Tribuna/Футбол/Блогі/50 найлепшых гульцоў у гісторыі «Рэала»

50 найлепшых гульцоў у гісторыі «Рэала»

Самы вялікі клуб у свеце.

12 студзеня 2023, 07:21
3
50 найлепшых гульцоў у гісторыі «Рэала»

Tribuna.com прапануе вашай увазе рэйтынг гульцоў мадрыдскага «Рэала» - найбуйнейшага клуба ў гісторыі футбола.

49 трафеяў найвышэйшага гатунку (35 чэмпіёнстваў, 14 Кубкаў чэмпіёнаў) – і толькі 50 найлепшых гульцоў? Падобны рэйтынг для «Рэала» мог расцягнуцца да бясконцасці. Таму мы абралі свае рамкі.

У прыярытэце будуць футбалісты з трох яскрава выражаных эпох дамінавання «Мадрыда» ў Еўропе. Гэта канец 50-х (пяць запар перамог у Кубку чэмпіёнаў; у 1966-м трафей брала ўжо не тая каманда ў тых жа футболках), мяжа 20 і 21 стагоддзі (тры трафея ЛЧ за пяць сезонаў) і цяперашні «Рэал», які вярнуўся на кантынентальны трон мінулай вясной пасля кароткачасовай адсутнасці.

***

50. Сант'яга Бернабеу (1921-1926)

Самая галоўная фігура ў гісторыі «Рэала». Але як прэзідэнт. Зрэшты, Бернабеу гуляў за Мадрыд у 20-х гадах мінулага стагоддзі і нават забіваў у сярэднім амаль адзін гол за матч. І гэта дастатковая прычына ўключыць чалавека-стадыён нават у гэты рэйтынг.

49. Вінісіус Жуніяр (2018-н.ч.)

Праз некалькі гадоў бразілец у такім рэйтынгу сапраўды будзе вышэй. А Федэ Вальвердэ ў ім з'явіцца. У Вінісіуса адзін поўны магутны сезон за «Рэал» – але і мы не можам ніяк не адрэагаваць на яго пераможны гол у фінале з «Ліверпулем».

48. Хасінта Кінкасэс (1931-1936, 1939-1942)

«Ён не быў класным футбалістам, але быў класным абаронцам». Гэта фраза не пра Кінкасэса, але датычыцца яго таксама. Баск не забіў ніводнага гола за кар'еру, таму што яго задача была не даваць іх забіваць форвардам. Кінкасэс лічыцца адным з найлепшых абаронцаў Іспаніі ў перыяд да Другой сусветнай вайны. «Рэалу» ён дапамог выйграць два першыя чэмпіёнскія тытулы ў клубнай гісторыі.

47. Гуці (1994-2010)

Вялікі талент, які праз складаны характар не змог рэалізаваць сябе цалкам. Але Гуці пратрымаўся ў «Рэале» да таго часу, калі прыйшоў Маўрынью. Бялявы плэймэйкер, нягледзячы на ўсе праблемы, забіў за «Мадрыд» 77 галоў у 542 матчах, заваяваў 12 трафеяў, у тым ліку пяць тытулаў чэмпіёна Іспаніі і тры Кубкі чэмпіёнаў.

46. Фернанда Мар'ентэс (1997-2005)

Для Марʼентэса заўсёды куплялі канкурэнтаў, якія павінны былі адправіць яго ў глухі запас. Але Фернанда забіў свае 72 галы ў 182 матчах за «Рэал» (самы галоўны – пераможны ў фінале ЛЧ-2000), заваяваў дзевяць трафеяў (тры ЛЧ, два чэмпіёнства), а затым адпомсціў «Мадрыду» ў арэндзе за «Манака» у чвэрцьфінале ЛЧ-2004.

45. Вісэнтэ дэль Боске (1967-1984)

Мы памятаем дэль Боске як паспяховага трэнера (з «Рэалам» – дзве ЛЧ і два чэмпіёнства), але ён і як гулец правёў за «Мадрыд» больш за 300 матчаў. Непрыкметны апорны хаўбек амаль не забіваў (14 галоў), але за кар'еру заслужана пяць разоў станавіўся чэмпіёнам Іспаніі.

44. Мічэл Сальгада (1999-2009)

У «Сельце» Сальгада запомніўся тым, што жорстка зламаў магічнага Жуніньё Паўлісту. А вось у «Рэале» ён даказаў, што таксама ўмее гуляць у футбол, хоць не губляў уласцівую іспанскім абаронцам таго часу жорсткасць. Больш за 250 матчаў, чатыры тытулы чэмпіёна, тры Кубкі чэмпіёнаў – Сальгада не дарма гуляў за «Мадрыд».

43. Фернанда Рэдонда (1994–2000)

Галоўны ўспамін пра Рэдонда – той самы фінт супраць Берга на «Олд Трафард», калі ён пяткай пракінуў мяч міма абаронцы «Манчэстэр Юнайтэд» і вывеў Рауля на пустыя вароты. На жаль, цяжкая траўма калена дэ-факта завершыла кар'еру аргенцінца праз некалькі месяцаў.

Рэдонда ўмеў гуляць, але яго галоўнай функцыяй была нейтралізацыя плэймэйкераў. Фернанда быў настолькі круты, што ў фінале ЛЧ-1998 супраць гегемона тых часоў «Ювентуса» закрыў Зідана. Рэдонда двойчы паднімаў над галавой Кубак чэмпіёнаў і двойчы быў чэмпіёнам Іспаніі.

42. Прэдраг Міятавіч (1996-1999)

Нельга сказаць, што выніковасць Міятавіча ў «Рэале» здзіўляла – 36 галоў у 118 матчах. Але менавіта серб забіў адзіны гол у фінале ЛЧ-1998 у вароты «Ювентуса». Гэты рэзультатыўны ўдар Міятавіча вярнуў «Рэал» на еўрапейскі трон пасля 32-гадовага перапынку.

41. Даніэль Карвахаль (2013- ц.ч.)

«Рэал» мае традыцыю пакідаць опцыю зваротнага выкупу сваіх гадаванцаў. З Карвахалем гэта спрацавала, паколькі ён вяртаўся ў «Мадрыд» з «Байера» у якасці найлепшага правага абаронцы Бундэслігі. Дані праляцеў міма залатой эпохі зборнай Іспаніі. Але клубная кар'ера ў яго на зайздрасць шматлікім – пяць перамог у Лізе чэмпіёнаў, тры тытула ў Ла Лізе.

40. Клод Макелеле (2000-2003)

Макелеле наўрад ці гуляў бы ў вялікім клубе цяпер, таму што ад апорніка даўно патрабуюць большага, чым проста адабраць мяч і аддаць бліжэйшаму партнёру. Але можаце ўявіць, які аб'ём працы выконваў француз у тым «Рэале», дзе была куча зорак атакі, якія не хацелі адпрацоўваць на разбурэнне. Рашэнне Фларэнціна Перэса летам 2003 года пазбавіцца ад Макелеле і Ера закрыла паспяховы перыяд эры «галактыкас». Насталі часы правалаў.

39. Кейлар Навас (2014-2019)

Па статусе костарыканец ніжэй за Куртуа, а тым больш за Касільяса. Але Навас быў асноўным брамнікам «Рэала» ў трох пераможных фіналах Лігі чэмпіёнаў. Кейлар не кідаўся пантамі і без усялякіх модных прычосак проста якасна выконваў сваю працу.

38. Рафаэль Гардзільё (1985-1992)

Гардзільё выцесніў харызматычнага лідара «Рэала» Хасэ Антоніа Камача (пра яго ніжэй). Рафаэль ужо гуляў у іншай манеры. Гэта быў левы абаронца, які ўмеў востра далучацца да нападу. Яшчэ ў «Бетысе» яго прызнавалі найлепшым гульцом Іспаніі. За «Рэал» Гарзільё забіў 20 галоў у 182 матчах і заваяваў пяць чэмпіёнскіх тытулаў.

37. Чэнда (1979-1998)

Чэнда дацягнуў да перамогі ў Лізе чэмпіёнаў ужо ў якасці заслужанага 36-гадовага ветэрана. У сезоне-97/98 ён згуляў сем матчаў, з якіх толькі адзін у ЛЧ. Але Чэнда заслужыў такі гонар, таму што быў класным персаналам, згуляў больш за 400 матчаў за «Рэал» і сем разоў станавіўся чэмпіёнам Іспаніі.

36. Іван Эльгера (1999-2007)

Эльгера гуляў і ў апорнай зоне, і ў цэнтры абароны. Калі здаралася другое, то працаваць Івану даводзілася не менш, чым Макелеле. Таму што Эльгера яшчэ і страхаваў аматара атакаваць Фернанда Ера. Атакаваць умеў і сам Іван – 33 галы ў 343 матчах за «Рэал». Ён тройчы станавіўся чэмпіёнам Іспаніі і двойчы пераможцам Лігі чэмпіёнаў.

35. Мігель Муньёс (1948-1958)

У першую чаргу Муньёс вядомы як трэнер, які ўзначальваў «Рэал» 15 сезонаў (клубны рэкорд) і выйграў двойчы Кубак чэмпіёнаў, а таксама дзевяць разоў чэмпіянат Іспаніі. Але менавіта ён быў капітанам, які ўзнімаў над галавой самы галоўны еўрапейскі трафей у 1956 і 1957 гадах. Увогуле Муньёс, які дзейнічаў у абароне і паўабароне, правёў больш за 200 матчаў за «Рэал».

34. Рафаэль Варан (2011-2021)

Француз пераходзіў у «Рэал» з «Ланса» 18-гадовым хлопцам, які рыхтаваўся да ўступных экзаменаў ва ўніверсітэт. Пайшоў Варан з «Мадрыда» пасля 360 матчаў (17 галоў) у якасці 4-разовага пераможцы Лігі чэмпіёнаў.

33. Хасэ Марыя Сарага (1951-1962)

Сарага (націск на першым складзе) у тым «Рэале», дзе правіў Ды Стэфана, як гаворыцца, цягаў раяль і займаўся разбурэннем у паўабароне. Але рабіў гэта ўмела. Менавіта таму шэсць разоў станавіўся чэмпіёнам Іспаніі і выйграў пяць Кубкаў чэмпіёнаў, прычым згуляў у кожным з гэтых фіналаў.

32. Пепэ (2007-2017)

Для хейтэраў Пепэ – гэта максімальна брудны гулец, якога не павінна быць у футболе. Для фанатаў «Рэала» – гэта смелы і жорсткі абаронца, гатовы на ўсё дзеля сметанковай футболкі. 334 матчы і 15 галоў за «Мадрыд», трохразовы пераможца Лігі чэмпіёнаў і чэмпіянату Іспаніі.

31. Каземіра (2013-2022)

Удасканаленая версія Клода Макелеле. Каземіра не толькі адбіраў мяч, але і паспяваў адпраўляць яго ў чужыя вароты – 31 гол у 336 матчах. Пяціразовы пераможца Лігі чэмпіёнаў, няхай трафей 2014 года бразільцу запісваюць фармальна.

30. Мічэл (1982-1996)

Кар'еру ў зборнай Іспаніі Мічэлу зламаў Хаўер Клементэ. А вось у «Рэале» ўласнага гадаванца шанавалі. Мічэл як для паўабаронцы дэманстраваў выдатную выніковасць – 131 гол у 561 матчы. Ён шэсць разоў станавіўся чэмпіёнам Іспаніі, а вось да Кубка чэмпіёнаў не дацягнуў два гады. Зрэшты, Мічэлу ўжо было 33, калі ён сышоў з «Рэала».

29. Эктар Рыаль (1954-1961)

Аргенцінец, які, як і Ды Стэфана, згуляў за зборную Іспаніі, выйграў пяць Кубкаў чэмпіёнаў, але фінал-1960 прайшоў міма. А вось у 1956 годзе ён зрабіў дубль і забіў пераможны мяч у вароты «Рэймса». У 1958 годзе Рыаль выратаваў «Рэал» ад паразы ў фінале з «Міланам» – залаты гол Хента ўжо адбудзецца ў авертайме.

28. Анхель Дзі Марыя (2010-2014)

Найлепшы гулец фіналу ЛЧ-2014 тым матчам фактычна развітваўся з «Рэалам». Ужо пасля трансферу Бэйла месца на полі для Дзі Марыі было знайсці цяжка, а затым «Мадрыд» дадасць канкурэнцыю набыццём Хамеса Радрыгеса. Анхель дапамог атрымаць Дэсіму – дзясяты Кубак чэмпіёнаў, пасля чаго можна было сыходзіць. Але Дзі Марыя сапраўды гуляў за «Рэал» на высокім узроўні – 36 галоў і 85 асістаў у 190 матчах.

27. Гарэт Бэйл (2013-2022)

Ці адбіў Бэйл грошы за свой трансфер і асабліва заробак? Дакладна не. Але як злічыць кошт яго галоў у фіналах Лігі чэмпіёнаў? Дубль у 2018 годзе (пераможны мяч – гэта прыгажосць ад Гарэта, а не клаўнада Карыуса) і вырашальны ў 2014-м? Ды і наогул нават праблемны Бэйл забіў за «Рэал» 106 галоў у 258 матчах.

26. Хасэ Антоніа Камача (1973-1989)

Сапраўдны мадрыдыст. Згуляў 517 матчаў, быў харызматычным лідарам калектыву, а на полі – абаронцам, які не шкадаваў ні сябе, ні супернікаў. Камача выйграў 17 унутраных трафеяў (дзевяць чэмпіёнстваў), дадаў да іх два Кубкі УЕФА, але Кубка чэмпіёнаў для поўнага шчасця не хапіла.

25. Раймон Копа (1956-1959)

Легенда зборнай Францыі і топавага ў той час «Рэймса», уладальнік «Залатога мяча» 1958 года. У «Рэале» ён выйграў тры Кубкі чэмпіёнаў. Раймон забіў 30 галоў у 101 матчы за «Мадрыд», але больш быў накіраваны асіставаць. Ды Стэфана і Пушкаш ставіліся да Копа з некаторай рэўнасцю. Але француз з польскімі каранямі мае права лічыць паспяховым свой перыяд у «Рэале». Яго веліч як гульца не выклікае сумневаў.

24. Манало Санчыс (1983-2001)

Амаль 10 гадоў Санчыс быў рэкардсменам «Рэала» па колькасці матчаў – 710. Ды ён і зараз у топ-3.

На заканчэнне Манола зрабіў тое, што не ўдалося больш нікому з «Пяцёркі Бутрагенья», гэта значыць выйграць Лігу чэмпіёнаў з «Рэалам». Двойчы! Чэмпіёнам Іспаніі гэты цэнтральны абаронца быў восем разоў.

23. Цібо Куртуа (2018-ц.ч.)

Менавіта па варатарскім майстэрстве бельгіец, відаць, пераважае нават Касільяса. Па трафеях саступае, але ў Куртуа яшчэ ёсць час, а гульня Цібо ў фінале Лігі чэмпіёнаў супраць «Ліверпуля» сапраўды ўвойдзе ў хайлайты гісторыі «Рэала». Пасля 2000 года мадрыдцы выйгралі шэсць фіналаў ЛЧ. Але толькі Куртуа ў такім матчы захаваў свае вароты сухімі – і мала хто забыўся, колькі тады ў Парыжы ён зрабіў крутых сэйваў.

22. Уга Санчэс (1985-1992)

Самы паспяховы форвард у гісторыі «Рэала» з тых, хто не выйграваў Кубак чэмпіёнаў. Санчэс забіў 208 галоў за «Мадрыд», а з 1985 па 1990 год толькі раз аддаў камусьці «Трафеа Пічычы». Праўда, упершыню найлепшым бамбардзірам Прымеры мексіканец стаў яшчэ ў складзе «Атлетыка». А ў «Рэале» ён выйграў пяць запар чэмпіёнскіх тытулаў.

21. Карлас Сантыльяна (1971-1988)

Пяты найлепшы бамбардзір у гісторыі «Рэала» (290 галоў). І нумар адзін з тых, хто не выйграваў Кубак чэмпіёнаў. Менавіта гэтай узнагароды Сантыльяні не хапае для больш высокага месца ў рэйтынгу. Таму што ён – 9-кратны чэмпіён Іспаніі. Але ўладальнікам «Трафеа Пічычы» Сантыльяна стаў толькі ў сезоне-1970/1971.

20. Рыкарда Самора (1929-1936)

Першая зорка ў гісторыі іспанскага футбола і менавіта «Рэала». Імя Саморы стала намінальным, таму што менавіта ў яго гонар назвалі ўзнагароду найлепшаму брамніку сезона ў Іспаніі. Сэйвы Рыкарда дапамаглі «Мадрыду» ўзяць першыя два чэмпіёнства ў гісторыі ў 1932 і 1933 гадах.

19. Амара Амансіа (1962-1976)

Менавіта Сант'яга Бернабеу настаяў на тым, каб Амансіа стаў адным з сімвалаў змены пакаленняў у «Рэале» і даў грошы на яго набыццё ў «Дэпартыва». Амансіа выпальваў правы фланг і ў пераможным для «Рэала» розыгрышы Кубка чэмпіёнаў-1965/1966 забіў пяць галоў, адзін з якіх у фінале з «Партызанам». На гэтым еўрапейская слава «Мадрыда» перарвалася больш як на 30 гадоў. Але Амансіа ўмела рабіў сваю справу на нацыянальным узроўні – дзевяць чэмпіёнстваў, два «Трафеа Пічычы», 154 галы ў 469 матчах.

18. Раналда (2002-2007)

У фенаменальнасці Раналда сумневаў няма. Нават нягледзячы на траўмы або запоўнены півам і мясам страўнік, бразілец забіў за «Рэал» 118 галоў у 194 матчах. Але Ліга чэмпіёнаў не скарылася Раналда нават у «Мадрыдзе». А з вялікіх трафеяў тут ён выйграў толькі Прымеру-2003.

17. Тоні Кроас (2014-ц.ч.)

Кроас пераходзіў у «Рэал», ужо маючы ў партфоліа перамогу ў Лізе чэмпіёнаў і чэмпіёнства свету. Аказалася, што трансфер у Мадрыд стаў для яго новай матывацыяй. Кроас у сталіцы Іспаніі дадаў у калекцыю трафеяў яшчэ чатыры Кубкі чэмпіёнаў, і да гэтага часу застаецца тым топам, які праявіў сябе яшчэ ў «Баварыі».

16. Піры (1964-1980)

Піры прадстаўляў так званае пакаленне Ye-Ye «Рэала», якое змяніла Ды Стэфана, Пушкаша, Хента і іншых тытулаваных папярэднікаў. Ён стаў уладальнікам Кубка чэмпіёнаў ужо ў 22 гады. Піры ў тым розыгрышы забіў тры мячы. А пасля 1966 года «Рэал» надоўга перайшоў у катэгорыю гегемонаў нацыянальнага маштабу, але не кантынентальнага. Піры – 10-разовы чэмпіён Іспаніі, ён да гэтага часу ўваходзіць у топ-10 «Мадрыда» па колькасці матчаў (561) і галоў (172).

15. Эміліо Бутрагенья (1984-1995)

«Сцервятнік» забіваў менш Уга Санчэса. Але ў «Рэале» ён быў на асаблівым рахунку як клубны гадаванец. У Бутрагеньі ёсць два «Бронзавыя мячы», якія пацвярджаюць яго ўзровень як форварда. «Эль Буітры» забіў за «Рэал» 171 гол, шэсць разоў станавіўся чэмпіёнам, аднойчы заваяваў «Трафей Пічычы», але Кубак чэмпіёнаў таму пакаленню «сметанковых» не падпарадкаваўся.

14. Зінедзін Зідан (2001-2006)

Калі шчыра, то пры ўсёй геніяльнасці француза здавалася, што «Рэал» яму патрэбен быў больш, чым ён «Рэалу». У першы ж сезон у Мадрыдзе Зідан выйграў выпакутаваную Лігу чэмпіёнаў – і забіў фантастычны пераможны гол «Байеру» у тым фінале-2002. Затым былі тытул чэмпіёна Іспаніі і балючы канец эпохі «галактыкас». Апошнія тры сезоны ў кар'еры Зідана прайшлі без трафеяў. І ён нічога з гэтым не зрабіў.

13. Луіш Фіга (2000-2005)

Няма сумневаў у высокім класе Фігу. Але здаецца, што самы вялікі плюс яго трансферу для «Рэала» – тое, што ўдалося прынізіць «Барселону», забраўшы ў яе лідэра. Так, Фігу дапамог «Мадрыду» выйграць ЛЧ-2002 і два тытулы ў Прымеры. Але ўжо ў чацвёртым сезоне быў бачны спад Луіша, а пяты сезон стаў для яго апошнім на «Санцьяга Бернабеу».

12. Раберта Карлас (1996-2007)

Для многіх прыхільнікаў футбола менавіта Раберта Карлас – узор гульні бразільскага латэраля. З відавочным упорам на атаку, часам з поўным ігнараваннем абароны, але з Раберта Карласам заўсёды было весела. Так, яго крыху ператрымалі ў «Рэале», але за рэальныя старыя заслугі: 47 галоў у 370 матчах, тры перамогі ў Лізе чэмпіёнаў, чатыры тытулы чэмпіёна Іспаніі.

11. Фернанда Ера (1989-2003)

Рамас прыйшоў у «Рэал» праз два гады пасля таго, як Фларэнціна Перэс пазбавіўся Ера. Але, магчыма, Серхіа літаральна заняў месца «Жалезнага» ў распранальні, праз якое яму перадаўся статус харызматычнага лідара каманды.

Можна пералічыць шмат памылак, дапушчаных Ера-абаронцам. Але, па-першае, Фернанда пачынаў наогул як атакуючы паўабаронца і за «Рэал» забіў больш за 100 галоў. Па-другое, памылкі Ера ўмеў выпраўляць і мог нашпігваць у распранальні любым зоркам. Правальнае завяршэнне эпохі «галактыкас» у «Рэале» адбылося адразу пасля таго, як сышоў «Жалезны» – пяціразовы чэмпіён Іспаніі і трохразовы пераможца Лігі чэмпіёнаў.

10. Марселу (2006-2022)

Марселу лічылі пераемнікам Раберта Карласа. Але ў «Рэале» ён пераўзышоў суайчынніка. Нават калі ўлічваць апошнія тры сезоны ў Мадрыдзе, дзе бразілец больш быў турыстам або сенатарам, чым футбалістам. Але так Марселу выйграў 25 трафеяў (у тым ліку пяць разоў Лігу чэмпіёнаў) – гэта клубны рэкорд, які ўжо сам па сабе годны высокага месца ў рэйтынгу.

9. Ферэнц Пушкаш (1958-1966)

Легендарны вугорац стаў гульцом «Рэала» ў 31 год (што вельмі шмат для тых часоў) і пасля вялікай паўзы ў афіцыйных матчах. Але найлепшым адказам на пытанне «А ў якой форме Пушкаш?» сталі 244 галы ў 262 матчах. Вугорац хутка знайшоў агульную мову з Альфрэда Ды Стэфана, што было вельмі няпроста. Трэці ў кар'еры Кубак Чэмпіёнаў (1966 год) запісваюць у дасье Пушкаша больш фармальна. Але не будзем забываць, хто зрабіў покер у фінале-1960 супраць «Айнтрахта».

8. Лука Модрыч (2012-ц.ч.)

Пасля першых шасці месяцаў у «Рэале» раздаваліся гучныя галасы, што трансфер Модрыча з «Тотэнхэма» – правал. Але іспанская прэса хуткая што на расправу, што на пакланенне. Затым Лука проста якасна выконваў сваю працу, дапамог выйграць «Рэалу» чатыры ЛЧ, а пасля сыходу Раналду аказалася, што незаўважныя героі а-ля Модрыч могуць і «Залаты мяч» заваяваць, і ўзяць пяты ў кар'еры Кубак чэмпіёнаў у якасці 36-гадовага генія, якому ўзрост ніяк не замінае.

7. Рауль Гансалес (1994-2010)

Кар'ера Рауля ў зборнай – гэта пра няўдачы і трагедыі. Карʼера ў Рауле ў «Рэале» – гэта пра поспех (шэсць тытулаў чэмпіёна, тры Лігі чэмпіёнаў, у двух фіналах ён забіваў) і традыцыйнае нежаданне Фларэнціна Перэса прыгожа развітвацца з клубнымі легендамі. У легендарнасці статусу Рауля сумневаў быць не можа – ён да гэтага часу рэкардсмен па матчах за «Рэал» (741) і трэці ў спісе бамбардзіраў (323 галы, некаторы час менавіта ён быў нумарам адзін).

6. Ікер Касільяс (1999-2015)

Цяпер гэта цяжка ўявіць, але ў канцы 20 стагоддзя пераемнікам састарэлага немца Бода Ілгнера ў «Рэале» лічылі аргенцінца Альбана Бісары. Але аргенцінец адказнасці не вытрымаў, а 18-гадовы гадаванец клубнай акадэміі з баскскім імем хоць і памыляўся, але ўражваў упэўненасцю ў сабе.

Касільяс выйграў тры Лігі чэмпіёнаў. Ён заспеў і Ла Новену, і Ла Дэсіму, якія падзялілі 12 гадоў. Цікава, што вясной 2002-га Вісэнтэ Дэль Боске адправіў Ікера ў запас, таму што малады брамнік злавіў зорку. Да Сесара Санчэса прэтэнзій не было, але ў фінале ЛЧ той атрымаў траўму. Касільяс да выпрабавання апынуўся гатовы і некалькімі яскравымі сэйвамі дапамог спыніць «Баер», які заслугоўваў адыграцца.

У 2014 годзе Ікер быў асноўным толькі ў ЛЧ. У фінале яго памылка ледзь не каштавала «Рэалу» трафея, але і яго і каманду выратаваў той, хто наступны ў рэйтынгу пасля Касільяса.

5. Серхіа Рамас (2005-2021)

Выхаванец «Севільі» ў выніку стаў легендай і адным з найлепшых капітанаў у гісторыі «Рэала». Голад міжнародных трафеяў Рамас спачатку наталяў у складзе зборнай Іспаніі. Але затым ён зраўняў лік на апошняй секундзе фіналу з «Атлетыка» ў 2014 годзе і адкрыў серыю «Мадрыда» з чатырох Кубкаў чэмпіёнаў за пяць сезонаў. Позняга Рамаса ўжо даставалі траўмы. У адваротным выпадку ён бы правёў больш за 671 матча за «Рэал» і ўвайшоў бы хаця б у гістарычныя топ-3 па гэтым паказчыку.

4. Карым Бензема (2009-ц.ч.)

Бензема ў лістападзе стаў уладальнікам першага з 2017 года (фантастычная вясна Крышціяну) «Залатога мяча», які не выклікаў ніякіх пытанняў – у 2020 годзе прыз, нагадаем, проста адмовіліся даваць Роберту Левандоўскаму.

Галоўны сенатар цяперашняга ростэра «Рэала» пачынаў у клубе цяжка. Спачатку смяяліся, што ён забівае менш цэнтральнага абаронцы Рыкарду Карвалью. Затым Карым стаў «коцікам» у параўнанні з «сабакам» Ігуаінам. Затым Бензема перакваліфікаваўся ў найлепшага збраяносца для найлепшага снайпера ў гісторыі. У выніку аказалася, што Бензема здольны без Крышціяну прыцягнуць «Рэал» да трафея Лігі чэмпіёнаў – пятага для француза. А яшчэ Карым – другі бамбардзір «Мадрыда» ў гісторыі (332 галы).

3. Франсіска Хента (1953-1971)

«Надзвукавы» Хента не мог быць галоўнай зоркай «Рэала», калі ў ім гралі Ды Стэфана і Пушкаш. Але колькі галоў яны забілі пасля яго праходаў і прастрэлаў з левага фланга! Нажаль, тады асісты ніхто яшчэ не лічыў. Але вось трафеі Хента палічыць лёгка. 12-разовы чэмпіён Іспаніі. 6-разовы ўладальнік Кубка Чэмпіёнаў. Абодва паказчыкі – рэкордныя не толькі для «Рэала», але і для краіны, і для свету. Таксама Хента да гэтага часу ўваходзіць у топ-10 «Мадрыда» па матчах (601) і па галах (182).

2. Крышціяну Раналду (2009-2018)

Рэкордныя 450 галоў за «Рэал». Чатыры Лігі чэмпіёнаў. Два тытулы чэмпіёна Іспаніі. Чатыры «Залатыя мячы» менавіта ў Мадрыдзе.

Чаму ж Крышціяну не першы ў гэтым рэйтынгу? Раналду прапампаваў да ідэалу навыкі найлепшага снайпера ў гісторыі, маючы найлепшых партнёраў. «Рэалу» спатрэбілася пяць сезонаў з Крышціяну, каб выйграць першую Лігу чэмпіёнаў. Без яго «Мадрыд» узяў «Вушастага» за на год меншы тэрмін. Раналду, пасля сыходу «Рэала», не гуляў нават у паўфінале, а часам не гуляў у ЛЧ наогул.

У трох фіналах ЛЧ роля Крышціяну не была выбітнай. У 2018 годзе ён увогуле быў незаўважным. У 2016 годзе забіў вырашальны пенальці ў серыі і ўсё, а паўфіналы ўвогуле прапусціў з-за траўмы. У 2014 годзе дабіў з пенальці «Атлетыка» – проста радасна аформіў разгром і святкаваў, быццам гэта быў пераможны гол.

Факт: «Рэал» быў найвялікшым клубам свету да Раналду і застаўся такім пасля яго. Адносна першага нумара нашага рэйтынгу гэты факт не актуальны.

1. Альфрэда Ды Стэфана (1953–1964)

Сант'яга Бернабеу тварыў веліч «Рэала» сваімі грашыма і правільнымі кіраўнічымі рашэннямі. На полі ж галоўнай зоркай быў Альфрэда Ды Стэфана, які тэарэтычна мог палову свайго перыяду ў Мадрыдзе правесці ў Барселоне.

Усе будучыя зоркі сметанковых пераходзілі ў «Рэал» як найвялікшы клуб міру. А вось Ды Стэфана, лідар і найлепшы гулец каманды, якая выйграла восем тытулаў у Прымеры і пяць сезонаў запар нікому не аддавала Кубак чэмпіёнаў, гэтую веліч ствараў. У кожным з пяці пераможных фіналаў «Сеньёр «Рэал» забіваў. Без галоў ён застаўся ў фіналах 1962 і 1964 гадоў, калі ўжо стала відавочна, што і Альфрэда, і яго партнёры элементарна састарэлі і ўжо не могуць паспяваць за маладымі і галоднымі «Бенфікай» і «Інтэрам».

Ды Стэфана забіў 308 галоў за «Рэал» і зараз не ўваходзіць нават у гістарычныя клубныя топ-3 бамбардзіраў. Але менавіта яго паказчыкі былі арыенцірам многіх пакаленняў футбалістаў «Мадрыда».

Яшчэ адзін факт. Ды Стэфана называлі «Сеньёрам «Рэал». Ці чулася што-небудзь падобнае ў адрас любога іншага?

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты