Холанд ужо забіў больш за найлепшых бамбардзіраў АПЛ папярэдніх чатырох сезонаў. Толькі цуд перашкодзіць яму абнавіць рэкорд лігі
А таксама зрабіў ужо 4 хет-трыкі ў 19 матчах АПЛ.
Эрлінг Холанд у чарговы раз пацвердзіў статус аднаго з найлепшых цэнтрфорвардаў свету ў апошнім матчы «Манчэстэр Сіці» у АПЛ – нарвежац забіў тры мячы ў вароты «Вулверхэмптана» і прынёс перамогу сваёй камандзе з лікам 3:0.
22-гадовы футбаліст працягвае дэманстраваць анамальныя паказчыкі рэзультатыўнасці, тым самым пераўзыходзячы дасягненні зорных папярэднікаў і ўстанаўліваючы новыя рэкорды амаль штотыдзень.
Напрыклад, хет-трык «Вулвз» стаў ужо 4-м для Холанда ў АПЛ – для гэтага яму спатрэбілася ўсяго 19 матчаў. Для параўнання, Руд ван Ністэлрой аформіў свой чацвёрты хет-трык у прэм'ер-лізе ў 65-м матчы, Луіс Суарэс – у 81-м, Алан Шырэр – у 86-м, а Робі Фаўлер – у 89-м.
А ўвогуле гэта стаў ужо 16-ы хет-трык Эрлінга ў прафесійным футболе. Зноў нагадаем, што яму ўсяго 22 гады.
Праўда пасля апошняга матчу нарвежца ў АПЛ самым прыкметным стала параўнанне колькасці яго галоў з пераможцамі «Залатой буцы» чэмпіянату па выніках апошніх чатырох сезонаў. За 19 матчаў бягучай кампаніі Холанд ужо забіў больш, чым усе яны.
У той жа час лагічна ўспомніць найлепшыя бамбардзірскія сезоны ў гісторыі прэм'ер-лігі. І, здаецца, у Эрлінга ёсць усе шанцы стаць абсалютным рэкардсменам па колькасці галоў у адной кампаніі ва ўсёй гісторыі АПЛ.
Па «новых» стандартах рэкордныя паказчыкі Эндзі Коўла і Алана Шырэра любяць браць у дужкі, бо першыя 3 сезоны прэм'ер-лігі ўмяшчалі не 38, а 42 матчы ў цэлым. Зрэшты, такі арыенцір для Холанда не будзе праблемай.
Яму трэба забіць яшчэ 8 галоў, каб пабіць рэкорд Мо Салаха, які ў сезоне 2017/18 набіў 32 галы, і 10, каб перасягнуць рэкорды Коўла і Шырэра «з зорачкай». Для гэтага ў Эрлінга ёсць яшчэ 18 матчаў у чэмпіянаце. Ці ёсць шанц, што нарвежац заб'е 35+ галоў у бягучым сезоне? Адназначна так.
Самы аптымальны паказчык, які сведчыць аб тым, што Холанд сапраўды можа ўстанавіць бамбардзірскі рэкорд у АПЛ – колькасць хвілін, якая ў сярэднім патрэбна форварду, каб забіць адзін мяч – 63. І калі ён працягне разрываць сапернікаў у такім жа тэмпе, то скончыць сезон з проста фантастычным паказчыкам.
Гульцы скардзяцца, а Клоп разводзіць рукамі. Што не так з «Ліверпулем» у гэтым сезоне
Фота: Tom Flathers/Manchester City FC