Tribuna/Футбол/Блогі/20 найлепшых футбалістаў свету ва ўзросце да 21 года

20 найлепшых футбалістаў свету ва ўзросце да 21 года

Таленты «МЮ», «Бенфікі» і «Баера» на месцы.

24 студзеня 2023, 18:02
20 найлепшых футбалістаў свету ва ўзросце да 21 года

Кожны год у вялікім футболе з'яўляюцца новыя імёны – гэта пераважна маладыя гульцы, якія альбо робяць крок наперад з моладзевай каманды, альбо пераходзяць з аднаго клуба ў іншы, нечакана заяўляюць пра сябе, хутка развіваюцца і становяцца неад'емнай часткай сваіх клубаў. За імі будучыня.

Мы ж сабралі суб'ектыўны спіс з 20 найлепшых футбалістаў ва ўзросце да 21 года.

20. Андрэас Шэльдэруп (18 год, «Бенфіка»)

Яшчэ не знаёмыя з Андрэасам Шэльдэрупам? Самы час звярнуць увагу на гэтага футбаліста.

18-гадовы нарвежац разарваў дацкі чэмпіянат 10 галамі за паўгода ў складзе «Нардшэланда», патрапіў на радары лонданскага «Арсенала», а ўзімку перайшоў у «Бенфіку» за 9 млн еўра. Такое ўражанне, што праз некалькі гадоў зборная Нарвегіі стане вельмі сур'ёзным супернікам для ўсіх нацыянальных каманд.

19. Алехандра Гарнача (18 год, «МЮ»)

Аргенцінец Гарнача дэбютаваў за першую каманду «МЮ» яшчэ ў мінулым сезоне, а ў гэтым – маланкай уварваўся ў медыяпрастору, рэгулярна паказваючы відовішчны і рэзультатыўны футбол.

У 18 матчах ва ўсіх турнірах Алехандра вызначыўся трыма галамі, а таксама запісаў на свой рахунак 6 галявых перадач (адна з іх стала пераможнай у манчэстэрскім дэрбі) і ў цэлым унёс сур'ёзны ўклад у працяглую бяспройгрышную серыю «Юнайтэд».

18. Эндрык (16 год, «Палмейрас»/«Рэал»)

Многія не бачылі гэтага таленавітага бразільца на полі, але паверце – ён заслугоўвае ўвагі. Ды і наўрад ці мадрыдскі «Рэал» быў бы гатовы выкласці за 16-гадовага футбаліста 35 млн еўра + яшчэ 37 у якасці бонусаў і падаткаў.

Эндрык ужо атрымлівае час у асноўнай камандзе «Палмейраса», нягледзячы на юны ўзрост, і ўжо пачаў запісваць на свой рахунак рэзультатыўныя дзеянні – 3+1 у 8 матчах.

17. Адам Гложак (20 год, «Баер»)

Новага Томаша Расіцкі (не па пазіцыі, а па статусе) заказвалі? Пагодзімся, што ў Гложака, як і ва ўсяго леверкузенскага «Баера», сезон-2022/23 пайшоў не па плане, але гэты футбаліст ужо неаднаразова даказваў, што з'яўляецца новай суперзоркай чэшскага футбола.

Больш за 130 матчаў за «Спарту», 76 рэзультатыўных дзеянняў, гуляе за зборную з 18 гадоў – не здзівімся, калі менавіта Адам стане адным з галоўных герояў рэнесансу «Баера» гэтай кампаніі, а праз некалькі гадоў адправіцца ў топ-клуб за шалёныя грошы.

16. Уілфрыд Ньёнта (19 год, «Лідс»)

Многія здзівіліся, што ў чэрвені 2022-га Раберта Манчыні выклікаў у зборную Італіі ноўнэйма з «Цюрыха» Уілфрыда Ньёнта. У сваім дэбютным матчы ён аддаў асіст у матчы са зборнай Германіі, а праз 10 дзён (зноў у матчы з немцамі) забіў свой першы мяч.

Улетку Ньёнта перайшоў у «Лідс» – і ўдала працягвае сваё развіццё. На днях, напрыклад, паклаў прыгажосць у вароты «Кардыфа» ў Кубку Англіі.

15. Хаві Сіманс (19 год, ПСВ)

Першае, што прыходзіць у галаву, калі гаворка заходзіць пра Хаві Сіманса, – тыя мільённыя відосікі ў ютубе з яго скіламі, скандальны пераход з «Барсы» ў «ПСЖ», грошы, Міна Раёла і г.д.

Але! Хаві Сіманс усё ж змог стаць крутым футбалістам. Прынамсі, праводзіць круты сезон за ПСВ. Пасля сыходу Кодзі Гакпа 19-гадовага футбаліста лічаць галоўнай атакуючай надзеяй нідэрландскага клуба, а Хаві такім статусам толькі задаволены – зрабііў ужо 16 рэзультатыўных дзеянняў у сезоне і двойчы забіў у 2023-м.

14. Беньямін Шашко (19 год, «РБ Зальцбург»)

Беньямін Шашко – новая зорка «Зальцбурга», за якой прыязджалі скаўты «Баварыі», «Чэлсі» і «МЮ», але славенец і яго агенты вытрымалі паўзу і вырашылі, што лепшым працягам кар'еры для яго стане «РБ Лейпцыг». Улетку ён пераедзе ў Германію за 24 млн еўра.

У свае 19 правёў больш за 100 матчаў у прафесійным футболе, у якіх вызначыўся 40 разоў.

13. Антоніу Сілва (19 год, «Бенфіка»)

Антоніу Сілва – выдатны прыклад таго, што ў футболе ўсё адбываецца вельмі хутка. Яшчэ ў мінулым сезоне ён быў зусім невядомым футбольнай супольнасці гульцом, а ўжо сёлета яго лічаць будучым асноўным цэнтрбекам зборнай Партугаліі.

Абаронца «Бенфікі» ўварваўся ў стартавы склад, стаў безальтэрнатыўным футбалістам у Рогера Шміта, дэбютаваў за нацыянальную каманду і нават паехаў на ЧС, на якім правёў поўны матч супраць Паўднёвай Карэі.

Звярніце ўвагу на гэтага хлопца.

12. Ерэмі Піна (20 год, «Вільярэал»)

«Вільярэал» у мінулым сезоне дайшоў да паўфіналу ЛЧ, а адным з самых яркіх футбалістаў той каманды стаў Ерэмі Піна. Ён любіць доўга важдацца з мячом, але прымае правільныя рашэнні, добра адчувае гульню і расце з кожным сезонам. Transfermarkt ацэньвае 20-гадовага футбаліста ў 38 млн еўра, а гэтай зімой «Арсенал» разглядаў яго як адзін з альтэрнатыўных варыянтаў пасля няўдачы з Мудрыкам.

11. Ансу Фаці (20 год, «Барселона»)

Магчыма, калі б у кар'еры Ансу Фаці ўсё пайшло па плане, па стане на пачатак 2023-га ён безумоўна ўзначальваў бы гэты спіс, аднак усе мы ведаем, наколькі жорсткім бывае футбол. Іспанец звярнуў на сябе ўвагу заўзятараў з усяго свету, але, на жаль, быў вымушаны прапусціць нямала часу з-за сур'ёзных пашкоджанняў меніска і сцягна.

У гэтым сезоне ён нарэшце паўнавартасна вярнуўся, Хаві дапамагае яму зноў знайсці найлепшую форму, і, хоць не ўсё ўдаецца адразу, Фаці знаходзіцца на правільным шляху.

10. Юсуфа Мукако (18 год, «Барусія» Д)

Юсуфа Мукако навёў шоргату ў гэтым сезоне – выйграў канкурэнцыю ў дасведчанага Антоні Мадэста ў «Дортмундзе», стаў асноўным цэнтрфорвардам каманды, збянтэжыў фанатаў клуба пытаннямі з кантрактам, які заканчваецца ўлетку (але ўсё ж працягне яго на гэтым тыдні), паехаў на ЧС са зборнай Германіі.

А, і павінны нагадаць: толькі ў лістападзе яму споўнілася 18.

9. Нуну Мендэш (20 год, «ПСЖ»)

У 20 год Нуну Мендэш ужо шмат чаго ўбачыў у футболе – выйграў па некалькі тытулаў са «Спортынгам» і «ПСЖ», ездзіў на Еўра-2020, гуляў на чэмпіянаце свету, а яго трансферны кошт ацэньваюць у 60 млн еўра.

Мендэш сапраўды круты левы абаронца: рэгулярна гуляе, забівае мячы, аддае асісты, але адносна часта траўмуецца. У гэтым сезоне прапусціў 9 матчаў з-за розных пашкоджанняў.

8. Харві Эліёт (19 год, «Ліверпуль»)

Харві Эліёт – не той гулец, якога трэба ацэньваць па статыстыцы. Праваму вінгеру і 20 яшчэ не стукнула, а ён ужо паспеў дэбютаваць за «Фулхэм» у 15, перайсці ў «Ліверпуль», правесці выдатны сезон у арэндзе за «Блэкбэрн», вярнуцца да «чырвоных», змяніць пазіцыю і шмат чаго іншага.

Эліёт стаў надзвычайна сталым футбалістам (футбольныя эксперты нават кажуць, што на лепшы ўзровень дапамагла выйсці сур'ёзная траўма), адчувае сябе ўпэўнена на любой пазіцыі, на якой яго выкарыстоўвае Юрген Клоп, і лічыцца адным з тых футбалістаў, вакол якіх будуць будаваць каманду ў будучыні.

7. Флорыян Вірц (19 год, «Баер»)

Шкада, што ў апошні раз мы бачылі Флорыяна Вірца на полі яшчэ ў сакавіку мінулага года – тады ён разарваў крыжападобныя звязкі калена, выбыў на доўгі час і прапусціў чэмпіянат свету, на якім яму прадказвалі месца ў стартавым складзе.

У Вірца больш за 40 рэзультатыўных дзеянняў у менш чым 80 матчах за «Баер», яго называюць міксам найлепшых якасцяў Юліяна Бранта і Кая Хаверца, а яшчэ ён нарэшце аднавіўся ад траўмы і зусім хутка зноў будзе запальваць у Бундэслізе.

6. Эдуарда Камавінга (20 год, «Рэал»)

Камавінга ўсё яшчэ не з'яўляецца асноўным футбалістам «Рэала» – Карла Анчалоці больш давярае дасведчаным Кроасу і Модрычу, а таксама суайчынніку Эдуарда Арэльену Тчуамені. Нягледзячы на гэта, француза лічаць будучым лідарам цэнтра поля мадрыдскага клуба, улічваючы яго фантастычныя якасці.

На ЧС Камавінга ўвогуле страхаваў каманду Дзідзье Дэшама на левым флангу абароны, а яго выхад у фінале ў тым ліку стаў адной з прычын, чаму Францыя змагла вярнуцца ў гульню ў другім тайме.

5. Ёшка Гвардыёл (20 год, «РБ Лейпцыг»)

Калі табе 20, а за цябе ўжо спаборнічаюць мадрыдскі «Рэал» і «Ман Сіці», ты сапраўды круты. Ёшка Гвардыёл перад пачаткам мінулага сезону перайшоў у «РБ Лейпцыг» – і стаў асноўным. З таго часу ён рухаўся наперад і стаў адным з найлепшых цэнтральных абаронцаў Бундэслігі.

Улетку ён, верагодна, пакіне Германію і адправіцца ў які-небудзь еўрапейскі гранд на значна лепшых фінансавых умовах. Пакуль цікавіць толькі адно пытанне – куды ён пяройдзе?

4. Гаві (18 год, «Барселона»)

Уладальнік «Копа Трофі-2022» Гаві – сапраўдны феномен. Ён нарадзіўся ў 2004-м, а ўжо нагуляў больш за 70 матчаў за «Барселону» і каля двух дзясяткаў паядынкаў за зборную Іспаніі.

Гаві нагадвае то Хаві, то Іньесту, цудоўна рухаецца з мячом, выдатна бачыць поле і разумее футбол, нібы на прафесійным узроўні ўжо шмат гадоў. Гэты хлопец адзначыць сабой эпоху, а яго дуэт з Педры ў цэнтры поля можа зацямніць усіх сваіх папярэднікаў.

3. Педры (20 год, «Барселона»)

Усё вышэйсказанае пра Гаві тычыцца і яго партнёра па паўабароне Педры. Сам Хаві сказаў, што ў такім узросце яны з Іньестай не былі на настолькі ж высокім узроўні, як Педры і Гаві, а маладыя таленты (хаця якія яны маладыя таленты, калі іх ужо смела можна назваць дарослымі, сталымі і максімальна прафесійнымі) з кожным матчам пацвярджаюць хайп, што развялі вакол іх.

Трансферны кошт Педры – 100 млн еўра. Цікава, колькі ён будзе каштаваць гадоў праз 5, калі працягне развівацца ў такім жа тэмпе?

2. Джамал Мусіяла (19 год, «Баварыя»)

Нягледзячы на тое, што пра іспанскія таленты «Барсы» гутарак усё больш і больш, два самыя высокія месцы ў нашым рэйтынгу – футбалісты нямецкага чэмпіянату.

Пасля сыходу Левандоўскага галоўны трэнер «Баварыі» Юліян Нагельсман шукаў новага лідара: атрымаў Садыё Манэ, спадзяваўся, што ім стане Серж Гнабры, яшчэ больш падцягнуцца Лерой Санэ і Кінгслі Каман, але ім нечакана стаў 19-гадовы Джамал Мусіяла.

100 матчаў за мюнхенскі клуб, 22 рэзультатыўныя дзеянні ў 22 матчах гэтага сезона, безумоўна, найлепшы гулец зборнай Германіі на правальным ЧС. Цікава, як рэагуе на яго выступы «Чэлсі», які адпусціў гульца ў Мюнхен у 2019-м усяго за 200 тысяч еўра.

1. Джуд Белінгем (19 год, «Барусія» Д)

Запомніце гэтыя словы: Джуд Белінгем – будучая легенда. Ён будзе капітанам зборнай Англіі і гранда АПЛ, яго будуць ставіць у прыклад усім маладым футбалістам, ён шмат чаго даб'ецца як у індывідуальным, так і ў камандным плане.

У 19 гадоў Белінгем – не толькі адзін з найлепшых маладых футбалістаў, але і адзін з найлепшых паўабаронцаў свету без узроставых абмежаванняў. Яго выключныя футбольныя якасці падкрэслены надзвычай правільным менталітэтам, ён – прыроджаны лідар, цягне каманду за сабой, а на полі паводзіць сябе як вопытны ветэран.

Улетку ён хутчэй за ўсё пакіне «Дортмунд», а «Ліверпуль» і «Рэал» называюць галоўнымі прэтэндэнтамі на яго падпісанне. Праўда, за трансфер Джуда трэба будзе выкласці каля 150 млн еўра.

Фота: Ash Donelon/Manchester United FC, Joris Verwijst, Fran Santiago/Global Look Press, Jon Nazca/REUTERS, Bayer 04 Leverkusen, Tom Weller/www.imago-images.com, AFP

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты