Tribuna/Футбол/Блогі/Пракуратура Італіі ўзялася за «Ювe» – арыштаваць могуць адразу 15 чалавек, у тым ліку Недведа. Кальчопалі 2.0?

Пракуратура Італіі ўзялася за «Ювe» – арыштаваць могуць адразу 15 чалавек, у тым ліку Недведа. Кальчопалі 2.0?

І пры чым тут Раналду, каранавірус і «Тотэнхэм».

27 снежня 2022, 15:45
Пракуратура Італіі ўзялася за «Ювe» – арыштаваць могуць адразу 15 чалавек, у тым ліку Недведа. Кальчопалі 2.0?

Навіны пачатку ЧС некалькі разоў перабіваліся тэрміновымі паведамленнямі з клубнага футбола. Размова не толькі пра разрыў кантракта Раналду з «МЮ» і продаж клуба, але і пра адстаўку ўсяго кіраўніцтва «Ювентуса» – быццам клубу гульнявых праблем не хапае.

Што гэта ўвогуле было? Ці клубу нешта пагражае?

Паспрабавалі разабрацца.

Сутнасць справы

Пракуратура Турына знайшла неадпаведнасці ў фінансавых справаздачнах «Юве». У першую чаргу, гаворка пра эпізод вясной 2020-га, калі па і так неўраўнаважанаму фінансава з-за падпісання Раналду клубу ўдарыў каранавірус.

Тады было абвешчана, што для дапамогі клубу 23 гульцы пагадзіліся адмовіцца ад заробку за 4 месяцы. Аднак пракуроры сцвярджаюць, што насамрэч толькі за адзін – недаплачанае афіцыйна за іншыя месяцы футбалістам далі фактычна ў «канверце».

Таксама гаворка пра «таемныя плацяжы» Раналду, якія таксама былі праведзены па-за фінансавымі справаздачнасцямі. Акрамя таго, у справе яшчэ вывучаюць, ці не было падробленых інвойсаў пра неіснуючыя плацяжы ў клуб для памяншэння доўгу.

Тым больш, што па дадзеных La Repubblica, у «Юве» знайшлі мінімум 34 млн незадэклараваных даўгоў.

У любым выпадку, калі абвінавачванні пацвердзяцца, гэта будзе вельмі кепска для клуба – праз тое, што яго акцыі гандлююцца на біржы ў Мілане, патрабаванні да фінансавай «чысціні» з боку праваахоўнікаў значна вышэйшыя.

Рэакцыя клуба

Андрэа Аньелі, Павел Недвед, Маўрыцыа Арывабенэ

«Юве» не стаў адмаўляць факт здарэння – абраў стратэгію пераконваць, што ўсё адбывалася ў рамках закона.

«На аснове грунтоўнага набору меркаванняў вядучых юрыдычных і бухгалтарскіх прафесіяналаў праўленне «Ювентуса» прыйшло да аднадушнай высновы, якую падзяляюць усе дзевяць членаў праўлення, якія займалі пасаду 28 лістапада 2022 года, што:

• падыход да бухгалтарскага ўліку, прыняты ў абскарджанай фінансавай справаздачнасці, адпавядае прыдатным прынцыпам бухгалтарскага ўліку;

• абвінавачванні пракуратуры не здаюцца абгрунтаванымі і, акрамя таго, не ўзгадняюцца, як па здагадках, так і па высновах, з заўвагамі, якія змяшчаюцца ў рэзалюцыі Consob (дзяржустанова, якая рэгулюе фондавы рынак у Італіі) ад 19 кастрычніка 2022 года; фактычна, пракуратура сцвярджае штучнасць прыросту капіталу і фіктыўнасць памяншэння зарплаты, тады як Consob аспрэчвае значна ніжэйшы кошт прыросту капіталу, да таго ж без якіх-небудзь згадак пра ілжывую бухгалтэрыю, і не адмаўляе юрыдычную сілу зніжэння заработнай платы, а таксама, асабліва ў стаўленні так званага «манеўру заработнай платы» на 2020/2021 гады, юрыдычна неабавязковага характару так званых дадатковых пагадненняў, якія абмяркоўваліся ў красавіку і маі 2021 года;

• выпраўленне фінансавай справаздачнасці (гэта значыць пераразлік), абмежаванае так званымі «манеўрамі заработнай платы» за 2020 і 2021 гады, было прынята ў адпаведнасці з перспектывай асаблівай і надзвычайнай асцярожнасці і мае ўліковыя наступствы, якія лічацца, таксама з дапамогай незалежных экспертаў, неістотнымі, у прыватнасці адносна ўласнага капіталу за фінансавыя гады, якія скончыліся 30 чэрвеня 2022 года;

• нарэшце, «Ювентус» верыць, што менавіта з-за адсутнасці якіх-небудзь змяненняў у абскарджанай фінансавай справаздачнасці высновы спартыўных органаў (якія ўжо выказаліся на карысць «Ювентуса» па пытанні прыросту капіталу) не зменяцца: пры адсутнасці якіх-небудзь змяненняў у справаздачнасці любыя спартыўныя санкцыі былі б абсалютна неабгрунтаванымі.

«Ювентус» застаецца перакананым, што ён заўсёды дзейнічаў правільна і мае намер адстойваць свае прычыны і абараняць свае карпаратыўныя, эканамічныя і спартыўныя інтарэсы на ўсіх пляцоўках», – гаворыцца ў заяве клуба.

Гэта значыць: мы нічога не мянялі, і наогул рэгулятары на біржы і ў спорце сказалі, што ўсё добра, таму ідзіце вы лесам са сваімі абвінавачваннямі. Але мы сыдзем поўным складам савета дырэктараў у адстаўку.

Уласна, гэтая навіна папярэднічала інсайдам пра завяршэнне расследавання – Андрэа Аньелі, Павел Недвед, Маўрыцыа Арывабенэ і іншыя абяцалі сысці са сваіх пасад, як толькі сход акцыянераў абярэ ім замену.

Пакаранне

Для кіраўнікоў

Пракуратура падазрае 15 (па іншых паведамленнях 11) асоб, якія маюць дачыненне да падзей. Сярод іх – вышэйзгаданыя Аньелі, Недвед і Арывабенэ. Іх, у выпадку даказанасці абвінавачвання, можа чакаць арышт.

Тут і ўзнікае праблема для «Тотэнхэма»: Фабіа Парацічы, які працуе там спартыўным дырэктарам і ўжо палепшыў сітуацыю ў клубе, быў, хутчэй за ўсё, таксама датычны да гэтых схем – і таксама можа апынуцца за кратамі.

Фабіа Парацічы

Для клуба

Па-першае, гэта будзе вялікі штраф. І ўсё – на спартыўным узроўні гэтую справу ўжо сапраўды закрылі, а калі і адкрыюць нанова, то з наяўных у цяперашні час дадзеных «Юве» асабліва нічога не пагражае, максімум зняцце ачкоў.

Але ёсць «апакаліптычны» сцэнарый. Калі апынецца, што без падробкі справаздачнасці клуб не павінен быў атрымаць ліцэнзію на ўдзел у Серыі А, тады яго могуць панізіць у класе. Зрэшты, у мінулым годзе клуб зацвердзіў план рэкапіталізацыі на 400 млн еўра, таму такое развіццё падзей вельмі малаверагодна.

Таксама могуць узнікнуць пытанні ва УЕФА, якая ўжо пачала расследаванне – у рэшце рэшт, арганізацыі толькі дай дабрацца да клуба, які да гэтага часу прасоўвае Суперлігу. Зрэшты, следчая палата фінансавага кантролю за клубамі УЕФА толькі ў жніўні заключыла міравое пагадненне з «Ювентусам» па справах пра нязначныя парушэнні ФФП. Калі апынецца, што міравая засноўвалася на ілжывых дадзеных, то да «Юве» ўзнікнуць сур'ёзныя пытанні.

Што далей

Аньелі і кампанія да 26 снежня заставаліся ў руля – сходы акцыянераў як раз прызначылі новае кіраўніцтва.

Новым прэзідэнтам турынскага клуба стаў Джанлука Ферэра. Яго ў прэс-рэлізе апісалі як чалавека, які «мае значны досвед і неабходную тэхнічную кампетэнцыю, а таксама шчыры запал да «б'янканеры», што робіць яго чалавекам, найбольш кваліфікаваным для выканання гэтай ролі». Але насамрэч гэта проста пераход актыву да іншай часткі сям'і Аньелі – Ферэра вельмі блізкі да Алегры Аньелі, мамы Андрэа.

Джанлука Ферэра

Гендырэктарам клуба стане Маўрыцыа Сканавіна – «правая рука» СЕO Exor Джона Элкана. Членамі праўлення таксама сталі Фіярана Віторыя Негры, Дыега Пістонэ і Лаура Капіела. Ім зараз выводзіць клуб з гэтага цяжкага становішча – што на полі, што ў экселеўскіх таблічках.

І сапраўды гэта правільнае рашэнне – прызначыць іх ужо зараз. Таму што першапачатковыя планы зацвердзіць іх ажно 18 студзеня маглі ператварыць зімовае трансфернае акно ў хаос без дакладных адказных. Цяпер жа клуб афіцыйна мае пастаянных кіраўнікоў.

Фота: Fabio Ferrari, www.imago-images.de/Global Look Press

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты