Tribuna/Футбол/Блогі/Булыга ўспомніў, як яму зламалі скулу пасля матчу зборнай – прыехаў у клуб з каханкай, а больш за ўсіх дасталася Кутузаву, якога там не было

Булыга ўспомніў, як яму зламалі скулу пасля матчу зборнай – прыехаў у клуб з каханкай, а больш за ўсіх дасталася Кутузаву, якога там не было

Пацярпелы не мог адразу расказаць усёй праўды праз адзюльтэр.

Аўтар — bytribuna com
3 лютага 2023, 20:09
Булыга ўспомніў, як яму зламалі скулу пасля матчу зборнай – прыехаў у клуб з каханкай, а больш за ўсіх дасталася Кутузаву, якога там не было

Экс-гулец зборнай Беларусі Віталь Булыга, якому ў пачатку года споўнілася 43, адзначыўся гадзінным відэаінтэрв'ю ва ўлюблёным заўзятарамі рэжыме "рэтра" - успамінаў розныя моманты сваёй кар'еры. Размаўляў з былым футбалістам, дарэчы, яго зямляк – Андрэй Еўтушэнка таксама нарадзіўся і вырас у Магілёве, займаўся футболам, але профі не стаў, затое займаў розныя пасады ў мясцовых «Савіце», «Дняпры» і «Тарпеда» (у апошнім быў фактычна саўладальнікам), а зараз свеціцца ў Маскве з прадстаўнікамі тамтэйшага шоў-бізнэсу і спорту.

Сярод іншага Еўтушэнка папрасіў у Булыгі ўспомніць гісторыю з 2006 года - тады адзін удар ля начнога клуба прывёў да вялікага скандалу, які ледзь не абярнуўся завяршэннем кар'еры ў зборнай яе топ-форварда Віталя Кутузава, а ён-та наогул быў ні пры чым. Асвяжым тыя падзеі і мы - ад самай першай іх версіі да цяперашняй.

Пасля чарговай беспаспяховай кваліфікацыі - тады на ЧС-2006 - у зборнай Беларусі змяніўся чарговы трэнер: на месца Анатоля Байдачнага прыйшоў Юры Пунтус, які да таго працаваў з «маладзёжкай». Пратрымаўся на пасадзе Пунтус усяго паўтара гады - і потым сам казаў, што пагадзіўся на прапанову "не ў свой час", а ў вачах некаторых гульцоў быў "неаўтарытэтным трэнерам".

Першыя афіцыйныя матчы ў каманды былі толькі ў верасні 2006-га, а да іх гулялі таварнякі - і поспехі там прыйшлі толькі з рэзервам зборнай Англіі (Кутузаў забіў у пустыя, не заўважыўшы траўмы варатара) і Андорай. А, напрыклад, на спарынг-турніры ў Тунісе Беларусь стала апошняй, разгромна саступіўшы гаспадарам і па пенальці лівійцам. Але яшчэ больш трывожным было тое, што з таго турніру дадому адправілі Аляксандра Кульчыя - тады 32-гадовы апорнік раптам нібы аказаўся «нездаровым». Журналісты напружыліся, бо такая фармулёўка лічылася эўфемізмам нецвярозага стану. Але ў зборнай нічога не каментавалі, а Кульчы проста адказаў, што сітуацыя па-за межамі поля «нікога не тычыцца».

Нягледзячы на ўсё гэта, 2 верасня ў матчы адбору да ЧЕ-2008 супраць Албаніі на «Дынама» заўзятары чакалі толькі перамогі - складана паверыць з сёння, але тады беларуская зборная была рэальна мацнейшай. Аднак поспеху не здарылася - канчатковы лік 2:2 на 86-й хвіліне са штрафнога ўстанавіў албанец Беснік Хасі. 23 тысячы гледачоў былі расчараваныя, але ад няўдачы неўзабаве адцягнула навіна пра тое, што Пунтус вырашыў не браць на матч у Нідэрланды 6 верасня траіх - Кутузава, Кульчыя (адыгралі з Албаніяй увесь матч) і Булыгу (выйшаў на 64-й хвіліне).

- Палічыў, што функцыянальны стан Кутузава не дазваляе яму разлічваць на месца ў аснове [з Нідэрландамі]. Няхай рыхтуецца ў клубе і, калі набярэ кандыцыі, будзе зноў запатрабаваны ў зборнай. Кульчы нездаровы, а Булыга перанёс у панядзелак аперацыю з нагоды пералому скулічнай косткі, - растлумачыў Пунтус, дадаўшы, што рашэнні ў зборнай прымаюцца «не на эмоцыях, а пасля стараннага аналізу падзей».

Гэта была сенсацыя - сама меней, ні пра якую траўму Булыгі ў матчы гаворкі не ішло. А па СМІ ўжо разляталася альтэрнатыўная версія - зусім не такая, як у трэнера: маўляў, усе тры футбалісты пасля нічыёй пайшлі ў начны клуб і там пасварыліся, вось і вынік. Аднак такі варыянт хутка абверглі некаторыя крыніцы - яны заявілі, што пацярпеў толькі Булыга, які сапраўды быў у клубе, але толькі спрабаваў заступіцца за нейкую дзяўчыну, да якой прыставала п'яная кампанія, за што і атрымаў па твары. Сам Булыга таксама даў кароткі экспрэс-каментар.

- Я быў цвярозы як шкельца. Хіба мог спартовец, як пішуць, «напіцца», знаходзячыся ў зборнай? Кутузава ў той вечар наогул у клубе не было, тым больш я з ім сябрую. [Версія, што] мы пабіліся - гэта поўнае трызненне! Траўму я атрымаў не ад футбаліста. Аказалася - пералом скулы. Была аперацыя. Тры дні я правёў у палаце, - распавёў футбаліст.

А пацярпеў ад усёй сітуацыі больш за астатніх нечакана Кутузаў. У каментары наконт свайго адлучэння ад зборнай ён сказаў, што, хоць «у гісторыі больш пытанняў, чым адказаў, на зборную не крыўдзяцца», паабяцаў прыняць новы выклік са зборнай у будучыні і загадкава дадаў, што «прафесійныя футбалісты не каментуюць рашэнні галоўнага трэнера - калі, вядома, гэта рашэнне галоўнага трэнера».

Тым часам у італьянскай прэсе паспелі распаўсюдзіць версію пра тое, што Кутузаў паўдзельнічаў у п'янай бойцы - і яму прыйшлося пераконваць кіраўніцтва і трэнера «Пармы», за якую гуляў, у сваёй невінаватасці. Яму паверылі, але віну ўсё роўна знайшлі - у тым, што Кутузаў самастойна не паведаміў у клуб пра тое, што яго «папрасілі» са зборнай, і прыляцеў у Італію толькі ўвечары 6 верасня - у адзін час з тым, як Беларусь атрымлівала 0:3 у Нідэрландах.

Форварда чакаў буйны штраф, а заадно - здзіўленне ў клубе ад афіцыйнай версіі: АБФФ пацвердзіла «Парме» па факсе, што гулец, якога ўпэўнена рыхтавалі ў аснову да старту Серыі А 9 верасня, у Беларусі нібыта меў «нездавальняючую фізічную форму». І хаця ў беларускай прэсе таксама пісалі пра «няважныя» кандыцыі Віталя, а сам Пунтус яшчэ раз сказаў, што ўсіх траіх адлучаных ім футбалістаў запросіць у зборную зноў, калі яны будуць «добра гуляць у клубах», Кутузаў усё ж парушыў сваё абяцанне – і адправіў у АБФФ факс у адказ з просьбай больш не выклікаць яго ў нацкаманду ў адборачным цыкле.

- Не магу ачуцца, два тыдні адчуваю пастаянны стрэс. Шчыра кажучы, проста ашаломлены, што не ўзялі ў Галандыю. Выклік на кастрычніцкія паядынкі з румынамі і славенцамі ўжо прыйшоў у клуб, але я не гатовы ні маральна, ні фізічна - дакладна не прыеду. Здарэнне трэба перажыць, асэнсаваць, а для гэтага неабходны час, - заявіў Кутузаў і дадаў, што падаў у суд на La Gazzetta dello Sport, дзе апублікавалі чуткі пра яго ўдзел ў п'янай бойцы (праўда, чым скончыўся працэс, нам знайсці не ўдалося).

Пунтус адразу ж патэлефанаваў гульцу і заклікаў яшчэ раз усё абдумаць. У каментары для прэсы трэнер таксама заявіў, што збіраецца выклікаць Кульчыя (які сам нічога не каментаваў), а вось Булыга ў "Томі" яшчэ "не трэніруецца па поўнай праграме", таму ў зборнай яго не будзе. Кутузаў жа не спяшаўся мяняць рашэнне - Пунтус патэлефанаваў яму яшчэ некалькі разоў, пасля чаго ўжо ў самым канцы верасня Віталь усё ж сказаў, што працягне выступаць за зборную. Праўда, на найбліжэйшыя матчы не прыехаў праз траўму, што атрымаў у Італіі, - вярнуўся ўжо ў 2007-м.

З Кульчым у аснове зборная ў матчах кастрычніка 2006-га саступіла Румыніі 1:3 на выездзе, але ў Мінску ўсё ж выйграла ў Славеніі - з 1:2 да перапынку атрымалася 4:2. А ранейшы скандал зацямніўся новым - у зборную на два матчы вярнуўся Сяргей Гурэнка (не гуляў пасля канфлікту з Байдачным) і наехаў на Пунтуса за тое, што ён дазваляе братам Глебам ездзіць на матчы на сваёй машыне замест каманднага аўтобуса.

Булыга вярнуўся ў зборную ў чэрвені 2006-га - каманда прайграла ключавыя матчы адбору Балгарыі (Віталь прасядзеў іх на лаўцы) і расталася з Пунтусам. Пасля яго прыйшоў немец Бернд Штанге, пры якім Булыга выдаў, мабыць, найлепшы свой перформанс за зборную - аформіў дубль у вароты Германіі і выратаваў для Беларусі нічыю ў таварняку.

Гісторыю ж бойкі Булыга ўспамінаў яшчэ не раз - і апавяданне мянялася. Напрыклад, у пачатку 2012-га футбаліст распавёў, што дзяўчыну ў начны клуб тады прывёў яго знаёмы, сам жа Віталь яе «першы раз у жыцці бачыў», але апынуўся побач пры прыставаннях нейкага хлопца, які «нешта заціснуў у руцэ», таму і зламаў гульцу скулу. Таксама Булыга дадаваў, што на наступную раніцу распавёў Пунтусу ўсё як на духу, той пахваліў за сумленнасць - але ўсё роўна адхіліў іх з Кульчым і Кутузавым і дазволіў тым самым разысціся плёткам, быццам два Віталя біліся ці ледзь не ў распранальні. Паводзіны трэнера Булыга назваў дзіўнымі.

Новыя падрабязнасці з'явіліся ў 2014-м - відавочна, таму што да таго часу Віталь развёўся. Аказалася, што дзяўчат у начны клуб прывёз сам футбаліст. «Я быў за рулём і абсалютна цвярозы. Проста не мог сказаць у інтэрв'ю, што на гэтую дыскатэку прыехаў з дзвюма дзяўчынамі. Кутузаў той вечар праводзіў дома, а наплялі глупствы - і Пунтус не паверыў мне. [Насамрэч] адну дзяўчыну хтосьці клікаў паехаць з ім, а яна ўжо садзілася ў маю машыну. Вось ён падбег і кулаком зламаў мне скулу - у руцэ ў яго нешта было. А я тады яшчэ быў жанаты і не хацеў, каб у сям'і ўзнік канфлікт», - падзяліўся Булыга.

Свежая версія гучыць вельмі падобна да папярэдняй - пры яе агучванні Булыга нагадаў, што ў яго ўжо чацвёра дзяцей і другі шлюб, відаць, маючы на ўвазе, што цяпер ужо сапраўды не баіцца расказаць праўду.

- Прыехалі ў клуб, я быў за рулём. Я быў з дзяўчынай, прыйшлі на дыскатэку. У мяне была жонка, але я быў малады, не разумеў, што гэта няправільна. Кутузава там не было і блізка - было паўзборнай, а фігуравалі толькі Булыга і Кульчы. Ён быў, так. Я быў цвярозы. Садзіўся ўжо ў машыну і забіраў тую дзяўчыну з сяброўкай. А у мяне была машына дзвюхдзверная сядзенне трэба было адкрыць. Сяброўка села, а гэтая не ідзе. І тут раптам дзівак нейкі - ішоў і проста мяне ўдарыў у скулу, пераблытаў [з кімсьці], ці што, ну і пачаў уцякаць, ну ўсё. Я іх [дзяўчыну і яе сяброўку] адвёз дадому.

Раніцай паехаў на базу - а твар анямеў. Ну і [потым] аказалася, што ў мяне пералом. Я да доктара прыйшоў, да Пунтуса пайшоў і расказаў праўду, а ён усім пачаў расказваць гісторыі. Было непрыемна, але я да гэтага часу з ім камунікую - усе крыўды ў мінулым.

Натуральна, не трэба было [тады ў клуб] ісці. Але самае крыўднае, што праўду не можаш сказаць, бо шануеш шлюб. Цяпер, вядома, ужо расказваю праўду, гэта могуць пацвердзіць шмат людзей, - распавёў Булыга.

Цяпер Булыга працуе трэнерам у адкрытай па франшызе дзіцячай школе маскоўскага "Дынама" ў Мінску. Да таго ён не раз трапляў у каламутныя гісторыі - зазываў гульцоў у «Белшыну»-2016, а праект аказаўся мыльнай бурбалкай, у якасці спортдзіра набраў у мінскае «Дынама» дарагіх легіянераў, якія асабліва не дапамаглі, працаваў у «Тамбове», які падазравалі у датычнасьці да дамоўных матчаў. Ну а ў 2022-м папрацаваў своеасаблівым спортдырэктарам у расійскай аматарскай медыялізе - трэнер каманды GOATS, расійскі экс-футбаліст Дзмітрый Градзіленка звярнуўся да старога знаёмага, бо беларускія футбалісты таннейшыя за расійскіх. Аднак задумка ледзь не сарвалася праз рэпера Goody, які ўтрымлівае каманду.

«Ён сказаў: «Стары, 42 гады, лысы – гэта не карцінка. У нас павінны быць усе прыгожыя, усе павінны быць вышэй за 185 см. А Булыга, [Вячаслаў] Глеб – яны ж старыя». Яны з'ехалі, мы пачалі гуляць: 0:3, 0:3, 2:4. Я кажу: «Дарагі сябар [Goody], што будзем рабіць? Паперкі [грошы] даставай». І ён дастаў. Вось так аказаліся беларусы ў нас у камандзе», – распавядаў Градзіленка.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты