Tribuna/Футбол/Блогі/Беларускі футбол – бы той П’еро, якога так прыемна лупцаваць па шчоках. Ён не адказвае і нават не крыўдуе, хаця мог бы задаць пытанні насустрач

Беларускі футбол – бы той П’еро, якога так прыемна лупцаваць па шчоках. Ён не адказвае і нават не крыўдуе, хаця мог бы задаць пытанні насустрач

Дык хто насамсправе заеўся?

5 студзеня 2023, 09:14
Беларускі футбол – бы той П’еро, якога так прыемна лупцаваць па шчоках. Ён не адказвае і нават не крыўдуе, хаця мог бы задаць пытанні насустрач

На дурныя словы не варта звяртаць увагі, але бывае цяжка прайсці міма, асабліва калі здараюцца супадзенні. Я чытаю рэпліку спартыўнай вядоўцы СТБ Юліі Сіліпіцкай пра «заевшихся» футбалістаў – і мне прыгадваецца П’еро з «Залатога ключыка» – хлопчык, якому кожны ахвочы можа ўляпіць поўху, і чым званчэйшай яна будзе, тым грамчэй адзавецца смехам зала. Беларускі футбол сёння – гэта калектыўны П’еро. Яго можа пхнуць нават самы апошні балэба без аніякай рызыкі для сябе, бо П’еро не мае права бараніцца – гэта супраць жанра. Сіліпіцкая проста прымерыла на сябе ролю Арлекіна – што ж, ёй пасуе.

Пакуль гэтыя недарэчныя асацыяцыі віравалі ў галаве, якраз натрапіў на навіну-загадку ад «Нашай нівы». Вось яе загаловак: «Летась у рэспубліканскім бюджэце засталіся свабодныя грошы. Здагадайцеся, куды іх вырашылі накіраваць». Адказ мяне вельмі насмяшыў. Бо свабодныя грошы пайдуць не на спорт, не на прахарчунак футбалістаў і нават не на сілавікоў, а на тэлеканалы АНТ і СТБ, якія і так ужо атрымалі фінансаванне з бюджэта на 2023 год, як атрымлівалі і ва ўсе свае папярэднія гады.

І калі футбол, у тым ліку беларускі, арыентуе людзей на дасягненні, бо каб стаць «заевшимся», трэба выйграць канкурэнцыю, бо проста так нікога не накормяць нават у нягеглым «Дняпры», то беларускае тэлебачанне ў сённяшнім выглядзе – гэта пра хлусню, варажнечу, поўную здраду нацыянальным інтарэсам. На прапаганду бяруць грошы з нашых падаткаў. Буйныя кампаніі на ўзроўні ўказаў прымушаюць размяшчаць там рэкламу. І на гэтым тле «птушка Фенікс» на манер папугая (бо хто так толькі не казаў, нават той жа Канашыц) загаварыла пра фінансы і футбол.

Напэўна сярэдні заробак футбаліста вышэйшай лігі большы, чым у якога прапагандыста. Але ж і кватэры футбалістам направа-налева не раздаюць, а прапагандыстам – так.

Беларускае тэлебачанне па сваім узроўні, па запатрабаванасці нічым не лепшае за айчынны футбол. Больш-менш упэўнена яно сябе адчувае толькі пры татальнай зачыстцы канкурэнтаў. Што ж, калі еўрапейскія чэмпіянаты, першынствы свету і Еўропы абвясціць экстрэмісцкай прадукцыяй, калі за прагляд такога кантэнту і паведамленне ліку такіх матчаў распачынаць крымінальныя справы, то і статус беларускага футболу крыху падрасце – прынамсі, у межах канцлагера.

У прынцыпе, апетыт – гэта ўдзячная тэма для разважанняў, і футболам тут абмяжоўвацца не варта. Ці не заеліся лукашэнкаўскія чыноўнікі? А яго сілавікі? А кішэнныя дэпутаты, цалкам пазбаўленыя сумлення і заканадаўчай патэнцыі (хаця гэта да лепшага, канешне)? У такіх развагах можна дабрацца і да галоўнага Карабаса-Барабаса, які запусціў рукі з нітачкамі ва ўсе прывабныя сферы эканомікі – ці не заеўся ён і яго сям’я, якая траціць мільёны еўра, каб лятаць чартарам на адпачынак у самыя розныя куткі свету (1, 2, 3)? Наўрад ці Сіліпіцкая можа сабе такое дазволіць, як і беларускія футбалісты. Але ж тут пытанняў няма, бо лупцаваць П’еро больш бяспечна.

Увогуле, пры цяперашней фінансавай мадэлі ў Беларусі цяжка сказаць, хто заеўся, а хто не. Пытанні могуць узнікнуць нават да прыбіральшчыцы на дзяржпрадпрыемстве або да шахцёра на «Беларуськаліі». Так, усе працуюць, усе стараюцца, але пра адэкватнасць заробкаў меркаваць цяжка, бо праз умяшальніцтва дзяржавы эканамічныя стасункі цалкам скажоныя. Грошы перакідваюцца з адной кішэні ў іншую – камусьці дадаюць, у кагосьці забіраюць. Каго трэба звальняць – не звальняюць, каго трэба матываваць – не матывуюць. Што адбываецца, па якіх прынцыпах – назіральніку звонку зразумець складана. Цікава, ці лічыць свой заробак справядлівым тая ж Сіліпіцкая. Можа, таксама заелася, але пра гэта не кажа?

Прафесійны спорт выключна з прыватным фінансаваннем – і не будзе «заевшихся» футбалістаў.

Медыярынак без умяшальніцтва дзяржавы – і амаль напэўна не будзе СТБ.

У мяне таксама ёсць пытанні да футбольнага П’еро, мне таксама хочацца даць яму поўху (і, бывае, даю), але зусім не таму, што ён можа паляцець на Мальдывы або весела адпачыць у караоке. Куды больш чапляе яго бесхрыбетнасць, баязлівасць, бязвольнасць, непрынцыповасць, памяркоўнасць у найгоршым сэнсе. Але для мяне гэта ўсё не пра грошы.

І зараз не маю ніякіх сумневаў, што і пасля такой поўхі панылы П’еро прыйдзе ў госці да Арлекіна Сіліпіцкай, каб распавесці, як там жыве ненажэрны беларускі футбол. П’еро не толькі не бароніцца, але і не крыўдуе.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты