💔 Раналду разышоўся са сваім шматгадовым агентам Мендэшам. Крышу не спадабалася, што яму не знайшлі клуб у ЛЧ
Цяпер футбольныя справы партугальца вядзе асабісты памочнік.
Падзенне Крышцiяну Раналду – не толькі ў тым, што зараз ён будзе гуляць у Саудаўскай Аравіі. Апошнія паўгода адбіліся на тым, што ён упершыню ў кар'еры змяніў агента – да гэтага года яго справы вёў сусветна вядомы Жоржэ Мендэш.
Як адбыўся раскол
Партугальскае выданне Público пацвердзіла: Раналду больш не кліент Мендэша і яго агенцтва Gestifute. Партнёрства паміж імі скончылася ў лістападзе.
Daily Mail дадае, што канчаткова кропку ў адносінах паміж агентам і футбалістам паставіла тое самае інтэрвʼю Пірсу Моргану. Маўляў, Крыш чакаў, што пасля ЧС за ім усё роўна выстраяцца элітныя еўрапейскія клубы, нягледзячы на тое, як ён пайшоў з МЮ. Мендэш лічыў інакш, ведаючы, што запыты футбаліста па заробку можа пакрыць толькі «Аль-Наср» – асабліва пасля такога ўчынку.
Але сапраўды праблемы пачаліся яшчэ ўлетку – Раналду, па дадзеных The Athletic, адмовіўся ўспрымаць той факт, што ні адзін еўрапейскі клуб-удзельнік ЛЧ не хоча яго падпісваць з заробкам у 80 тысяч фунтаў у тыдзень. Затым, па словах аднаго з агентаў, Крыш яшчэ і ў абыход Жоржэ меў зносіны з кіраўніцтвам аднаго з еўрапейскіх клубаў. У асяроддзі футбаліста гэта адмаўляюць.
У рэшце рэшт пагадненне з «Аль-Насрам» кантраляваў ужо асабісты памочнік Раналду Рыкарду Рэжуфэ – той, чыёй прысутнасцю ў штабе зборнай Партугаліі абураліся футбалісты. У дзень прылёту Крыша ў Эр-Рыяд Рэжуфе яго ўсюды суправаджаў і актыўна посціў гэта ў сторыз. Па некаторых звестках, Рэжуфэ зарабiў на трансферы каля 30 мiльёнаў еўра.
Мендэш – важны чалавек у жыцці Раналду. Быў
Проста нагадаем: Жоржэ Мендэш арганізоўваў пераход Раналду яшчэ са «Спортынга» ў «МЮ».
«Я заўсёды адзначаў, што трэнер – гэта найважнейшы складнік у любым трансферы. Крышціяну Раналду – гэта ідэальны прыклад. Усе клубы хацелі яго, але яны хацелі аддаць яго назад у арэнду ў «Спортынг». Адзіны, хто хацеў узяць яго неадкладна, – сэр Алекс Фергюсан. У той жа час у мяне не было сумневаў. Маё рашэнне, прынятае без лішніх роздумаў, заключалася ў тым, што «Манчэстэр Юнайтэд» – гэта ідэальны клуб для Раналду», – успамінаў гэты пераход Мендэш.
Ён жа потым з вялізнымі праблемамі суправаджаў пераход Крыша ў «Рэал» – «МЮ» не хацеў адпускаць Раналду менавіта ў Мадрыд. З «Рэала» ў «Юве» яго перавозіў таксама Жоржэ.
У італьянскі перыяд кар'еры Мендэш назваў Крыша «найлепшым гульцом у гісторыі», а яшчэ лічыў, што той павінен выйграваць «Залаты мяч».
«Да яго выступу за зборную Партугалія нічога не выйгравала, а ён выйграў Еўра і Лігу нацый у дадатак да фіналу Еўра-2004. Калі ён перайшоў у «Мадрыд» у 2009-м, «Барселона» была лепшай камандай у гісторыі, у іх быў касцяк зборнай Іспаніі, але ён усё змяніў. Ён чатыры разы выйграў Лігу чэмпіёнаў, яго проста немагчыма з кімсьці параўноўваць. У наступным годзе ў яго стане не менш за 110 галоў за зборную Партугаліі: думаю, ён заслугоўвае прыз за гэтае дасягненне.
Гэта несправядліва, што Месі атрымаў «Залаты мяч», а Крышціяну выйграў Лігу нацый. Але такое жыццё. Паглядзім, што будзе ў 2020-м», – сказаў агент у 2019-м.
Ды і нават калі Раналду шукаў клуб, каб пайсці з «Ювэ», Мендэш быў гатовы парушаць дамоўленасці, каб задаволіць Крыша. Спачатку пачаў перамовы, хаця абяцаў турынцам, што пасля 15 жніўня, калі не прададуць яго, то дакладна пакінуць у клубе. А потым, калі ўжо ўсё ўзгаднілі з «Ман Сіці», па просьбе футбаліста разгарнуў сітуацыю дзеля «МЮ».
Але нават Мендэш не вытрымаў таго свету ілюзій, які збудаваў сабе Раналду, хаця сам дапамог клiенту там апынуцца.
Цікава, што Гансалу Рамуш, які змяніў Раналду ў аснове Партугаліі на ЧС-2022, нядаўна таксама стаў кліентам Мендэша.
Фота: інстаграм Рыкарду Рэжуфе, Fabio Ferrari/Global Look Press