай кампаніі гэтых праблем няма – таму лагічна, што Глейзеры будуць прасіць яшчэ больш.

Але ж і 6-7 млрд – гэта толькі заяўлены кошт, які выплацяць уласна сям'і Глэйзераў. Амаль гарантавана новаму ўладальніку прыйдзецца закрыць той мільярд даўгоў крэдыторам і клубам за трансферы. А яшчэ ёсць пытанне «Олд Трафард», які вельмі патрэбуе рэканструкцыі, і ўласна гарантаваных інвестыцый ужо ў найбліжэйшай будучыні (не распрадаваць жа летам увесь склад) – агульныя выдаткі патэнцыйнага ўладальніка могуць скласці аж да 10 млрд.

Ёсць адна прычына, чаму «МЮ» могуць не прадаць – і гэта не грошы

Будзьце ўпэўненыя – у свеце дакладна рана ці позна знойдзецца чалавек, які будзе гатовы выкласці 10 млрд фунтаў за топ-клуб АПЛ. Але Глэйзеры выбралі найгоршы з магчымых момантаў, каб яго знайсці.

Бо літаральна непадалёк знаходзіцца «Ліверпуль», уладальнікі якога, Fenway Sports Group, абвясцілі пра планы продажу клуба ў пачатку лістапада. Гэты актыў менш праблемны: амерыканцы вось-вось скончаць рэканструкцыю яшчэ адной трыбуны «Энфілда», а каманда, хоць і знаходзіцца ў кароткатэрміновым гульнявым крызісе, дакладна мела менш праблем, чым «МЮ», – тут і стабільны трэнерскі штаб, і касцяк гульцоў, які не паддаваўся ўсё новым і новым перабудовам ледзь не кожнае лета.

У рэшце рэшт, Fenway Sports Group, па дадзеных Liverpool Echo, просіць за фіналіста ЛЧ і срэбнага прызёра АПЛ толькі 4 млрд фунтаў. Параўнайце гэта з коштам удзельніка Лігі Еўропы, апошні трафей якога быў яшчэ ў часы Жазэ Маўрынью.

У «МЮ» ёсць уласная перавага над «Ліверпулем» – маштаб брэнда (1,1 млрд заўзятараў па ацэнцы самога клуба). Гэта значыць, дзякуючы нармальнаму менеджменту (і рашэнню праблем ненармальнага) клубу будзе вельмі лёгка вярнуцца на прыбытковы трэк. Улічыце яшчэ і тое, што актыўныя фанаты могуць перастаць байкатаваць любы афіцыйны мерч, што робяць цяпер, абы грошы не патрапілі да Глейзераў.

Але вышэйзгаданыя фактары перавагі прынцыповых супернікаў «МЮ» запраўлены яшчэ і неабходнасцю шукаць новага тытульнага спонсара. TeamViewer, здзелка з якім на 235 млн фунтаў была заключана да 2026 года, першапачаткова проста абвясціў пра намер не працягваць яе (за 4 гады да завяршэння!). А цяпер «МЮ» і кампанія наогул дамовіліся аб яе зваротным выкупе з боку клуба, як толькі тыя знойдуць сабе новага спонсара.

Дык хто ж купіць клуб? Ва ўсіх вядомых патэнцыйных пакупнікоў ёсць праблемы

Гэтае пытанне пакуль застаецца без адказу. Інсайдаў, як і заўсёды пра «МЮ», да халеры, але далёка не ўсе яны адпавядаюць рэчаіснасці. Пройдземся асноўнымі.

Мільярдэры

Ілан Маск. Яго імя ўпершыню з'явілася ў прывязцы да «МЮ» праз яго (як потым аказалася) жартаўлівы твіт. Ды і пасля вымушанага і ўжо, напэўна, эпічна правальнага набыцця твітэра наўрад ці ён будзе мець грошы, рэсурсы і час заходзіць у зусім новую для сябе сферу.

Джым Рэдкліф. Відавочна, што чалавек, які яшчэ некалькі месяцаў таму хацеў набыць «МЮ», будзе разглядацца як адзін з асноўных кандыдатаў. Аднак ён у інтэрвʼю Financial Times прызнаваўся, што не мае дастаткова сродкаў для таго, каб задаволіць запыты Глэйзераў – відавочна, прыйдзецца фармаваць кансорцыум.

Таксама верагоднымі пакупнікамі ў гэтай катэгорыі могуць быць яшчэ некалькі амерыканскіх кансорцыумаў, якія няўдала прэтэндавалі на «Чэлсі» – сям'я Рыкетсаў, Дэвід Блітцар і Джош Харыс ці Стывен Пальюка. Рыкетсы, дарэчы, былі на нейкім этапе галоўнымі кандыдатамі на набыццё лонданскага клуба – пакуль фанаты не знайшлі інфармацыю пра іх ксенафобскі скандал.

Мукеш Амбані. Індыйскі магнат з 8-га месца сусветнага спісу Forbes таксама называўся інсайдэрамі як адзін з патэнцыйных пакупнікоў клуба. Аднак ёсць нюансы – па-першае, яго таксама звязваюць з «Ліверпулем», па-другое, яго сын заўзее за «Арсенал».

Вядомыя брэнды

«МЮ» звязвалі адразу з трыма такімі.

Apple. Інсайд пра амерыканскага тэхнагіганта ўкінула жоўтая Daily Star. Крыніцы The Athletic паведамілі, што гэта хлусня. Ды і наогул нелагічна – кампанія калі ў нешта інвестуе, то толькі з мэтай зрабіць гэта часткай сваёй экасістэмы. З футбольным клубам гэта немагчыма.

Amazon. Яшчэ аднаго тэхна-медыйнага гіганта таксама звязвалі з «МЮ».

Кампанія адмовілася каментаваць інфармацыю, але і тут ёсць праблема – кіраўніцтва АПЛ звыкла не сцвярджае набыццё медыякампаніямі клубаў у сувязі з магчымым канфліктам інтарэсаў, як гэта адбылося, у прыватнасці, са спробамі Руперта Мердака і яго BSkyB купіць «МЮ» яшчэ да Глэйзераў. Тут супярэчнасць яшчэ больш відавочная – Amazon проста цяпер валодае часткай правоў на паказ АПЛ.

Inditex (Zara і Bershka). Модны дом таксама звязалі з клубам – і тут крыніца, Manchester Evening News, мае крыху больш высокую надзейнасць, чым Daily Star. Але прэс-аташэ Амансіа Артэгі, уладальніка кампаніі, ад яго імя адмаўляў любыя планы.

Для чаго былі зробленыя гэтыя ўкіды пра жаданні кампаніі? Мабыць, для прыцягнення тых, хто сапраўды хоча набыць клуб – маўляў, ідзіце купляйце ўжо цяпер, пакуль гэта не зрабіў той, хто можа сабе гэта лёгка дазволіць фінансава. Крыніцы (акрамя Amazon, пра які паведаміла вельмі аўтарытэтнае выданне The Times) таксама намякаюць на даволі танную маніпуляцыю меркаваннем.

Краіны

Пасля паспяховых набыткаў «Сіці», «ПСЖ» і «Ньюкасла» і фактычнай адсутнасці пакаранняў ад любых кантралюючых органаў за неіснуючых спонсараў багатыя на лішнія грошы дзяржавы часта звязваюць з футбольнымі клубамі. Гэты кірунак, хутчэй за ўсё, даследаваў і асабіста Абрам Глэйзер, якога заўважылі на паўфіналах ЧС у Катары ў віп-зоне – куды кагосьці запрашаюць па ініцыятыве альбо ФІФА, альбо краіны-гаспадыні, альбо камерцыйных партнёраў турніру.

Але як раз Катар можна выключыць з пераліку – краіна сканцэнтравана на праекце «ПСЖ», які на чэмпіянаце свету даказаў сваю паспяховасць. Чаго варты толькі той факт, што галоўная футбольная драма года, супрацьстаянне Месі і Мбапэ ў фінале, вялася вакол двух гульцоў іх клуба.

Тое ж тычыцца і ААЭ – краіну-уладальніка «Манчэстэр Сіці» у выпадку набыцця «Юнайтэд» не зразумее абсалютна ніхто.

З Саудаўскай Аравіяй цікавей. Так, дзяржаве ўжо належыць «Ньюкасл», аднак яе адказныя (гэта значыць, блізкія да кіраўніка Махамеда бін Салмана) чыноўнікі некалькі разоў падкрэслілі, што не супраць, калі хто-небудзь з прыватных інвестараў іх краіны набудзе «Ліверпуль» або «МЮ». Перакладаючы з мовы эўфемізмаў – «ідзіце і купіце».

З краін, якія яшчэ тэарэтычна маглі б дазволіць укласціся на дзяржаўным узроўні, застаюцца Кувейт і Бахрэйн. Аднак апошні не занадта ахвотна інвестуе ў футбол (адзіная купля – клуб «Парыж» з французскай Лігі 2), засяроджваючыся на іншых відах спорту, а Кувейт не мае дастаткова фінансаў, каб забяспечыць працяглы топ-узровень «МЮ», ды і ўласна патрэбы «адмывацца» праз спорт.

Гэта значыць, хоць інсайдаў і здагадак пра магчымых пакупнікоў «МЮ» куча, фактычна яго цяпер не купляе ніхто. Не здзіўляйцеся, што ў пераліку няма такога жаданага Дэвіда Бэкхэма – ён сам фінансава відавочна не пацягне набыццё, яго максімум – медыйная асоба нейкага з кансорцыумаў.

Гэта значыць, што фанатаў «МЮ» чакае яшчэ адзін бурны год. І няма ніякай гарантыі, што па яго выніках Глейзеры нарэшце пакінуць клуб. Таму фанаты пакуль працягваюць пра гэта актыўна нагадваць.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты