Tribuna/Футбол/Блогі/МЛС – адна з найбольш прагрэсуючых ліг свету. Існуе менш за 30 гадоў, але мае ўжо 29 каманд і ТБ-кантракт на $2,5 млрд

МЛС – адна з найбольш прагрэсуючых ліг свету. Існуе менш за 30 гадоў, але мае ўжо 29 каманд і ТБ-кантракт на $2,5 млрд

Канкурыраваць з топамі ўсё яшчэ нялёгка, але пытанне мэтазгоднасці яе існавання ўжо дакладна не стаіць.

5 лютага, 19:24
0
МЛС – адна з найбольш прагрэсуючых ліг свету. Існуе менш за 30 гадоў, але мае ўжо 29 каманд і ТБ-кантракт на $2,5 млрд

Па гэты бок Атлантыкі паўночнаамерыканская МЛС лічыцца спаборніцтвам для пенсіянераў: гэты стэрэатып сфармаваўся з-за таго, што менавіта сюды прыязджалі дагульваць прафесійную кар“еру зорныя і медыйныя Дэвід Бэкхэм, Златан Ібрагімавіч, Цьеры Анры, Кака і іншыя легенды мінулага пакалення. Але насамрэч гэта зусім не так – праект, які фактычна функцыянуе толькі з 1996 года, імкліва прагрэсуе і павінен выйсці на гістарычны пік у 2026-м, калі ЗША, Канада і Мексіка будуць прымаць чэмпіянат свету.

Распавядаем самае галоўнае, што трэба ведаць пра лігу, якая ўвогуле не падобная да таго, да чаго прывыклі футбольныя заўзятары – і мае характэрныя рысы ўсіх прафесійных паўночнаамерыканскіх спартыўных ліг тыпу НФЛ, НБА і НХЛ.

МЛС – закрытая ліга, месца ў якой фактычна трэба купляць. Гэта каштуе сотні мільёнаў, найдаражэйшы клуб ацэньваюць амаль у мільярд.

Параўноўваючы новую лігу Крыўцова з іншымі футбольнымі спаборніцтвамі, трэба перш за ўсё разумець, што МЛС – не нацыянальны чэмпіянат у традыцыйным сэнсе гэтага выказвання. Гэта ліга не столькі пра спорт, колькі пра бізнес (перамагаць, вядома, заўсёды прыемна, але прыярытэт нумар адзін – прыбытковая эканамічная мадэль), таму працуе яна вельмі цікава.

🔹 Фармальна ў футболе ЗША існуе пэўная іерархія клубных турніраў, але МЛС – цалкам закрытая ліга. Сюды нельга падняцца з другога дывізіёна (што зусім не замінае з'яўленню новых каманд), але самае галоўнае – адсюль ніхто нікуды не вылятае. Гэта дазваляе і клубам, і самой лізе больш упэўнена планаваць уласную будучыню – у прыватнасці, выбудоўваць адносіны з заўзятарамі і спонсарамі.

Можна правесці адзін ці нават некалькі правальных сезонаў, займаючы апошнія радкі ў турнірнай табліцы – але калі каманда цікавая заўзятарам, мае добрую наведвальнасць і ўласны рынак, бягучыя вынікі амаль ніяк не ўплываюць на яе далейшы лёс.

🔹 Трапіць у МЛС можна толькі адным шляхам – набыць месца ў лізе за грошы. Да 2014 года сумы былі хутчэй сімвалічнымі (рэдка калі перавышалі адзнаку ў 30 мільёнаў долараў), але зараз усё значна больш сур“ёзна. Апошні з навічкоў, «Шарлот» (каманда з Паўночнай Караліны дэбютавала ў лізе ў 2022-м), выклаў за права стаць удзельнікам спаборніцтва $325 млн.

Адных грошай, зрэшты, недастаткова – за адно вакантнае месца канкурыруюць некалькі груп інвестараў, якія павінны данесці ўласнае бачанне праекта і даказаць, што ён мае права на існаванне ў вельмі канкурэнтных умовах паўночнаамерыканскага спартыўнага рынку. У апошні час прыярытэт аддаецца гарадам, не перанасычаным камандамі з іншых паўночнаамерыканскіх топліг (НФЛ, НБА, НХЛ і МЛБ) – такім, як Нэшвіл, Сэнт-Луіс, Цынцынаці ці Осцін.

Канкурыраваць з «вялікай чацвёркай» футбола пакуль цяжка – ён не з'яўляецца традыцыйным амерыканскім відам спорту і не мае ні настолькі ж вялікай фанбазы, ні магутнай падтрымкі на заканадаўчым узроўні, як тая ж НФЛ. Таму МЛС – гэта не толькі пра акумуляцыю спонсарскіх грошай, але і пра абмежаванне ўласных выдаткаў – і стварэнне больш-менш роўных правілаў гульні для ўсіх клубаў-удзельнікаў.

🔹 Так, тут існуе столь заработных плат для гульцоў асноўнай каманды. У сезоне 2023 года клубы змогуць заплаціць сваім гульцам сукупна крыху больш за $5 млн – супастаўна з сумай, якую адзін Міхаіл Мудрык будзе зарабляць за год у «Чэлсі». Таму МЛС значна складаней, чым еўрапейскім чэмпіянатам з топ-5, прыцягваць міжнародны талент – адной толькі гульнёй у футбол яго тут амаль немагчыма манетызаваць.

Але гэта не глабальная праблема па двух прычынах. Па-першае, адносна роўнае размеркаванне наяўнага таленту па ўсіх камандах лігі – гэта значна лепш з пункту гледжання эфектыўнасці, чым «гонка ўзбраенняў», якую вядуць еўрапейскія гранды (увага глядацкай аўдыторыі не прыкоўваецца толькі да двух-трох суперкаманд, ці наогул адной, як у Бундэслізе з «Баварыяй»), і, па-другое, – гэта падахвочвае выхоўваць уласныя таленты і рабіць медыйнымі зоркамі менавіта іх.

Таму ў МЛС штогод праводзіцца драфт (клубы ва ўсталяваным загадзя парадку – звычайна пачынаючы з найгоршых каманд папярэдняга чэмпіянату – выбіраюць сабе найболей перспектыўных студэнтаў амерыканскіх вышак) і ўжо некалькі дзесяцігоддзяў разам з лігай працуюць разнастайныя праграмы развіцця маладых гульцоў. Самая вядомая з іх – Generation adidas, прадуктамі якой з'яўляюцца, напрыклад, Цім Ховард і Клінт Дэмпсі, і якая цяпер пераакцэнтавалася на развіццё афрыканскіх талентаў для МЛС (першыя пяць пікаў снежаньскага драфта – сенегалец, два ганца, камерунец і канадзец кангалезскага паходжання, чые імёны вам зараз наўрад ці пра што-небудзь скажуць).

🔹 Зрэшты, столь заработнай платы ў МЛС можна абыйсці – для гэтага існуе спецыяльнае правіла, якое ў медыя звычайна называюць у гонар Бэкхэма. Кожны з 29 клубаў мае права падпісаць да трох гульцоў з заработнай платай, якая перавышае ўсталяваныя абмежаванні: напрыклад, форвард зборнай Італіі Ларэнца Інсінье ў «Таронта» зарабляе $14 млн у год – амаль утрая больш, чым існуючы ў лізе агульны ліміт.

Карыстацца ім не абавязкова: усё залежыць ад пазіцыі, стратэгіі пэўнага клуба. Але перавагі відавочныя – асабліва не ўплываючы на агульны баланс сіл (ужо згаданы Інсінье, напрыклад, у папярэднім рэгулярным чэмпіянаце МЛС забіў шэсць мячоў, а «Таронта» завяршыў сезон на перадапошнім радку турнірнай табліцы) ліга дае сваім удзельнікам магчымасць раскручвацца праз рэальных зорак і павялічваць прыбыткі ад матчдэя, і адчыняе для сябе новыя рынкі – ростам глабальнай цікавасці да спаборніцтва яна абавязаная, перш за ўсё, менавіта такім «пазалімітным» выканаўцам.

🔹 Нейкай выразнай тэндэнцыі па акліматызацыі гульцоў з Еўропы ў МЛС не існуе – з прыкладна роўнай верагоднасцю можна як праваліцца з фігурамі тыпу Алесандра Несты (у пачатку 2010-х ён дагульваў у «Манрэалі») ці Фрэдзі Юнберга (вельмі няўдала прыязджаў у « Сіэтл» у 2009-м), так і стоадсоткава патрапіць у Карласа Велу (адзін з найлепшых, калі не ўвогуле найлепшы форвард лігі ў папярэдніх сезонах) ці Фрэдзі Ігуаіна (старэйшы брат Гансала Ігуаіна не зайграў нават у Турцыі, але стаў сапраўднай легендай «Каламбуса», а пасля завяршэння кар'еры ў 2020-м працуе з рэзервовым складам «Інтэра»).

Аднак ёсць іншая тэндэнцыя, і менавіта яна сведчыць пра сталенне МЛС як прафесійнага спаборніцтва: на працягу апошніх пяці-сямі гадоў клубы аддаюць перавагу не суперветэранам, чые найлепшыя гады засталіся далёка ззаду, а не занадта вядомым праспектам, якія, нават атрымліваючы прыстойныя па стандартах лігі грошы, маюць матывацыю і жаданне расці. Адзін з характэрных прыкладаў – найлепшы бамбардзір «Ньюкасла» у гэтым сезоне Мігель Альмірон, які перайшоў у «Атланту» ў 22 (тады за яго заплацілі $ 8 млн аргенцінскаму «Ланусу»), за два гады стаў чэмпіёнам МЛС і атрымаў добрую прапанову з АПЛ. Але, вядома, ёсць і выключэнне: новым клубам лігі для моцнага старту патрэбны менавіта гучныя імёны, таму чыста маркетынгавыя трансферы тыпу Фрэнка Лэмпарда ў «Нью-Ёрку» ніхто не адмяняў. Аднак цяпер за грашыма футбольныя пенсіянеры хутчэй паедуць у якую-небудзь з краін рэгіёну Персідскага заліва, чым у Злучаныя Штаты.

🔹 Разумная стратэгія, надзейнасць МЛС як плацельшчыка (выкананне ўсіх кантрактаў гульцоў гарантавана лігай, а не пэўным клубам – як уласна ва ўсіх іншых паўночнаамерыканскіх профі-турнірах) і нядрэнныя доўгатэрміновыя перспектывы прывялі да таго, што рынкавы кошт абедзвюх каманд з Лос-Анджэлеса цяпер прыкладна ў $900 млн, а праз год цалкам можа дасягнуць адзнакі ў адзін мільярд. І гэта ўжо вельмі прыстойная лічба: для параўнання, за ўсю гісторыю НБА, якая налічвае ўжо амаль 80 гадоў і лічыцца, безумоўна, найлепшай лігай свету ў баскетболе, зафіксавана менш за дзесяць выпадкаў (іх восем ці дзевяць у залежнасці ад таго, ці ўключаць у пералік «Мінесоту», працэс продажу якой за $1,5 млрд працягваецца менавіта зараз), калі клубы мянялі ўладальніка за дзевяцізначную суму.

З новага сезона МЛС уступае ў новую эру – яе матчы будзе трансліраваць Apple TV. Кантракт – не горш, чым з Лігай чэмпіёнаў

Сваім існаваннем МЛС абавязаная чэмпіянату свету 1994 года, які прымалі менавіта ЗША – на момант яго пачатку ў краіне наогул не было ніводнага футбольнага спаборніцтва, якое мела бы паўнавартасны прафесійны статус. Але хуткай папулярызацыі не атрымалася: у першых сезонах ліга наогул не мела паўнавартаснага рэгіянальнага транслятара (ніхто не хацеў плаціць рэальныя грошы за правы на незразумелы сокер), а два клубы з Фларыды наогул прыйшлося ліквідаваць – у штаце, перанасычаным спартыўнымі і наогул якімі заўгодна забавамі, інтарэс да іх быў нулявым, а фінансавыя справаздачы – беспрасветна стратнымі.

Аднак у 21 стагоддзі ўсё вельмі моцна змянілася.

🔹 Тут і зараз па наведвальнасці МЛС – трэцяя прафесійная ліга Паўночнай Амерыкі пасля НФЛ і МЛБ (звыш 21 тысячы гледачоў у сярэднім за гульню ў сезоне-2022), якая па гэтым паказчыку апярэджвае ўсе еўрапейскія нацыянальныя чэмпіянаты, акрамя вялікай пяцёркі, і паступова набліжаецца да французскай Лігі 1 з італьянскай Серыяй А. Тэлевізійныя рэйтынгі лігі таксама вельмі прыстойныя: у сярэднім матч сезона-2022 збіраў ля экранаў больш за 340 тысяч гледачоў, а фінал леташняга плэй-оф паміж «Лос-Анджэлесам» і «Філадэльфіяй» паглядзелі больш за два мільёны чалавек (гэта рэкордны паказчык за 25 гадоў).

Гэта – вынік шматгадовай працы лігі над прасоўваннем уласнага прадукта. Ад запрашэнняў Анры і Бэкхэма ў клубы з вялікіх рынкаў (менавіта гэтым двум МЛС павінна падзякаваць за сваю папулярнасць у Нью-Ёрку і Лос-Анджэлесе адпаведна) да правядзення найтопавейшых матчаў на грандыёзных арэнах для амерыканскага футбола. Ад разумнага падбору гарадоў для новых каманд (у топ-10 па наведвальнасці – толькі адзін арыгінальны клуб, «Гэлаксі», і адразу шэсць, якія далучыліся да лігі з 2015 года) да магутнага медыйнага і маркетынгавага суправаджэння.

Але самае галоўнае – МЛС не спрабуе ладзіць бітву за гледача з больш устойлівымі лігамі, а займае адносна свабодныя нішы. Менавіта таму, а не праз нейкія ўмовы або ідэалагічныя прычыны сезон тут праходзіць па схеме «вясна-восень», займаючы той прамежак часу, калі ў НФЛ доўжыцца міжсезонне, а траціна клубаў НБА і НХЛ дагульвае свой сезон, не маючы асаблівай ужо турнірнай матывацыі (па падобным прынцыпе, напрыклад, існуе і жаночая НБА, якая менш цікавая гледачу, чым мужчынская ці студэнцкі баскетбол, і замест таго, каб уступаць у нераўнацэнную канкурэнтную барацьбу, наадварот, дапаўняе іх). Так, не ўсе эксперыменты лігі аказваліся ўдалымі – напрыклад, спроба стварыць у Лос-Анджэлесе каманду, накіраваную чыста пад іспанамоўную суполку рэгіёну і выхадцаў з дзяржаў Цэнтральнай Амерыкі, завяршылася суцэльным фіяска і скандальнай ліквідацыяй клуба. Але, як вядома, не памыляецца той, хто нічога не робіць.

🔹 Прызнаннем эфектыўнасці гэтай працы стаў новы тэлевізійны кантракт МЛС, які ўступае ў сілу менавіта з сезона-2023: пагадненне з Apple TV працягнецца дзесяць гадоў і ацэньваецца ў $2,5 млрд.гэта фантастычная сума ў параўнанні з папярэднім кантрактам (здзелка з ESPN/ABC, Fox і Univision прыносіла лізе прыкладна $90 млн у год), якая, больш за тое, не ўключае ў сябе працэнт, які ліга будзе атрымліваць ад кошту спартыўных падпісак на трансляцыі (гэта арыентавана яшчэ дзесьці паўмільярда да агульнай суме), і дамоўленасці з іншымі сэрвісамі (ужо вядома, напрыклад, пра чатырохгадовае пагадненне з Fox Sports на $40 млн).

Але нават базавая гарантаваная сума ўгоды паміж ТЛС і Apple TV, $250 млн у год, ідэнтычная той, за якую Paramount Global набыў ва УЕФА эксклюзіўныя правы на трансляцыю ў Злучаных Штатах Лігі чэмпіёнаў – той самай, што з «Рэалам», «Барселонай», «ПСЖ» і «Баварыяй». І, што таксама вельмі важна, часткай новага пагаднення ёсць правы на паказ матчаў нацыянальных зборных ЗША (а жаночая з'яўляецца сусветным топам і па цікавасці да яе амаль не саступае мужчынскі – гэта ўнікальны кейс у міжнародным футболе) – таму з гэтага часу лізе не прыйдзецца дзяліцца грашыма з амерыканскай федэрацыяй.

🔹 Самае цікавае, што новы кантракт крытыкавалі і называлі не занадта дальнабачным – ён будзе доўжыцца да 2033 года і не дазволіць манетызаваць эфект ад гарантаванага росту цікавасці да футбола ў ЗША дзякуючы хатняму ЧС-2026. Але з дзелавога пункту гледжання ён усё роўна выглядае вельмі цікава: гэта не толькі доўгатэрміновыя гарантыі, але і магчымасць супрацоўнічаць з адной з найбуйнейшых тэхналагічных карпарацый свету, якая імкнецца магутна зайсці на рынак спартыўных трансляцыяў у Паўночнай Амерыцы і мае патрэбу ў пляцоўцы для рэалізацыі ўласных ідэй.

«Інтэр Маямі» – адзін з найноўшых клубаў МЛС. Належыць Бэкхэму (ну, амаль), яшчэ нічога не выйграваў, як толькі правёў галоўны трансфер ва ўласнай гісторыі.

Пасля правалу на самым старце, МЛС доўгі час існавала наогул без клубаў з штата Фларыда – вопыт «Маямі Ф'южн» і «Тампы-Бэй Мʼюціні» быў занадта ўжо хваравітым і няўдалым. Другую спробу зайсці на мясцовы рынак ліга ініцыявала пасля 15-гадовага перапынку, і, зноў жа, двума камандамі.

🔹 Калі Дэвід Бекхэм заключаў сваю здзелку з «Гэлэксі» яшчэ ў якасці гульца, адным з яе пунктаў была магчымасць стварэння ўласнага клуба МЛС толькі за $25 млн – буйную суму па стандартах 2007 года, але смешную па сучасных стандартах (цяпер месца ў Лізе, нагадаем, каштуе больш за $300 млн). На тое, каб скарыстацца сваёй опцыяй, легендзе зборнай Англіі спатрэбілася больш за чатыры гады: упершыню аб прадметную зацікаўленасць у камандзе ў Маямі ён выказаў яшчэ ў канцы 2013-га, а афіцыйна прыняты ў склад удзельнікаў «інтэр» быў толькі ў студзені 2018-га.

🔹 Зорны паўабаронца застаецца адным з каманды, але не з'яўляецца мажарытарным акцыянерам або кіраўніком партнёрам – галоўную фінансавую нагрузку нясе амерыканскі мільярдэр Хорхе Мас, асноўнай крыніцай прыбытку якога зʼяўляецца будаўнічы бізнэс на поўдні Фларыды. Мас мае кубінскія карані і наогул зʼяўляецца даволі актыўным дзеячам іспанамоўнай абшчыны рэгіёну (гэтая роля яму дасталася ў спадчыну ад бацькі, які нарадзіўся на Кубе, у пачатку 1960-х збег у ЗША ад рэжыму Фідэля Кастра, а пасля стаў адным з сузаснавальнікаў асацыяцыі кубінцаў Амерыкі), менавіта таму і поўная афіцыйная назва «Інтэра», і лога клуба выкананы на іспанскай.

🔹 Фармальна «Інтэр» не з'яўляецца спадчыннікам адной з папярэдніх фларыдскіх арганізацый, але пэўныя паралелі паміж ім і «Фʼюжн» і «Мʼюціні» ўсё ж правесці можна. Клуб месціцца ў Форт-Лодэрдэйле, дзе калісьці гуляў «Маямі» (але мае адну з двух самых маленькіх арэн у МЛС – яна месціць толькі 18 тысяч гледачоў, як і стадыён «Сан-Хасэ»), а трэцім бамбардзірам каманды ў папярэднім сезоне быў костарыканец Арыэль Ласітэр – сын самага выніковага гульца дэбютнага сезону МЛС Роя Ласітэра. Апошні правёў магутную па статыстычных паказніках карʼеру ў ЗША і некаторы час быў нават найлепшым бамбардзірам у яе гісторыі, але не стаў зоркай менавіта таму, што гуляў пераважна за каманды з Фларыды – тады зусім не медыйныя і мала каму наогул цікавыя.

🔹 Асаблівых турнірных дасягненняў у «Інтэра» пакуль няма – толькі адзін выхад у плэй-оф МЛС (у папярэднім сезоне з шостага месца ва Усходняй канферэнцыі), які завяршыўся паразай з лікам 0:3 ад «Нью-Ёрка» ў першым жа раўндзе – або, па больш звыклай футбольным заўзятарам тэрміналогіі, на стадыі 1/8 фіналу. Але гэта – цалкам нармальная гісторыя для новых клубаў у канкурэнтнай лізе, якім звычайна неабходна па меншай меры 4-5 сезонаў для таго, каб стаць на самай справе канкурэнтнымі (прыклад «Атланты», пра які мы ўжо казалі – гэта выключэнне, а не агульнае правіла).

🔹 Сувязь «Інтэра» з АПЛ не абмяжоўваецца персонай Бэкхэма – новы сезон стане для экс-граўца «Манчэстар Юнайтэд» і «Эвертана» Філа Нэвіла трэцім на пасадзе галоўнага трэнера каманды, а адным з партнёраў Крыўцова па лініі абароны стане выхаванец «Арсенала» Кіран Гібз, які калісьці нават правёў дзесяць матчаў за нацыянальную зборную Англіі. Эквадорац Леанарда Кампанья, які забіў 11 мячоў у мінулым сезоне МЛС, а ў міжсезонне стаў гульцом «Інтэра» на пастаяннай аснове (раней выступаў на правах арэнды), лічыўся ў «Вулверхэмптане» – але ніводнага матчу за першую каманду «ваўкоў» ні ў АПЛ, ні ў кубкавых турнірах так і не правёў.

🔹 Галоўнай менавіта амерыканскай зоркай «Інтэра» з'яўляецца іншы флангавы абаронца – некалі вельмі перспектыўны Дэандрэ Едлін, які ў пачатку прафесійнай карʼеры запальваў у «Сіэтле», а затым правёў некалькі нядрэнных сезонаў у АПЛ за «Сандерлэнд» і «Ньюкасл» (спачатку яго падпісваў наогул «Тотэнхэм», але там ён не зайграў). Калі падчас сезону выпадкова ці акцэнтавана натыкнецеся на матчы Маямі, абавязкова звярніце на яго ўвагу: Едлін выпальвае правы край і заўсёды з вялікім натхненнем падключаецца да нападаў уласнай каманды.

🔹 За два тыдні да падпісання кантракту з Крыўцовым «Інтэр» правёў, напэўна, самы галоўны трансфер у сваёй гісторыі – заключыў пагадненне з 29-гадовым венесуэльскім нападнікам Джозэфам Марцінесам. Гэта – сапраўдны супертоп па стандартах МЛС: за шэсць сезонаў у складзе «Атланты» (фактычна нават за пяць, таму што 2020 год цалкам прапусціў з-за траўмы калена) ён забіў 98 мячоў у 134 паядынках лігі, а яго звязка з Альміронам шматгадовай даўнасці была проста-такі забойнай. Яго падпісалі фактычна на замену Гансала Ігуаіну, які абвясціў аб завяршэнні прафесійнай кар'еры пасля мінулага сезону. І шмат у чым ад яго выніковасці будзе залежаць лёс усяго сезону для каманды.

🔹 На гэтым трансферная кампанія «Інтэра» наўрад ці завершыцца. Па стане на сёння ў клуба ёсць адзін свабодны слот пад гульца, чый кантракт можна не ўключаць пад столь заробкаў (гэта значыць, фактычна, пад яшчэ адну зорку), а яшчэ адзін займае мексіканскі вінгер Радольфа пісара, на якога ў камандзе нібыта не вельмі разлічваюць. У студзені ён вярнуўся ў ЗША з «Мантэрэя», дзе гуляў на правах арэнды – і не напрацаваў на выкупе ўласнага кантракту, адзначыўшыся ўсяго толькі двума асістамі ў 19 сустрэчах мясцовага чэмпіянату. Калі арганізацыя вырашыць развітацца з ім, гэта вызваліць яшчэ адзін зорны слот – і шляхоў да рэальнага ўзмацненню складу да пачатку новага сезону стане яшчэ больш.

🔹 Рэгулярны чэмпіянат-2023 «Інтэр» адкрые 25 лютага матчам супраць «Манрэаля» – і згуляе ў сезоне агулам 34 туры. Каб выйсці ў плэй-оф, трэба займаць прынамсі сёмае месца ва Усходняй канферэнцыі (усяго там гуляюць 15 каманд, з якіх дзве канадскія – «Манрэаль» і «Таронта»), а першы радок гарантуе прамую пуцёўку ў чвэрцьфінал. Але нават пасля трансферу Марцінеса новая каманда Крыўцова не з'яўляецца адным з фаварытаў новага сезону МЛС – не ўваходзіць у топ-10 галоўных прэтэндэнтаў на чэмпіёнскі тытул па версіі букмекераў, а ў сваёй канферэнцыі, як і ў мінулым годзе, павінна фінішаваць шостай.

Фота: mlssoccer.com, Inter Miami CF/Twitter

Іншыя пасты карыстальніка